Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці падымуцца цэны на алькаголь у Эўразьвязе?


Віталь Цыганкоў, Прага У гэтыя дні, калі многія футбольныя заўзятары спалучаюць футбольныя эмоцыі зь півам альбо больш моцнымі напоямі, Эўракамісія вывучае справаздачу аб магчымых кроках па зьніжэньню ўжываньня алькаголю ў Эўропе. У прыватнасьці, прапануюцца абмежаваньні ў рэкляме, папераджальныя надпісы і падвышэньне акцызаў.

Даволі звычайная карціна ў гэтыя дні футбольнага чэмпіянату – дзясяткі падлеткаў гарланяць песьні, размахваюць бутэлькамі зь півам, шпурляюць пустыя бутэлькі на падлогу. Адбываецца ўсё гэта, аднак, ня ў Англіі, і не ў Ірляндыі, якія доўгі час традыцыйна лічыліся найбольш праблемнай краінамі Эўропы з пункту гледжаньня ўжываньня алькаголю, а ў Даніі. Паводле апошняй справаздачы Эўракамісіі, менавіта Данія вылучаецца на фоне іншых дзяржаваў Зьвязу па многіх, скажам так, алькагольных паказьніках.

Асаблівую трывогу выклікае лідэрства Даніі ў праблемах, зьвязаных з ужываньнем алькаголю моладзьдзю. Чвэрць 16-гадовых датчан прызналіся, што былі п’яныя тры альбо больш разоў цягам апошняга месяца. Па ўсёй Эўропе лічбы таксама ўражваюць – 89-працэнтаў 16-гадовых ужо хаця б аднойчы ў сваім жыцьці напіваліся. Рост ужываньня алькаголю ў Даніі экспэрты зьвязваюць з наступнымі чыньнікамі – вельмі нізкі дазвольны ўзрост для куплі алькагольных напояў (16 гадоў), памяркоўныя цэны і амаль поўная адсутнасьць абмежаваньняў у рэкляме.

У дакумэнце, які падрыхтавалі для Эўракамісіі экспэрты, заклікаецца зрабіць пэўныя захады ў рэгуляваньні распаўсюду алькаголю, ад абмежаваньняў у рэкляме да папераджальных надпісаў і падвышэньня акцызаў. Менавіта на гэтых кроках настойвае, напрыклад, Петар Андэрсан, кансультант у пытаньнях здароўя, і адзін з аўтараў справаздачы. Хаця нельга не адзначыць, што ў параўнаньні з 1970-мі гадамі агульнае спажываньне алькаголю ў Эўропе зьнізілася, асабліва ў паўднёваэўрапейскіх краінах – Італіі, Францыі, Партугаліі. Але яно павялічваецца ў цэнтральных і паўночных дзяржавах Эўразьвязу. У Міжземнаморскім рэгіёне ўжываюць пераважна віно, якое суправаджае стравы, а ў паўночных краінах алькаголь – гэта звычайна піва і моцныя напоі. Ужываньне алькаголю ў краінах Эўразьвязу значна вышэй чым у ЗША, дзе мінімальна дапушчальны ўзрост для набыцьця нават піва складае ў многіх штатах 21 год. Алькаголь зьяўляецца прычынай 27 працэнтаў сьмерцяў мужчынаў ад 15 да 29 гадоў.

Петар Андэрсан лічыць, што продаж і ўжываньне алькаголю дзяржава павінна рэгуляваць гэтаксама як і курэньне тытуню. Зараз Эўразьвяз разглядае пэрспэктыву падвышэньня акцызаў прапарцыйна да моцнасьці алькагольнага напою. Але гэты крок павінен быць уведзены на ўсёй тэрыторыі Эўразьвязу, бо цяпер, напрыклад, поўныя паромы швэдаў, дзе алькаголь вельмі дарагі, езьдзяць у Данію, каб напіцца там і прывесьці дадому скрынкі піва і гарэлкі.

А пакуль што, як і Данія, многія эўрапейскія краіны маюць вельмі мяккае заканадаўства што да абмежаваньня распаўсюджваньня алькаголю. “Мы ўсё яшчэ разглядаем піцьцё як прыватную праблему кожнага,” – кажа адзін з экспэртаў. Ці зьменіцца гэтае стаўленьне? Увосень Эўракамісія павінна яшчэ раз абмеркаваць прыведзеную справаздачу, – магчыма, прыняць нейкае рашэньне.
XS
SM
MD
LG