Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБЛОГі беларускага Інтэрнэту за 28-га чэрвеня


Севярын Квяткоўскі Амеркаваньні актуальных навінаў, рэлігійныя і гістарычныя сайты...

На форумах парталу TUT.BY (news.tut.by/70385.html) кіпяць жарсьці вакол інфармацыі пра магчымую забарону продажу піва ў летніх кавярнях, якую агучыў старшыня Менгарвыканкаму Міхаіл Паўлаў, і які тлумачыць сваю пазыцыю барацьбой з падлеткавым алькагалізмам. Адзін з самых стрыманых камэнтароў ад карыстальніка пад нікам Алех: “Гэтай праблемай мусяць займацца бацькі і выхаваўчыя ўстановы, а не абмяжоўваць у правах спажыўца”.

На форумах сайту “Беларускага зямляцтва” Ізраілю (forum.souz.co.il/viewforum.php?f=7) абмяркоўваюць сытуацыю ў Беларусі.

Карыстальнік АлЬмЕpт піша: “У Беларусі самая спакойная абстаноўка. Ва ўсім сьвеце грымчаць тэракты, ліеца кроў, войны, мусульманскія бунты… А ў Беларусі ціша. Людзі сытыя, ва ўсіх ёсьць жытло, праца, аніякіх энэргетычных крызісаў. Людзі задаволеныя – а гэта галоўнае!”. Да аўтараў гэтага ды іншых падобных па настроі постынгаў зьвяртаецца карыстальнік valera212, які задае пытаньне: “Калі там у Беларусі так добра, чаму вы дагэтуль тут, у Ізраілі?”

На рэлігійным сайце “Нашы касьцёлы” (www.hramy.com) абнаўленьне. Стваральнікі выконваюць трымаюцца сваіх словаў: “Кожныя тыдзень абяцаем падаваць новыя сэнсацыі, ці арыгінальныя артыкулы”. Сьвежая інфармацыя датычыць Міхайлаўскага касьцёлу ў вёсцы Лужкі, які аказаўся падобным да аднатыпнага касьцёла ў Браціславе, што дагэтуль лічыўся адзіным паводле сваёй пабудовы: “Але ў нас такія два – касьцёл піяраў у Лужках і Андрэеўскі касьцёл у Слоніме”.

Аматарам гісторыі, а таксама прафэсіяналам-навукоўцам раю зазірнуць на старонку “Гісторыя Беларусі ІХ-XVIII стагодзьдзяў” (starbel.narod.ru). Праз пададзеныя лучывы можна выйсьці на дасьледаваньні беларускіх гісторыкаў Алеся Белага, Юрыя Гардзеева, Андрэя Кіштымава, а таксама шэрагу іншых. Тут зьмешчаныя спасылкі, на гістарычныя дакумэнты, а таксама на працы замежных гісторыкаў розных эпох, дзе закранаюцца пытаньні гісторыі Беларусі. Ва ўступе стваральнік сайту Алег Ліцкевіч піша: “Сайт – мая асабістая навукова-дасьледчая лябараторыя. Ад самага пачатку існаваньня сайту я высоўваў ідэю Нацыянальнага гістарычнага парталу. Ад гэтай ідэі не адмаўляюся”.

Аматары жывой гісторыі могуць адшукаць у сеціве галасы старэйшых людзей, якія памятаюць жыцьцё ад 1930-х гадоў, і нават. Напрыклад, на старонцы “Чароўны вазок” – інтэрнэт-вэрсіі аднайменнай праграмы, якая выходзіла на ФМ-станцыі “Радыё сталіца”. Няма ўжо ў ФМ-дыяпазаоне той станцыі, а інтэрнэт старонка (vazok.narod.ru) захоўвае сярод іншага інтэрвію зь сялянкай Верай Пановай, якая распавядае пра песьні свайго юнацтва.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG