Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер-міністар Швэцыі прыняў лідэраў беларускай апазыцыі


Радыё Свабода Сёньня былы кандыдат на прэзыдэнта Беларусі ад аб''яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч, а таксама лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка і старшыня АГП Анатоль Лябедзька сустрэліся ў Стакгольме з кіраўніком ураду Швэцыі Ёранам Пэрсанам.

Нягледзячы на пару адпачынкаў і сьпёку, сёньня падчас сустрэчы зь лідэрамі беларускай аб’яднанай апазыцыі Аляксандрам Мілінкевічам, Вінцуком Вячоркам ды Анатолем Лябедзькам у залі Стакгольмскага грамадзкага інстытуту замежных справаў не было ніводнага вольнага месца. З прамовы былога кандыдата на прэзыдэнта Беларусі й адказаў на пытаньні пачаўся візыт у Швэцыю дэлегацыі дэмакратычнай апазыцыі.

Спадар Мілінкевіч паведаміў па тэлефоне са Швэцыі, што галоўным пунктам двухдзённай праграмы стала сустрэча з кіраўніком ураду Швэцыі Ёранам Пэрсанам:

(Мілінкевіч: ) “Літаральна пяць хвілінаў таму выйшлі ад яго. Мы гаварылі пра тое, якая цяпер сытуацыя ў Беларусі, як мы бачым сваю далейшую працу, адзначалі, што зроблены толькі першы крок, а трэба зрабіць яшчэ некалькі. Многа гаварылі пра дачыненьні Беларусі й Расеі. Гаварылі пра супрацоўніцтва з Эўразьвязам, пра ўдзел Швэцыі ў праграме салідарнасьці з дэмакратычнай Беларусьсю. Таксама закранулі вельмі важную тэму — удзел беларускай грамадзянскай супольнасьці ў праграме разьвіцьця супрацоўніцтва ў Балтыёскім рэгіёне. У Швэцыі да іх адносяць ня толькі тыя дзяржавы, што непасрэдна знаходзяцца ля Балтыйскага мора, але і некаторыя іншыя — прынамсі й Беларусь. Яна, на жаль, у такім супрацоўніцтве ня ўдзельнічае, а яны вельмі б хацелі, асабліва ў праграме “Народ — з народам”.

(Карэспандэнт : ) “І ёсьць нейкія пэрспэктывы?”

(Мілінкевіч: ) “На ўзроўні прэм’ер-міністра вырашаюцца, так бы мовіць, дырэктыўныя пытаньні. Цяпер пачнуцца яшчэ сустрэчы ў парлямэнце, а парлямэнт у Швэцыі вельмі важная ўстанова, паколькі яна выбірае прэм’ера. І будзе сустрэча з Агенцыяй міжнароднага супрацоўніцтва, якая вядомая сваёй працай, у тым ліку і ў Беларусі”.

А.Лябедзька вяртаецца на радзіму, а два астатнія сябры дэлегацыі яшчэ будуць удзельнічаць у штогадовай міжнароднай канфэрэнцыі ў Тальбарзе, на якой абмяркоўваецца сытуацыя ў Эўропе.
XS
SM
MD
LG