Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалая Аўтуховіча могуць асудзіць на тэрмін ад 3 да 9 гадоў


Радыё Свабода Закончылася судовае сьледзтва па крымінальнай справе супраць прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча й ягонага калегі Юрыя Лявонава. Днямі ім выставілі новае абвінавачаньне, паводле якога пакараньне мае быць больш жорсткім — ад трох да дзесяці гадоў зьняволеньня, раней Аўтуховіч мог разьлічваць нават на “хімію”.

Заўтра адбудуцца спрэчкі бакоў, а потым будзе падрыхтаваны прысуд. Сёньня на працэсе ў Кастрычніцкім раённым судзе Горадні прысутнічаў наш карэспандэнт.

Мікалая Аўтуховіча даставілі ў суд са спазьненьнем на паўгадзіны й пасадзілі ў клетку. Ягоны твар быў бледны, а сам ён схуднеў. Падсуднага трымаюць за кратамі два з паловай месяца. Ён ад самага пачатку абвясьціў галадоўку, а пры канцы траўня — сухую. Пасьля гэтага судовы працэс прыпынілі, а недахоп вадкасьці ў арганізьме яму аднаўлялі мэдыкі, ставячы кропельніцы. Пазьней ён стаў піць ваду, а днямі пачаў выходзіць з галадоўкі, сябры перадаюць яму ў турму ягады, мяккае печыва, кашу ў пакетах. Паводле некаторых зьвестак, адмаўляючыся ад турэмнай ежы, Мікалай Аўтуховіч падтрымліваў свой стан, дадаючы ў гарбату мёд.

У зьвязку з новым абвінавачаньнем, значна павялічылася сума, якую пракурор прапануе спагнаць з Аўтуховіча, а таксама зь ягонага калегі Лявонава. Суму агучыў у пазоўным патрабаваньні пракурор Яўген Шчарбак. Яна ўзрасла амаль утрая — да 1 мільярда 132 мільёнаў рублёў. Маўляў, Аўтуховіч займаўся незарэгістраванай прадпрымальніцкай дзейнасьцю, а таму зь яго трэба спагнаць усю атрыманую ім выручку. Абодва падсудныя патрабавалі, каб ім далі копію пазову. Напрыклад, Мікалай Аўтуховіч зазначыў, што яму трэба мець гэты дакумэнт, каб падрыхтаваць свае пярэчаньні. Аднак пракурор Шчарбак сказаў, што паводле закону ён мае права вусна прад’явіць пазоў і не абавязаны яго падаваць у пісьмовым выглядзе. Юры Лявонаў назваў суму, якую прапануецца спагнаць зь іх з Аўтуховічам, “вар’яцкай”.

Калега Мікалая Аўтуховіча Ўладзімер Асіпенка гаворыць пра свае ўражаньні ад судовага паседжаньня:

(Асіпенка: ) “Сёньня судзьдзя абвясьціў, што судовае сьледзтва закончанае. Фактычна мы зразумелі (зрэшты, гэта асабіста маё меркаваньне), што прысуд можа быць зачытаны ў найбліжэйшы час, хоць заўтра. Пагатоў, што дзяржаўны абвінаваўца гатовы быў сёньня распачынаць спрэчкі бакоў і выступіць са сваёй прамовай. Таму мы чакаем заканчэньня падзеяў у найбліжэйшы час”.

Судзьдзя Мікалай Рачынскі адклаў спрэчкі да заўтрашняй раніцы.

Цяпер у абвінавачаньні супраць Мікалая Аўтуховіча тры артыкулы Крымінальнага кодэксу: 243, частка 2 (які быў адпачатку) — ухіленьне ад выплаты падаткаў са стратамі для бюджэту ў асабліва буйным памеры; 233, частка 2 — ажыцьцяўленьне прадпрымальніцкай дзейнасьці без рэгістрацыі, без атрыманьня ліцэнзіі; 424, частка 3І — падбухторваньне (Юрыя Лявонава) да выкарыстаньня службовага становішча ў карысьлівых мэтах.

Мінулай восеньню Мікалая Аўтуховіча арыштавалі на час сьледзтва, ён абвясьціў галадоўку і за 74 дні страціў прыблізна 38 кіляграмаў. Пасьля гэтага яму зьмянілі меру стрыманьня й перавялі пад хатні арышт, які ён адбываў у сябе дома у Ваўкавыску. Празь некаторы час ён уцёк, яго два месяцы шукалі й затрымалі напачатку красавіка ў Менску.

Мікалай Аўтуховіч, маючы два дзясяткі таксовак, наймаў кіроўцаў у фірме “Ніка-транс”, якой кіруе Юры Лявонаў. Абвінаваўчы бок мяркуе, што тым самым Аўтуховіч працаваў незаконным чынам і не заплаціў усіх падаткаў.
XS
SM
MD
LG