Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Я.Раманчук: “У Рады Эўропы няма інструмэнтаў, каб паўплываць на Беларусь”


Ганна Соўсь, Менск Ці адбудзецца візыт у Беларусь старшыні Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Рэнэ Ван дэр Ліндэна? І як прадстаўнікі беларускіх уладаў і апазыцыі ставяцца да ініцыятывы Рады Эўропы наладзіць дыялёг з Нацыянальным сходам?

Старшыня Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Рэнэ Ван дэр Ліндэн заявіў пра гатовасьць наведаць Беларусь пры ўмове, што праграма візыту будзе ўзгодненая абодвумі бакамі. Як адзначыў старшыня ПАРЭ падчас сустрэчы зь беларускімі журналістамі ў Страсбуры, пытаньне візыту ў Беларусь знаходзіцца на стадыі дыскусіі, і адной з умоваў паездкі павінна стаць запрашэньне наведаць Беларусь ад імя старшыні Палаты прадстаўнікоў.

Ці запросяць афіцыйна старшыню ПАРЭ наведаць Беларусь, і як Міністэрства замежных справаў Беларусі ставіцца да прапановы Ван дэр Ліндэна правесьці спэцыяльную канфэрэнцыю ў беларускім пытаньні? Адказваючы на гэтае пытаньне Радыё Свабода, начальнік упраўленьня інфармацыі МЗС Беларусі Андрэй Папоў адзначыў наступнае:

(Папоў: ) “Што тычыцца канфэрэнцыі ў беларускім пытаньні, нічога афіцыйнага на гэты конт мы пакуль не атрымлівалі. Таму, мне здаецца, весьці гаворку пра нейкія канкрэтныя рэчы ў дадзены момант дачасна. Што тычыцца магчымага візыту ў нашую краіну старшыні ПАРЭ Ван дэр Ліндэна, то нам здаецца, што гэтае пытаньне вартае абмеркаваньня, але зноў жа, на дадзеным этапе мы лічым, што пакуль камэнтаваць гэтыя пытаньні шырока дачасна, і няма ніякіх падставаў для гэтага”.

Прадстаўнік МЗС адзначыў, што пытаньні супрацоўніцтва Беларусі з Радай Эўропы — гэта найперш пытаньні ў кантэксьце супрацоўніцтва паміж Нацыянальным сходам і гэтай эўрапейскай структурай.

Прапанову старшыні ПАРЭ правесьці спэцыяльную канфэрэнцыю ў беларускім пытньні падтрымаў сьпікер верхняй палаты расейскага парляманту Сяргей Міронаў, які гэтаксама заявіў пра неабходнасьць маштабнага ўключэньня Беларусі ў Раду Эўропы ды іншыя эўрапейскія структуры.

Намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук лічыць, што беларускія ўлады могуць скарыстаць візыт старшыні ПАРЭ ў Беларусь для легітымізацыі рэжыму:

(Раманчук: ) “У Рады Эўропы, безумоўна, няма ніякіх інструмэнтаў для таго, каб паўплываць на Беларусь, але той факт, што Расея значна павысіла сваю ролю ў гэтай арганізацыі (яна цяпер на чале рады міністраў Рады Эўропы), сьведчыць аб тым, што Ван дэр Ліндэн змушаны будзе нейкім чынам нешта рабіць, каб вырашыць беларускае пытаньне. Тое, што гаворыць Ван дэр Ліндэн, — гэта спроба аднаго з эўрапейскіх палітыкаў яшчэ раз паспрабаваць наладзіць дыялёг з Лукашэнкам. У кантэксьце канфлікту Лукашэнкі з Крамлём гэта можа мець свой рэзананс, але я ня думаю, што гэта нейкі стратэгічны кірунак”.

А паводле палітоляга Аляксея Кароля, візыт Рэнэ Ван дэр Ліндэна ў Беларусь мог бы прынесьці плён толькі пры ўмове, калі б ён спалучыўся з пэўнымі захадамі беларускіх уладаў дзеля дэмакратызацыі Беларусі, у тым ліку ў пастаноўцы пытаньня аб правядзеньні датэрміновых выбараў паводле дэмакратычных стандартаў.

Раней старшыня ПАРЭ Рэнэ Ван дэр Ліндэн заявіў, што “Радзе Эўропы неабыякавая будучыня Беларусі”, і што ён асабіста выступае супраць ізаляцыі Беларусі. Нягледзячы на санкцыі з боку Эўразьвязу, на мінулую сэсію ПАРЭ былі накіраваныя запрашэньні старшыню беларускага парлямэнту і лідэру апазыцыі, але яны не прыбылі ў Страсбур з розных прычынаў, заявіў Рэнэ ван дэр Ліндэн.
XS
SM
MD
LG