Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне студэнтаў: ці сталі людзі менш баяцца выказваць свае думкі?


Радыё Свабода Мінула сто дзён, як моладзь выступіла з адкрытым пратэстам на Кастрычніцкай плошчы Менску. Як, на вашую думку, гэта паўплывала на становішча ў краіне? Ці сталі людзі менш баяцца выказваць свае думкі? Гэтыя пытаньні менскім студэнтам задавала наша карэспандэнтка.

(Студэнт: ) “Я лічу, што ня варта баяцца выказваць свае думкі ўвогуле — і да гэтай плошчы, і пасьля яе. І хто хацеў выказаць сваё слова за ці супраць, ён гэта зрабіў. І цяпер, я лічу, што хто баяўся, той і будзе баяцца, ён туды не пайшоў. А хто не баяўся, то выказаў сваю думку ўжо тады”.

(Студэнтка: ) “Пратэст гэты, па сутнасьці, нічога не зьмяніў. Людзі выказалі свае думкі, але гэта было ня масава. І гэтым пратэстам яны нічога не дабіліся й нічога не даказалі”.

(Студэнт: ) “Я лічу, што гэта паўплывала на сытуацыю ў краіне, бо людзі сталі больш актыўныя. Цяжка сказаць, ці ўсе людзі цяпер могуць больш адкрыта выказваць свае думкі. Некаторых спалохалі тыя факты затрыманьняў, але ўсё ж такі нешта гэта дало”.

(Студэнтка: ) “На той момант сярод студэнтаў былі такія хваляваньні, усе былі натхнёныя й зьбіраліся ўсё зьмяніць. Але прайшоў час, і ўсё стала цішэй. Здаецца, гэта ня надта нешта зьмяніла”.

(Студэнт: ) “Гэта, канечне, паўплывала на грамадзтва, бо было паказальна, што ёсьць людзі, якія гатовыя ахвяраваць працай і вучобай дзеля свабоды радзімы. І гэта, пэўна, многіх натхніла”.

(Студэнтка: ) “Калі людзі былі сапраўднымі патрыётамі, то яны не зьмянілі сваіх меркаваньняў, якімі яны былі, такімі й засталіся”.

(Карэспандэнтка: ) “Як, на вашую думку, гэта паўплывала на становішча ў краіне? Ці сталі людзі менш баяцца выказваць свае думкі?”

(Студэнт: ) “Магчыма, у нейкай ступені й паўплывала, бо відавочна, што нейкі пратэст у грамадзтве прысутнічае, нейкая нязгода ёсьць. І я думаю, што ўладзе давяраюць далёка ня ўсе”.

(Студэнтка: ) “Я лічу, што ў краіне ўвогуле ніякіх зьменаў не адбылося, але нейкія асобныя людзі зьмянілі свае думкі й перагледзелі свае погляды адносна нашай улады й нашай краіны”.

(Студэнт: ) “Па-мойму, людзі ня сталі больш сьмелыя — наадварот, сталі больш запалоханыя. Пасьля таго, як многіх арыштоўвалі, выключалі з унівэрсытэтаў. Таму, я думаю, што сьмеласьці людзям не дадалося”.

(Студэнт: ) “На мой погляд, тыя, хто баяўся выказвацца, яны й засталіся са сваімі поглядамі й са сваім страхам. А тыя, хто выказваліся, тыя будуць выказвацца й надалей. І моладзь становіцца больш адкрытая і больш жорстка пачынае выказваць пратэст”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG