Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігнат Дварчанін. 8.6.1895, в Погіры (цяпер Дзятлаўскі раён) — 8.12.1937, Салаўкі


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Беларусь наша сьвятая Чагось думая, маўчыць, Нібы сьніць сабе, ня дбае, І ня просіць, не крычыць. Загукай усім ты моцна, Што жывеш на сьвеце ты, Што й табе прыйшла свабода, Што ня хочаш крыўды ты. Пад свой сьцяг бел-чырвон-белы Пасклікай усіх сыноў, Параскіданых па сьвеце, Каб зьбіраліся дамоў!

Не, гэта не радкі зь нядаўніх нумароў газэты “Народная воля”. Працытаваны верш зьявіўся ў друку ў 1917 годзе ў менскай газэце “Вольная Беларусь”. Маладога паэта звалі Ігнат Дварчанін. (Менавіта так спрадвеку вымаўлялі гэтае прозьвішча на яго роднай Гарадзеншчыне). Яму нядаўна споўнілася дваццаць гадоў. Вярнуўшыся зь Першай сусьветнай вайны, ён апынуўся ў Менску і назаўсёды зьвязаў жыцьцё зь беларускім нацыянальным рухам. Удзел у зьезьдзе беларускіх вайскоўцоў Заходняга фронту. Праца ў Беларускай вайсковай радзе. Зьезд Грамады. Потым — Першы Ўсебеларускі зьезд, у часе разгону ягога бальшавікамі Дварчанін трапіў пад арышт...

Улада ў Беларусі мянялася, быццам узоры ў дзіцячым калейдаскопе, але незалежна ад таго, чые сьцягі й партрэты вывешвалі на вуліцах, беларускім патрыётам жылося трывожна. Дварчанін адчыніў у родных мясьцінах прыватную беларускую школку, стварыў тэатральны гурток і хор. Зроблена дастаткова, каб трапіць у польскі канцлягер. Калі прыходзіць Чырвоная Армія, ён робіцца супрацоўнікам наркамату асьветы, але хтосьці наверсе лічыць, што гэтага высокалюбага беларуса лепей адправіць на фронт. Ігнат ня мае аніякае ахвоты займацца экспартам рэвалюцыі. Ён пераходзіць лінію фронту і зьяўляецца ў Вільні. Працуе ў Беларускім нацыянальным камітэце. У 1921-м прыязджае на беларускую палітычную канфэрэнцыю ў Прагу.

У чэскай сталіцы яму ўсьміхаецца ўдача. Ён становіцца студэнтам старажытнага Карлавага ўнівэрсытэту, абараняе доктарскую дысэртацыю, якая стала першай манаграфіяй, напісанай пра Францішка Скарыну беларускім аўтарам. Разам з навуковымі штудыямі Дварчанін узначальвае Саюз беларускіх студэнтаў у Чэхаславакіі.

Прыехаўшы празь некалькі гадоў у Вільню, ён адразу робіцца прыкметнай асобаю ўсяго нацыянальнага руху на заходнебеларускіх землях. Выхаванцы Віленскай беларускай гімназіі захапляюцца ягонымі ўрокамі роднае мовы. у 1927-м ён выдае “Хрэстаматыю новай беларускай літаратуры”, якую ў БССР заносяць у чорныя сьпісы і хаваюць у спэцфонды. Дварчаніна абіраюць дэпутатам польскага Сойму ад Наваградзкай акругі. Ягоная палітычная дзейнасьць у абароне нацыянальных правоў беларусаў прыводзіць да арышту. Два гады зьняволеньня і нарэшце — свабода ў выніку абмену палітвязьнямі паміж Польшчай і СССР.

Аднак жыцьцё ў краіне саветаў наўрад можна было назваць свабодай. Некалькі месяцаў Дварчанін узначальваў Інстытут мовазнаўства Беларускай Акадэміі навук. У жніўні 1933-га па яго прыйшлі. Падстава — дзейнасць у антысавецкім “Беларускім нацыянальным цэнтры”, якога насамрэч не існавала. Расстрэл замянілі дзесяцьцю гадамі пазбаўленьня волі. На Салаўках і “Беламорканале” знакаміты вучоны лічыць дні, якія застаюцца да заканчэньня яшчэ бясконца доўгага тэрміну, а ў кабінэтах НКВД вядуць свой падлік. У 1937-м чэкісцкая “тройка” пераглядае справу і выносіць новы, гэтым разам канчатковы прысуд — расстрэл.

Праз 20 гадоў Ігнат Дварчанін будзе цалкам рэабілітаваны. У паведамленьні пра гэта сваякі не знойдуць нават казённых слоў спачуваньня.
XS
SM
MD
LG