Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцызныя маркі ў Беларусі зьявяцца нават на імпартным абутку


Ігар Карней, Менск На рашэньне беларускага ўраду штогоду ўсё новыя віды прамысловых і харчовых тавараў трапляюць у шэраг падакцызных. На практыцы гэта азначае, што імпартэрам даводзіцца плаціць дадатковыя зборы ў дзяржаўны бюджэт, што ўрэшце адбіваецца на цэнах у крамах. Чым кіруюцца ініцыятары такіх захадаў?

Як патлумачылі ў Міністэрстве эканомікі, асобны таварны асартымэнт бярэцца пад асаблівы нагляд дзяржавы дзеля кантролю якасьці прадукцыі, якая ўвозіцца з-за мяжы. Аднак экспэрты ў гэтым выпадку прасочваюць тэндэнцыю: пад акцызы і зборы падпадаюць, перадусім, тыя тавары, аналягі якіх асвоіла беларуская вытворчасьць.

Прыкладам, пачаў завод “Гарызонт” выпускаць пыласосы, адразу ж немагчыма стала свабодна прывезьці аналягічны тавар з-за мяжы (зрэшты, можна, але за 30 дадатковых эўра за кожную адзінку). Наладзіў прадукаваньне пральных машынаў “Атлянт” — абклалі адпаведнымі мытамі пастаўшчыкоў аналягічнай замежнай тэхнікі. Папрасілі абароны беларускія вытворцы мэблі — і ім пайшлі насустрач. Нават спробы асвоіць высокія тэхналёгіі з боку прадпрыемства “Інтэграл” адрэзанавалі на тым, што “растаможка” ноўтбуку каштуе амаль 200 эўра. Ня кажучы ўжо пра самыя стратэгічныя тавары — алькаголь і тытунь, якія першымі ўзялі на сябе “акцызны ўдар”. Як разьвіваліся падзеі, згадвае юрыст Алег Макаў:

(Макаў: ) “Пачыналася ўсё з маркіроўкі піва. Потым сталі маркіраваць машынную аліву, газіроўку і алей. Далей — парфуму як прадукцыю, што ўтрымлівае сьпірт. Нарэшце, пастановай № 669 заплянаванае ад 7 сьнежня 2006 году абавязковае пазначэньне кантрольнымі маркамі ўсяго замежнага абутку. На звычайных пакупніках, як падаецца, найбольш адаб’юцца кошты на парфуму і абутак. Канечне, усё будзе істотна даражэй”.

Плян абароны айчыннага рынку ад замежнай абутковай экспансіі распрацаваны з ініцыятывы канцэрну “Беллегпрам”. Ужо некалькі гадоў той жа “Беллегпрам” настойліва просіць ўрад абараніць і іншыя прадпрыемствы лёгкай прамысловасьці — цяпер ужо ад таннай вопраткі, якая праз Расею пастаўляецца з Кітаю. Прадстаўніца фабрыкі “Элема” Алена Іванова наўпрост пацьвярджае: усе спробы канкураваць з замежнікамі ў коштах Беларусь пакуль прайграе.

(Іванова: ) “Мы стараемся, робім штосьці сваё, імкнемся шыць усё прыгажэй і прыгажэй, але падводзіць адно — цэнаўтварэньне. З улікам нашага падаткаабкладаньня, “растаможкі” тканіны, мы ня можам зрабіць цану меншай. А з-за мяжы прадукцыя ідзе нашмат таньнейшая”.

Разам з акцызамі шырока практыкуецца спагнаньне мытных плацяжоў. Супрацоўніца Міністэрства эканомікі Ірына Ганава кажа, што ведамства хадайнічала перад урадам, каб спрасьціць увоз у шэрагу пазыцыяў — перадусім, у частцы складанатэхнічнай прадукцыі, аднак паразуменьня не знайшлі. Таму чыноўніца пачала з парады:

(Ганава: ) “Паспрабуйце спачатку купіць беларускі тавар. Хоць я зыходзіла б з таго, што ўсё ж па-за рамкі трэба было вывесьці буйныя тавары, перадусім, складанатэхнічную прадукцыю, якая зьяўляецца інвэстыцыйнай. Калі, дапусьцім, набылі за мяжой камбайн, то, зразумела, яшчэ гадоў пятнаццаць будзеш набываць запчасткі й атрымліваць тэхнічнае абслугоўваньне ад вытворцы. Аднак урад вырашыў, што неабходна падтрымаць вытворцаў і ў іншых галінах, ня толькі складанатэхнічнай прадукцыі. Чаму? Ну, зразумейце: гэта дзяржаўныя грошы. А калі яны дзяржаўныя, то, адпаведна, гэта грошы падаткаплатнікаў”.

Спроба дастаўкі альбо гандлю падакцызным таварам без адпаведнай маркіроўкі прыраўноўваецца да кантрабанды, а тавар сканфіскоўваецца на карысьць дзяржавы.
XS
SM
MD
LG