Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Артур Фінькевіч: “Еду на “хімію” — і асабліва не хвалююся”


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня зь Менску на месца адбыцьця пакараньня — у Магілёўскую спэцкамэндатуру — накіраваўся адзін зь лідэраў “Маладога фронту” 21-гадовы Артур Фінькевіч. Яго пакаралі двума гадамі абмежаваньня свабоды за графіці палітычнага зьместу — “Достал” і “Мы хочам новага”. У часе выбарчай кампаніі Артур Фінькевіч правёў амаль тры месяцы за кратамі сьледчага ізалятару. У дзень ад’езду на “хімію” з Артурам Фінькевічам пагутарыў наш карэспандэнт.

(Карэспандэнт: ) “Артур, як вы правялі свой апошні дзень перад “хіміяй”?”

(Фінькевіч: ) “Зьбіраў рэчы з раніцы. Цяпер хадзіў на кірмаш, набыў там патэльню й электрычны гарбатнік, яшчэ там тое-сёе. Некалькі сустрэчаў было, каб паразмаўляць, вырашыць некаторыя нашы пытаньні маладафронтаўскія. Можа, няхутка пабачымся, з нармалёвай магчымасьцю паразмаўляць”.

(Карэспандэнт: ) “А што вы ўзялі з сабой на “хімію”? Вы ўжо пералічылі некаторыя рэчы...”

(Фінькевіч: ) “Браў кнігі, вопратку, нейкую ежу хуткага прыгатаваньня. Я думаю, што рукі ня будуць даходзіць там нешта варыць. Пасьля ўжо, можа, у вёсцы там можна будзе бульбы набыць ці малака. Я ніколі ня жыў у вёсцы, але відаць па ўсім, давядзецца пажыць. Гэта ў прынцыпе насамрэч карысна: паглядзець, як жывуць людзі, і проста паспрабаваць пераконваць якраз той электарат, які галасаваў за Лукашэнку. Там ён набіраў больш, чым у Менску, — гэта факт”.

(Карэспандэнт: ) “Якія кніжкі ўзялі з сабой?”

(Фінькевіч: ) “Узяў Біблію, кнігу Зьбігнева Бжэзіньскага, кнігу Паўла Севярынца “Пакаленьне “Маладога фронту”, “Доўгая дарога дадому” Быкава…”

(Карэспандэнт: ) “У нас даволі многа “хімікаў”, палітычных. Магчыма, нейкі досьвед іхны будзеце скарыстоўваць?”

(Фінькевіч: ) “Я ў свой час неаднойчы езьдзіў да Пашы Мажэйкі ў Жлобін. Таму першае, што я наконт “хіміі” даведаўся, гэта было недзе ў 2002 годзе. Тое, у якіх умовах жыве і працуе Паша Севярынец, я гэта бачыў на свае вочы. Зразумела, там проста нічога казаць ня трэба. Там антычалавечыя ўмовы. Відавочна, што гэта рэальная ссылка. Гэта як Калыма ў савецкі час. Толькі што гэта называецца “абмежаваньне волі”, але… тут абмежаваньне волі можна параўнаць з ГУЛАГам”.

(Карэспандэнт: ) “А як ставіцеся да прысуду і пакараньня, што далі вам?”

(Фінькевіч: ) “Безумоўна, я ня згодны з гэтым прысудам. Але ўлічваючы тое, што адбываецца ў нашай краіне, тое, што пры ўладзе дыктатар, што ў нас не бывае ніводнага, фактычна, апраўдальнага прысуду... Але, тое, што павінны былі даць — гэта зразумела. Палічыўшы, што ў прынцыпе лепш зачысьціць, каб я год дзе-небудзь пасядзеў, каб на наступную вясну не патрапіў… Можа быць, паламаць, можа, паспрабаваць прымусіць мяне зьехаць, але я ня зьехаў і не зьбіраюся зьяжджаць… Еду і еду на “хімію” — я асабліва не хвалююся. Ня я першы і не апошні. Спадзяюся, канечне, што я апошні, было б вельмі добра, але… Я перакананы, што цягам бліжэйшага году сытуацыя ў Беларусі памяняецца кардынальным чынам”.

(Карэспандэнт: ) “Як вы разьвіталіся з вашымі роднымі, блізкімі, сябрамі? Чаго яны вам пажадалі?”

(Фінькевіч: ) “Хутчэй пабачыць пажадалі. У прынцыпе, нармалёвы настрой як бы. Еду з высока ўзьнятай галавой, з нармалёвымі думкамі. Я перакананы, што нават там ад мяне будзе карысьць. Паўсюль трэба жыць і з высока ўзьнятай галавой дзейнічаць і даносіць да людзей тое, што мы павінны даносіць”.

На “хіміі” за арганізацыю вулічных дэманстрацыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму 2004 году адбываюць пакараньні Мікола Статкевіч і Павал Севярынец; Андрэй Клімаў — за арганізацыю дэманстрацыі 25 сакавіка пад лёзунгамі адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG