Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Плошча": "Адчуваеш тую атмасфэру: мароз, вільготнасьць і прага пераменаў"


Любоў Лунёва, Менск Слухачы “Свабоды” знаёмяцца з кнігай “Плошча” пра падзеі ў Менску 19-25 сакавіка 2006 году. Учора адбылася прэзэнтацыя кнігі ў электронным варыянце. На старонцы нашага форуму svaboda.org/forum --> http://archive.svaboda.org/forum/Forum.aspx людзі абменьваліся думкамі. Удзельнікі тых падзеяў і тыя, хто пачулі пра іх пасьля таго, як выйшлі з-за кратаў, падзяліліся сваімі думкамі са “Свабодай”.

Актывістка незарэгістраванай арганізацыі “Зубар” Ірына Тоўсьцік была на плошчы ад 19 сакавіка. Ірына была сьведкай таго, як на плошчу праносілі спальнікі, ежу, тэрмасы з гарбатай і кавай. Гарачыя напоі дапамагалі трымацца на марозе. Ірына наведвала днём суды і была ля брамы турмы на Акрэсьціна. Вось яе меркаваньне:

(Тоўсьцік:) “Я лічу, што такая кніжка папросту неабходная як гісторыя, як памяць ня толькі для тых людзей, якія былі на плошчы, а, наадварот, для тых, хто там ня быў. Для тых, хто інфармацыю атрымліваў толькі з дзяржаўных СМІ”.

Лідэра БНФ Вінцука Вячорку затрымалі 8 сакавіка пасьля выступу кандыдата на пасаду прэзыдэнта Аляксандра Мілінкевіча каля кінатэатра “Бярэсьце”. Пасьля выхаду з турмы Вінцук Вячорка яшчэ засьпеў падзеі на Кастрычніцкай плошчы.

(Вячорка:) “Варта было б гэтую кнігу як мага хутчэй пераліць зь інтэрнэтавых электронаў у папяровы выгляд і прынцыпова разьвесьці яе па рэгіёнах. Безумоўна, варта таксама падбаць пра пераклад, прынамсі, на ангельскую мову, бо ніякія заклікі шанаваць нас як народ годны і незалежны ня маюць такога ўплыву, як кадры, воклічы, словы дзясяткаў тысячаў людзей пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. З гэтага відаць, што мы нацыя. У гэтым важнасьць гэтай кнігі”.

Актывіст незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Артур Фінькевіч амаль тры месяцы ў часе выбарчай кампаніі правёў за кратамі сьледчага ізалятара за палітычныя графіці. Артур пра падзеі ў Менску даведаўся толькі пасьля суду ад сваіх паплечнікаў. Заўтра хлопец паедзе ў Магілёў адбываць пакараньне на “хіміі”. Артур таксама пашкадаваў, што кніга пакуль існуе толькі ў электронным выглядзе.

(Фінькевіч: ) “Гэтая кніга зрабіла для мяне своеасаблівае адкрыцьцё. Пэўныя моманты, пра якія мне яшчэ ніхто не распавядаў, зьявіліся сьвежай навіной. Сам для сябе мог, прачытаўшы гэтую кнігу, скласьці пэўнае ўражаньне аб тым, што тады адбывалася ў тыя моманты ў цэнтры беларускай сталіцы”.

А вось актывістка “Маладога фронту” Наста Палажэнка была ў намётавым лягеры разам зь іншымі некалькімі сотнямі ўдзельнікаў акцыі. Яна падзялілася сваімі ўражаньнямі са “Свабодай” пасьля таго, як прачытала кнігу.

(Палажэнка: ) “Чытаеш і прыгадваеш тыя моманты, такія блізкія да сэрца. Той сьцяг любімы й родны, які бачыш штораніцы над сабою. Тых людзей, якіх бачыш упершыню і якія за тры-чатыры дні сталі родныя. Вельмі прыемна, што, дзякуючы той кнізе, можна вярнуцца туды. Адразу адчуваеш тую атмасфэру: мароз, вільготнасьць і прага пераменаў”.

Днямі актывісты незарэгістраваных моладзевых арганізацый і рухаў абмеркавалі стратэгію і тактыку сваіх дзеяньняў на лета і восень. Яны вырашылі ладзіць вулічныя акцыі з мэтай падтрыманьня вясновай хвалі, узьнятай на Кастрычніцкай плошчы.
XS
SM
MD
LG