Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Шушкевіч наведаў урачыстасьці да 50-годзьдзя паўстаньня ў Познані (фота)


Аляксей Дзікавіцкі, Познань Сёньня ў Познані, дзе адбыліся асноўныя мерапрыемствы ў гонар 50-годзьдзя познаньскай антыкамуністычнай рэвалюцыі з удзелам пяці прэзыдэнтаў, былі таксама і некалькі беларусаў на чале з былым кіраўніком Беларусі Станіславам Шушкевічам.

На пляц імя Адама Міцкевіча, дзе адбываліся галоўныя ўрачыстасьці з нагоды 50-годзьдзя познаньскай рэвалюцыі, прыйшлі каля 100 тысячаў чалавек. Ушанаваць памяць паўстанцаў прыехалі прэзыдэнты Нямеччыны, Вугоршчыны, Чэхіі, Славаччыны і Польшчы.

Прамаўляючы ў часе ўрачыстасьцяў, польскі прэзыдэнт Лех Качыньскі сказаў.

(Качыньскі: ) “Ужо палова стагодзьдзя мінула ад здарэньня, якое было пачаткам змаганьня. Змаганьня, якое паказала, што палякі ніколі не пагодзяцца жыць пры ўладзе, якую яны сабе не абіралі, і рэжыме, рашэньне аб усталяваньні якога было прынятае далёка за межамі Польшчы і безь яе ўдзелу”.

Ва ўрачыстых мерапрыемствах у Познані ўзялі ўдзел таксама беларусы на чале з запрошаным гарадзкімі ўладамі Станіславам Шушкевічам. Паводле спадара Шушкевіча, такія мерапрыемствы ў цяперашняй Беларусі немагчымыя.

(Шушкевіч: ) “Гэта ў Беларусі немагчыма, бо Беларусь змагаецца цяпер супраць таго, чаго ўрэшце рэшт дамагліся познаньскія паўстанцы. Гэта была цудоўная ўрачыстасьць – аддалі даніну памяці тым, хто пацярпеў, загінуў за новую Польшчу. Прэзыдэнты пяці краінаў прыехалі. Гэта была адна з найлепшых імпрэзаў, у якіх я браў удзел апошнім часам”.

У часе антыкамуністычнага паўстаньня ў Познані ў чэрвені 1956 году, якое тагачасныя ўлады здушылі пры дапамозе жаўнераў, танкаў, самалётаў, загінулі 58 чалавек, сотні былі параненыя, кінутыя ў турмы і звольненыя з працы.

Як паведаміў нашаму радыё старшыня беларускага культурна-асьветніцкага цэнтру ў Познані Віталь Воранаў, прадстаўнікоў афіцыйных беларускіх уладаў на ўрачыстасьці не запрасілі.



XS
SM
MD
LG