Лінкі ўнівэрсальнага доступу

40 дзён па сьмерці Ўладзімера Плешчанкі ў Віцебску ўсталявалі памятны крыж


Радыё Свабода На Ўсьпенскай горцы, побач з крыжам сьвятога Язафата Кунцэвіча — уніяцкага біскупа, забітага праваслаўнымі месьцічамі, сябры й аднадумцы Ўладзімера Плешчанкі паставілі яшчэ адзін крыж — з надпісам “Ахвярам нялюдзкага рэжыму”. Аўтар гэтае ідэі апазыцыянэр Барыс Хамайда лічыць, што ягоны найбліжэйшы сябар і былы старшыня віцебскай арганізацыі Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ пражыў вартае жыцьцё, каб ягоная памяць была ўшанаваная ў родным Віцебску.

(Хамайда: ) “Усталяваньне крыжоў на Ўсьпенскай горцы зрабілася ўжо традыцыяй у найноўшай гісторыі Віцебску. Я памятаю, як у пачатку 1990-х гадоў тут паставілі крыж Язафату Кунцэвічу, крыху пазьней мы самі пачалі ўсталёўваць тут крыжы на Дзяды. Ну, а сёньня спаўняецца 40 дзён па сьмерці Ўладзімера Рыгоравіча Плешчанкі, і вось мы вырашылі ўсталяваць крыж на Ўсьпенскай горцы. Гэты крыж будзе на памяць і яму, і ўсім тым, хто паклаў сваё жыцьцё за волю й незалежнасьць Беларусі”.

Уладзімер Плешчанка памёр ад сардэчнага прыступу 20 траўня, на 58-м годзе жыцьця. Учора ў грэка-каталіцкай царкве адбылася імша, якую адслужыў па ім айцец Зьміцер Грышан. Зь ягонай дапамогаю сябры спадара Плешчанкі асьвяцілі крыж на Ўсьпенскай горцы, і яшчэ адно месца ў горадзе, дзе прайшла значная частка жыцьця апазыцыянэра, — гэта месца каля Сіняга дому, дому №28 па вуліцы Леніна. Сюды Ўладзімер Плешчанка некалькі разоў на тыдзень выходзіў на пікеты, тут ён размаўляў з аднадумцамі й спрачаўся з палітычнымі апанэнтамі, адсюль яго неаднойчы забіралі ў пастарунак. І менавіта сюды, як распавядае сябра Сойму КХП БНФ Ян Таўпыга, жыхары Віцебску сёньня ўвесь дзень несьлі кветкі.

(Таўпыга: ) “Гэтае месца каля Сіняга дому ёсьць сымбалічным месцам, дзе столькі гадоў ішла барацьба за Беларусь! Тут мы будзем ладзіць памятную акцыю, і ў гэты саракавы дзень Уладзімер Плешчанка таксама будзе разам з намі. Тут зьбіраюцца сябры, паплечнікі, і нават тыя, каго жыцьцё раскідала па розных кутках сьвету, таксама дасылаюць сюды свае разьвітаньні. Нават з Бэльгіі перададзены Зьмітром Піменавым кошык з кветкамі й стужкай “Змагару ад беларусаў Бэльгіі”. У гэты дзень мы тут усе разам”.

Грамадзянская паніхіда каля Сіняга дому ў Віцебску прайшла пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
XS
SM
MD
LG