Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Жлобіне будуць судзіць “маладафронтаўца”


Радыё Свабода Сёньня ў Жлобіне мае адбыцца суд над мясцовым актывістам моладзевага дэмакратычнага руху Эдуардам Зелянковым. Яго абвінавачваюць у прыналежнасьці да незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Сёньня таксама павінен прыбыць на месца адбыцьця пакараньня – у Магілёўскую спэцкамэндатуру – адзін зь лідэраў “Маладога фронту” Артур Фінькевіч, якога пакаралі двума гадамі абмежаваньня свабоды” за графіці палітычнага зьместу.

На 22-гадовага навучэнца Жлобінскага мэталюргічнага тэхнікуму Эдуарда Зелянкова заведзеная крымінальная справа. Падставай для яе стаў удзел моладзевага актывіста ў нядаўняй кампаніі па выбарах прэзыдэнта. Вось што паведаміў пра гэта сам Эдуард:

(Зелянкоў: ) “Перад выбарамі я наносіў графіці “За свабоду!”, “За Мілінкевіча!”, а падпісваў усё гэта “Малады фронт”, за што на мяне завялі крымінальную справу па двух артыкулах. Гэта – “хуліганства” і “дзейнасьць у незарэгістраваных арганізацыях”. Два з паловай месяцы мяне не выклікалі. Ні аб чым не пыталі і вось 1 чэрвеня мне патэлефанаваў сьледчы Цэнтральнага УУС горада Гомеля і запрасіў на допыт. Празь некалькі дзён зь мяне зьнялі абвінавачаньне ў хуліганстве за адсутнасьцю складу злачынства і вылучылі абвінавачаньне ў справе незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”.

Справу Эдуарда Зелянкова вёў гомельскі сьледчы Андрэй Бандзюк. Ён, аднак, адмовіўся камэнтаваць сытуацыю:

(Бандзюк: ) “Я не камэнтую свае справы!”

Крымінальныя справы за дзейнасьць ад імя “Маладога фронту” правахоўчымі органамі сёлета былі заведзеныя на многіх актывістаў дэмакратычнага руху. Пазьней зь некаторых падазрэньні зьнялі, а іх справы – прыпынілі. Такім чынам, жлобінская сытуацыя – пакуль выключэньне з правілаў. Мясцовы сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі й дэпутат раённага савету Марат Афанасьеў лічыць перасьлед Эдуарда Зелянкова неабгрунтаваным:

(Афанасьеў: ) “Зараз відавочным робіцца, што гэтым хлопцам з органаў няма чаго рабіць і яны практыкуюцца на такой вось моладзі. Таму што сур’ёзных дзяржаўных праблем яны не вырашаюць. А вось на такіх хлопцах яны прыдумляюць такую забаву. Суд, зразумела, зробіць тое, што яму скажуць”.

А вось як пракамэнтаваў справу Эдуарда Зелянкова яго менскі паплечнік, адзін зь лідэраў “Маладога фронту” Артур Фінькевіч:

(Фінькевіч: ) “Справа, зразумела, палітычная. Чалавек, які адыгрываў адну з гадоўных роляў у Жлобіне – адну з вядучых роляў у дэмакратаў. Чалавек актыўна працаваў на карысьць і “Маладога фронту”, і адзінага кандыдата Аляксандра Мілінкевіча. У прынцыпе за гэта яго і судзяць. Яго судзяць не за тое, што ён зрабіў нейкія надпісы на сьценах, а судзяць за яго актыўныя дзеяньні за апошнія некалькі гадоў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG