Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вадзім Мулерман


Вінцэсь Мудроў, Полацак У канцы шасьцідзясятых гадоў мінулага стагодзьдзя на эстраднай сцэне пачалася перабудова. Поруч зь песьнямі грамадзянскага зьместу, што ўслаўлялі партыю, армію і камсамол, стала прыжывацца напеўная лірыка. Адным з прарабаў песеннай перабудовы быў Вадзім Мулерман.

Першым разам ён заявіў пра сябе вясёлай песенькай пра караля, які, пабіты, на мыліцах, вяртаўся з вайны. Песенька займела “саракапятку” – монаўскую кружэлку на сорак пяць абаротаў, - і ўелася ў памяць няўцямным прыпевам: “Терьям-терьям-рими-терьям”. Наступныя песьні Мулермана панурылі слухачоў у празрыстую глыбіню юначага каханьня і мінорнай адзіноты. “Подрастают наши младшие сестрё-онки…” – сьпяваў, правакуючы настальгічныя ўздыхі, Вадзім Мулерман. “Детство моё постой…” – руладзіў сьпявак, выціскаючы сьлязіну ў пяцідзесяцігадовых кабетаў.

У 1968 годзе Вадзім Мулерман выканаў, як потым высьветлілася, даволі неабачліва, песеньку, якая вяртала да жыцьця забытае слова “лада”. “Хмуриться не надо, лада; хмуриться не надо, лада…” – аксамітны мулерманаўскі барытон апавіў тады ўсю краіну. Больш таго, зь лёгкай рукі аўтара тэксту – паэта Міхаіла Пляцкоўскага, падзабытым словам “Лада” сталі называць сьпеўныя квартэты і сэкстэты, пральныя машыны, прагулачныя вадаплавы, нарэшце, малалітражныя аўтамабілі. Але і гэта яшчэ ня ўсё: Ладамі сталі называць нованароджаных дачок.

Яшчэ адну папулярную мулерманаўскую песьню круцілі на танцах. “А любовь то есть, оказывается-а! Есть!” – з жарсьцю выдыхаў сьпявак, і заўсёднікі танцпляцовак хорам падпявалі: “Есть… на пузе шерсть!” Згадвалі, праўда, і іншыя часткі цела.

Сьпявак часьцяком зьяўляўся на эстрадзе са сваёй жонкай: сьпявачкай Веранікай Кругловай. Іхны дуэт уяўляў гарманічны сымбіёз густога барытону і гарэзьлівага сапрана. “Ла-ла-ла-ла; ля-ля-ля-ля-ля-ля”, -- лагодзіла слых сямейная пара, аднак сьпяваць ёй давялося нядоўга. Нечакана Вадзім і Вераніка зьніклі з тэле- і радыёэтэру. Надарылася гэта з 1971 годзе. І самай яскравай праявай зьнікненьня стаўся факт перазапісу мулерманаўскай песьні “Трус не играет в хоккей”. Цепер, напярэдадні хакейных матчаў, публіку ў палацах спорту вітаў аптымістычны голас Эдуарда Хіля. Усё сьведчыла за адно: дуэт падаўся на Захад.

Летась выпадкова ўбачыў на тэлеэкране незнаёмага мужчыну сталага ўзросту. Ён распавядаў, як працаваў таксыстам у Нью-Ёрку, як падпрацоўваў сьпевамі ў кавярнях. Нарэшце, на просьбу вядоўцы праграмы, падняўся з крэсла, засьпяваў, і я, разам з тысячамі іншых гледачоў свайго веку, прашаптаў: “Вадзім Мулерман”.
XS
SM
MD
LG