Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Коласаўскі ліцэй працуе ў Польшчы


Любоў Лунёва, Менск Нацыянальны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа пачаў навучальны год у Варшаве. Польскі бок паспрыяў, каб другі год запар калектыў ліцэю меў неабходны для навучаньня будынак і абсталяваныя клясы для паўнавартаснай вучобы. Вакацыі ў ліцэістаў будуць у верасьні. Ад 1 кастрычніка яны працягнуць навучаньне ў Беларусі.

Сёньня ў коласаўскім ліцэі прайшлі першыя заняткі ў Варшаве. Польская амбасада ў Беларусі і Клюб польскай каталіцкай інтэлігенцыі паспрыялі, каб ліцэй, які ад 2003 году існуе ў нелегальных умовах, меў усё неабходнае для навучаньня. У Польшчы знаходзяцца каля сотні ліцэістаў і выкладчыкаў. Апроч заняткаў, калектыў будзе мець цікавыя сустрэчы й экскурсіі. Гаворыць дырэктар ліцэю Ўладзімер Колас:

(Колас: ) “У праграме візыты: наведваньне польскага Сойму й сустрэча з амбасадарамі, дэпутатамі польскага парлямэнту. Наведваньне польскай тэлевізіі й курсы журналістыкі ў “Газэце выборчай”; наведваньне Польскага трыбуналу. Група ліцэістаў, якая вывучае ахову навакольнага асяродзьдзя, наведае Белавескую пушчу. Тыя, хто спэцыялізуюцца па гісторыі, будуць удзельнічаць у сьвяткаваньні ўгодкаў Грунвальдзкай бітвы й наведаюць Грунвальдзкае поле. Таксама ліцэісты будуць у музэях мастацтва, на выставе Фэрнана Лежэ. Адбудуцца іншыя вельмі цікавыя мерапрыемствы”.

Нягледзячы на тое, што ліцэй дэ-юрэ зьліквідаваны ўладамі, бацькі па-ранейшаму імкнуцца аддаць сюды сваіх дзяцей. Пасьля экзамэнаў сёлета залічылі на першы курс дзьве групы навучэнцаў. Паводле выкладчыкаў, першакурсьнікі мусяць адчуць аўру ліцэю. Дзеля гэтага ім неабходна нейкі час вучыцца разам зь іншымі вучнямі пад адным дахам. Гаворыць завуч Ірына Сідарэнка:

(Сідарэнка: ) “Мы вучымся ў такіх умовах, калі дзецям не хапае лябараторыяў. Асабліва гэта тычыцца фізыкі, хіміі, фізультуры. Таму мы, як і летась, прыехалі сюды й будзем вучыцца ў адным будынку. Адзіны дом, адзіны дах над галавой… Мы ў гэтым годзе папоўніліся новымі вучнямі, і традыцыі, якія склаліся ў ліцэі, мы будзем імкнуцца захаваць. Цяпер нам ёсьць каму іх перадаваць”.

У Польшчы навучэнцы будуць мець шэраг сустрэчаў з польскімі журналістамі. Пры канцы ліпеня адбудзецца прэзэнтацыя дакумэнтальнага фільму пра ўнікальны ліцэй вядомага польскага кінадакумэнталіста Мірэка Дымбіньскага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG