Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Л.Унгер: супраць таталітарнай улады трэба змагацца на полі культуры


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава "Gazeta Wyborcza" зьмяшчае матэрыял выбітнога польскага журналіста – былога супрацоўніка парыжскай “Культуры”, польскай службы Радыё свабодная Эўропа і радыё ВВС Леапольда Унгера, прысьвечаны “фэномэну беларускай дыктатуры”. У артыкуле, сярод іншага, гаворыцца, што супраць таталітарнай улады трэба, перадусім, змагацца на полі культуры.

Леапольд Унгер на пачатку свайго матэрыялу піша пра сустрэчу ў Менску зь вядомым беларускім апазыцыянэрам Андрэем Саньнікавым і крытыку, якую пачуў ад беларуса на свой адрас за тое, што раней напісаў, што “палякі, магчыма, будуць вымушаныя абараняць Лукашэнку”, калі гаворка пойдзе пра жаданьне Масквы далучыць Беларусь да Расеі.

“Саньнікаў адкінуў маю тэзу, што “ўсё, нават Лукашэнка, лепшае, чым Расея” і сказаў, што “ня лічыць, што Лукашэнка можа гарантаваць незалежнасьць і ня хоча выбіраць паміж чумой і халерай”... Ніхто ня хоча. Застаецца Эўропа, гэта значыць, радыё і тэлебачаньне для Беларусі і гаспадарчыя санкцыі – усё пакуль міма цэлі...”,– піша аўтар.

На ягоную думку, магло падавацца, што моцны пратэст моладзі ў сакавіку быў пачаткам пералому, “аранжавай дарогі”, але “пакуль – перапынак, за шэрагам апазыцыйных выступаў надыходзіць стагнацыя, апазыцыя падзеленая, фанабэрыя лідэраў разьдзірае рух...”

“Але перадусім – страх. Акрамя групы апазыцыянэраў, такіх як Саньнікаў, большасьць маіх суразмоўцаў казалі менавіта пра страх. Страх перад рэпрэсіямі. Дыктатура Лукашэнкі ня толькі апошняя, але таксама і нетыповая. Беларусы езьдзяць за мяжу, робяць бізнэс, атрымліваюць пэнсіі, а адначасова жывуць у імгле саветызму. Нават самы нязначны супраціў можа пазбавіць дзяцей шансаў на вучобу, канфіскацыю пашпарту, а больш адважны пратэст вядзе ў турму...”, – піша Леапольд Унгер.

На ягоную думку, цяперашняя рэчаіснасьць, якая нагадвае ці то часы пазьнейшага Брэжнева, ці Польшчу пасьля ваеннага становішча, “нэўтралізуе большасьць грамадзтва”. Таму, перадусім, важныя справы барацьбы з “саветызацыяй духу”, цэнзурай і самацэнзурай – з тым, што Чэслаў Мілаш называў “зьняволеньнем думак”, перамогі на ніве культуры, “дзе фармуюцца погляды людзей”.

“Так, каб грамадзтва ніколі не прызнала няволю нармальным становішчам, каб ніколі не страціла перакананьня, што вольны сьвет – лепшы”, – напісаў у “Gazecie Wyborczej” Леапольд Унгер.
XS
SM
MD
LG