Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Летні альбом – Агітбрыгада


Вінцэсь Мудроў Новая перадача сэрыі "Летні альбом". Страшныя, сьмешныя, забытыя словы часоў застою ва ўспамінах і аўтарскім правапісе Вінцэся Мудрова.

Агітбрыгадай называўся невялікі самадзейны калектыў, які, кажучы савецкай мовай, ажыцяцяўляў выхаваўчую, агітацыйную і прапагандысцкую работу. У шэрагу выпадкаў ён таксама крытыкаваў недахопы. Стваралі іх пры дамах культуры, клюбах, у навучальных установах і на буйных прадпрыемствах. Рэпэртуар агітбрыгадаў у ідэйных і мастацкіх адносінах быў паўнавартасным, то бок, уяўляў сабой гіпэртрафаваную савеччыну. Адну з агібрыгадаўскіх буфанадаў мне лёсіла пабачыць, і яна, прызнаюся, запала ў душу.

Пачыналася праграма зь дзеі мабілізацыйнага характару. Залю скаланалі акорды музычнай застаўкі інфармацыйнай праграмы “Час” і на зырка асьветленую сцэну выляталі дзеўкі і хлопцы ў рабочых сьпяцоўках. Хлопцы трымалі ў руках шуфлі, а дзеўкі адрэзы чырвонай тканіны. Колькі часу агітбрыгадаўцы мітусіліся на сцэне, махалі шуфлямі, ганялі ў паветры тканіну, выяўляючы працоўны энтуазізм, пасьля чаго шыхтаваліся на сцэне і пераводзілі дух.

На зьмену сцэнічнай манумэнталістыкі прыходзіла задушэўная руская песьня, якой папярэднічаў віск перамоткі магнітафоннай стужкі. На сцэне зьяўлялася дзяўчына ў какошніку.

– Тучным колхозным колосом встречает гостей наша земля! Низкий поклон тем, хто его вырастил! – прамаўляла дзяўчо і кланялася, ды так нізка, што быў бачны адваротны бок какошніку.

Найбольш цікавай была тая частка праграмы, дзе ганіліся недахопы. На сцэну таропка выносілі тры ўслоны і на яго валіўся недаростак у куртатым пінжаку і з папяросінай у зубах.

– Хведар, чаму ляжыш на печы?! Выходзь на працу! – гукала яму на вуха дзяўчына ў чырвонай хусьцінцы – архетып савецкай працаўніцы. Хведар, падпёршы даланёю галаву, маўчаў ды выпускаў з роту колцы тытунёвага дыму.

Расправа з гультаём была кароткай: на сцэну выходзілі хлопцы ў сьпяцоўках і выкідвалі небараку на кулісы, на загадзя пасьцеленыя маты. Сьледам вылятаў і выканаўца ролі п’яніцы. Нарэшце, на сцэну выходзіў скурчаны фацэт у шырозных клёшах і з барабаннымі палачкамі ў руках. – Ідзі да нас на завод! Паступай у інстытут! Паехалі на цаліну! – гукалі фацэту з-за кулісаў, але той, не выпростваючы хрыбціны, зь лянотай у голасе адказваў: – Не магу, у вечары стукаю ў карчме. – У той жа міг, падхоплены пад пахі, ударнік рэстараннага ансамблю ляцеў на закулісныя маты.

З ударнікам, праўда, былі праблемы. Падобныя сцэнкі суправаджаў запіс “бітлоў”. У зале гучалі воплескі, просьбы крутнуць песьню яшчэ раз. Карацей, ствараўся адваротны эфэкт.

Прыканцы васьмідзясятых агітацыйныя калектывы разьбегліся. На той час іх ужо скрозь сталі называць на беларускі манер: агідбрыгадамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG