Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плошча і творцы


Зьміцер Бартосік, Менск Крыху больш за 100 дзён мінула ад часу намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы. У сакавіцкія дні і ночы сярод удзельнікаў лягеру, тысячаў наведнікаў можна было сустрэць нямала беларускіх творцаў. Што прывяло іх на Плошчу і як гэта адбілася на іх творчасьці?

Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч, Артур Клінаў, Уладзімір Арлоў, Рыгор Сітніца, Кася Камоцкая, ды многія іншыя. Для некаторых зь іх Кастрычніцкая плошча зрабілася крыніцаю натхненьня, а для каго – вялікай сцэнаю. Як, напрыклад, для Лявона Вольскага, лідэра гурта НРМ.

(Вольскі: ) “Былі такія факты ў біяграфіі, калі сьпяваеш на стадыёне, – мне ня вельмі падабаецца. Бо няма наўпроставага кантакту, які ў клюбе. Там больш дэмакратычна і цікавей. А на мітынгу атрымліваецца, як быццам ты ў клюбе сьпяваеш – і поўны кантакт. І тысячы людзей стаяць. Гэта супэр, насамрэч”.

На плошчы песьня Вольскага “Гадзючнік” была перайменаваная ў “Мы пераможам”.

(Вольскі: ) “Для кожнага з удзельнікаў гэтых падзеяў тое быў вялікі пералом. Гэта нешта зьмяніла ў жыцьці, у стаўленьні да сытуацыі. У мяне больш аптымістычнае стаўленьне ўтварылася пасьля гэтага. Я не шкадую, што я ўдзельнічаў у гэтых падзеях. Сьпяваць не было магчымасьці паўнавартасна, але мы як маглі разраджалі атмасфэру. Весялілі народ. Адзін прыпеў развучылі з народам новай песьні. Атмасфэра Кастрычніцкай плошчы была вельмі падобная да атмасфэры Майдану ў Кіеве. Незласьлівая. Шмат вельмі было пазытыву”.

Беларускім паэтам вельмі пашанцавала з краінаю нараджэньня, з часам, у які прыходзіцца жыць, і з моваю, на якой прыходзіцца тварыць, – гаворыць паэт Андрэй Хадановіч. У незалежных мэдыях, дарэчы, ягоную прамову на Плошчы 20 сакавіка назвалі геніяльнай, а ў дзяржаўным радыё на яе зрэагавалі звальненьнем Андрэя...

(Хадановіч: ) “Я лічу, што ў 21-м стагодзьдзі для паэта, для музыкі, для творцы Плошча – гэта неймаверны выклік і неймавернае выпрабаваньне. Лічыцца, што скончылася эпоха валадароў думак, якіх усе слухалі. У 19-м стагодзьдзі паэту не было праблемы сабраць плошчу, і верш меў вялікі рэзананс. Цяпер лічыцца, што гэта занятак для абраных маргіналаў, сацыяльна недаробленых. Бо даробленыя сядзяць у банках і зашыбаюць бабло. Тут аказваецца, што паэзія можа існаваць у форме ня проста фэстывалю, дзе дваццаць чалавек на сцэне і дзесяць у велізарнай, пустой залі публікі. Паэзія можа мець рэзананс, няхай часовы. Няхай паэт нават крышачку спэкулюе. І, можа быць, гэта на шкоду нейкай вечнасьці. Але хто яе бачыў у твар, гэтую вечнасьць? А сёньня тут і зараз ад цябе чакаюць нейкага водгуку. І, мне здаецца, сорамна гэтага слова не сказаць. Калі можаш...”

Многія людзі сталі называць плошчу перад Палацам Рэспублікі пляцам Кастуся Каліноўскага. Мастак Алесь Марачкін, які маляваў расьцяжкі з новаю назвай, на нейкі момант адчуў сябе ў скуры падпольшчыка.

(Марачкін: ) “Плошча гэтая, можна сказаць, намоленая дзеяй. Перш за ўсё моладзі. Яна мае знакавае значэньне. Калі я пачуў, што яе ахрысьцілі як плошчу імя Кастуся Каліноўскага, мне прыйшлося мастакоў сагітаваць. І мы ў адным месцы вялікую расьцяжку намалявалі, дзе была выява Кастуся, “Пагоні”. Але як жа яе туды занесьці? Я нават у свае гады вырашыў, што, хлопцы, давайце так: абкручвайце мяне гэтай расьцяжкай! І я абкручаны, а Цыркуноў з палкамі панесьліся ў цэнтар. І мяне раскручвалі, як тую ляльку”.

Зараз мастак працуе над новаю сюррэалістычнай карцінай.

(Марачкін: ) “Умоўна яе называю “Плошча Кастуся Каліноўскага”. У мэтафарычнай, мэтафізычнай форме я паказваю гэтую дзею. Я хачу ў сваёй карціне супаставіць несувымернае. Дзяўчына зь бел-чырвона-белым сьцягам, а там рыцары нашы даўнія, беларускія, з-за сьпіны ідуць у падтрымку. Справа чорнакашульнікі. Ну і, канечне, чалавек, падобны на Паўлічэнку. Ці чалавек, падобны на начальніка краіны. Такі сюр. І, безумоўна, гэта моладзь, гэта людзі”.

Кінарэжысэр Леанід Міндлін зьняў не адзін фільм, дзе героямі былі тыя, каго ўлады называюць адмарозкамі. Але сёньня, каб ён рабіў фільм пра Плошчу, дык галоўным героем абраў бы зусім не пратэстуючую моладзь.

(Міндлін: ) “Гэта быў такі рамантычны пад’ём з доляй экзальтацыі. А калі роздум нейкі пачынаецца… Існуе такое паняцьце ў сацыялёгіі: “маўклівая большасьць”. На самой справе, калі б я рабіў нешта зараз, дык я б рабіў пра маўклівую большасьць. Вось гэтая маленькая крэпасьць, і вакол гэтага кола абыякавасьці. Вось маё адчуваньне гэтага. Але цікава іншае. Сустракаўся я з маімі калегамі, якія прайшлі школу Акрэсьціна. Гэта мае аднагодкі. Яны мне кажуць, што ўжо даўно не было такога душэўнага камфорту. Гэта таксама страшна. Каб адбыўся душэўны камфорт, трэба пасядзець на Акрэсьціна. Нешта ў грамадзтве адбываецца ня тое. І ня тое – гэта маўклівая большасьць. Якая маўчыць, і таму адбываецца тое, што адбываецца. Здаецца мне, што Кастрычніцкая плошча, гэта быў адказ, магчыма, слабы адказ гэтай маўклівай большасьці. Што выйсьце ёсьць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG