Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У некаторых летніх кавярнях забаранілі прадаваць піва


Радыё Свабода У адпаведнасьці з пастановай Савету міністраў, ад 16 чэрвеня ў Беларусі зьмяніліся правілы розьнічнага продажу піва й слабаалькагольных напояў. У прыватнасьці, забаронены продаж такой прадукцыі ў навучальных, спартовых, дзяржаўных установах, дзіцячых кавярнях і іншых месцах адпачынку. Адным з вынікаў гэтай пастановы стала тое, што некаторыя летнія кавярні апынуліся на мяжы закрыцьця. Адмыслоўцы мяркуюць, што аднымі забаронамі праблемы піўнога алькагалізму ня вырашыць.

Летняя кавярня “Жар-птушка”, якая месьціцца ў менскім дзіцячым парку імя Горкага, півам не гандлюе амаль два тыдні. Аднак ня ўсе аматары піва пра гэта ведаюць і працягваюць ісьці да звыклага месца.

(Спадар: ) “Я думаю, што забаронаю нічога ня зробіш. Калі чалавек захоча піва, то ён яго ў іншым месцы возьме й прыйдзе сюды, будзе піць. Выхаваньне ў сям’і, у школе, культура пітва — калі гэтага ня будзе, то хоць ты пастаў забароны невядома якія, нічога гэта ня дасьць”.

(Юначка: ) “Наадварот, у кавярні — гэта больш цывілізавана. І калі цывілізаваныя людзі прыйдуць у кавярню, то яны затым, пэўна, нікуды ня ўлезуць. У кавярні, я думаю, няма ніякага сэнсу забараняць”.

(Спадар: ) “Калі гэта лічыцца дзіцячая кавярня, то гэта зразумела. Але калі не зусім дзіцячая, то піва можна й безалькагольнае прадаваць”.

(Спадар: ) “Хто ведае меру, той вып’е колькі трэба. А хто ня ведае, таму забарані, не забарані — у краме набудзе й прыйдзе вып’е”.

(Спадар: ) “Возьме й вып’е — і забараняй, не забараняй яму, усё адно”.

У кнізе скаргаў і прапановаў кавярні больш за дваццаць запісаў са словамі абурэньня, з просьбамі й патрабаваньнямі вярнуць піва. Пратэсты спажыўцоў піва зьвязаныя яшчэ й з тым, што ў “Жар-птушцы” яны маглі сачыць за футбольнымі матчамі чэмпіянату сьвету. Цяпер жа аматары піва й футболу сышлі, і кавярня на мяжы закрыцьця, кажа дырэктар Міхаіл Малікін.

(Малікін: ) “У нас моцна зьнізіўся таваразварот, адпаведна падаткі. Ва ўсім цывілізаваным сьвеце, пэўна, забаронена піць піва у неадпаведных месцах. Таму ня вельмі зразумела, чаму забаранілі прадаваць у кавярні. Тым больш, што ў парку Горкага па-ранейшаму прадаецца піва на ўваходзе ў летняй кавярні “Лідо”. І людзі, якія ішлі з чыпсамі й пляшкай піва, якое з рыльца пілі, як былі, так яны й засталіся”.

Паводле спадара Малікіна, адміністрацыя зьвярнулася ў Менгарвыканкам, і калі гэтая праблема ня будзе вырашаная, “Жар-птушка” будзе зачыненая. Аднак гарадзкая адміністрацыя разглядае пытаньне, каб забараніць продаж піва ва ўсіх летніх кавярнях Менску. Вось як гэта пракамэнтаваў старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа:

(Патупа: ) “Я ня бачу нейкага сыстэмнага падыходу да барацьбы з алькагалізмам у цэлым. Пачынаць яго трэба не са зьнішчэньня піва, бо гэтая ж самая моладзь пяройдзе, да прыкладу, на партвэйны. Што гэта — лепш? На мой погляд, гэта нейкі наступ на правы спажыўцоў і гандляроў. Гэта вельмі сур’ёзная справа і патрэбны аптымальны падход”.

У адпаведнасьці з пастановай ураду, піва не прадаюць асобам, маладзейшым за 18 гадоў. А пракуратура Менску прапаноўвае рэалізацыю піва й слабаалькагольных напояў у камэрцыйных павільёнах забараніць цалкам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG