Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Уладзімер Плешчанка


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

25.7.1949, в.Вароны, Віцебскі раён – 20.5.2006, в.Вароны, Віцебскі раён

Філёзафы сьцьвярджаюць, што свабода ніколі не прыходзіць да таго, хто яе не чакае. Уладзімер Плешчанка ня проста чакаў свабоду – ён набліжаў яе прыход.

У Віцебску – без усякага перабольшаньня – яго ведалі ўсе. Болей за пятнаццаць гадоў Уладзімер у маразы і сьпёку, у дождж і завеі не радзей, чым кожны панядзелак і чацьвер, а часам амаль штодня выходзіў на самы шматлюдны ў горадзе тралейбусны прыпынак каля гэтак званага Сіняга дому і разгортваў бел-чырвона-белы сьцяг. Хтосьці лічыў ці, дакладней, спрабаваў абвясьціць яго блазнам. Але большасьць віцяблянаў ставіліся да Плешчанкі калі не з разуменьнем, дык, прынамсі, з павагаю. Каля Сіняга дому можна было атрымаць незалежныя газэты і ўлёткі, паставіць подпіс за свайго кандыдата на выбарах, параіцца і паспрачацца. Зянон Пазьняк назваў змаганьне Плешчанкі найбольш блізкім да мэтаду Гандзі.

Калі Ўладзімер некалькі дзён на звыклым месцы адсутнічаў, увесь горад ведаў: ягоны несанкцыяваны пікет зноў разагналі, а адзін з старэйшых віцебскіх апазыцыянэраў, а ў апошнія гады – старшыня абласной рады КХП БНФ сядзіць пад арыштам.

Аднойчы яго не было цэлыя сем месяцаў: быў арыштаваны па вядомай справе зьнікненьня бюсту Аляксандра Суворава, які патапіў у крыві паўстаньне нашых продкаў на чале з Касьцюшкам. Айчынныя пінкертоны палічылі, што чалавек з хворым сэрцам здолеў перацягнуць 300-кіляграмовы бюст генэралісімуса ў суседні двор. Зрэшты, з увагі на тое, што інжынэр Уладзімер Плешчанка некалі быў вядомым на ўвесь Савецкі Саюз рацыяналізатарам, такія высновы не выглядаюць абсалютна фантастычнымі. З гэтае ж прычыны наўрад ці быў чыста сымбалічным удзел Плешчанкі ў групе легендарнага Мірона, што вывешваў нацыянальныя сьцягі ў месцах, даступных, здавалася б, толькі анёлам. (Дарэчы, седзячы за кратамі, Уладзімер сваімі зваротамі ў розныя інстанцыі здолеў дамагчыся вызваленьня маладога вязьня Ігара Мацьвеева, якога асудзілі за забойства, хоць насамрэч непаўналетні хлопец нікога не забіваў).

Свой апошні 7-дзённы арышт за акцыю, прысьвечаную Дню Волі, Плешчанка адбываў у сёлетнюю гарачую вясну. У траўні яго хворае сэрца, якое раней перажыло два інфаркты, ужо ня вытрымала.

Сёньня сорак дзён, як душа Ўладзімера адляцела ў Вечны вырай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG