Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над Аляксандрам Казуліным пачнецца 6 ліпеня


Радыё Свабода У Маскоўскім судзе Менску вызначыліся з днём пачатку працэсу над Аляксандрам Казуліным, якога трымаюць пад вартай ужо болей за тры месяцы. Тым часам беларускія праваабаронцы выказваюцца за тое, каб экс-кандыдата на прэзыдэнта прызналі ў сьвеце вязьнем сумленьня.

6 ліпеня ў Маскоўскім судзе Менску пачнецца працэс над былым кандыдатам на прэзыдэнта Аляксандрам Казуліным, якога падазраюць у хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў. Пра гэта адвакату Казуліна Ігару Рынкевічу паведамілі сёньня, 28 чэрвеня, у канцылярыі суду. Між тым, пастанову судзьдзі Аляксея Рыбакова аб пачатку працэсу адвакаты палітыка яшчэ не атрымалі, таму ня могуць сказаць, як судзьдзя паставіўся да іхнага хадайніцтва аб дасудовым вызваленьні з-пад варты Казуліна пад падпіску аб нявыезьдзе. Адвакаты перакананыя, што падставаў, каб зьмяніць Аляксандру Казуліну меру стрыманьня, болей чым дастаткова.

(Рынкевіч: ) “Гэтыя два злачынствы аднесеныя да меней цяжкіх, паводле такіх абвінавачаньняў звычайна да суду трымаюць на падпісцы аб нявыезьдзе. Да таго ж гэта вельмі вядомы чалавек. За яго 222 чалавекі паручыліся й дзясяткі тысяч падпісалі пэтыцыю на імя генэральнага пракурора з просьбай аб вызваленьні”.

Тым часам праваабаронцы са зьліквідаванай уладамі арганізацыі “Прававая дапамога насельніцтву” зьвярнуліся ў міжнародную арганізацыю “Міжнародная амністыя” з просьбай прызнаць Аляксандра Казуліна вязьнем сумленьня. На думку праваабаронцы Алега Воўчака, калі такое рашэньне будзе прынятае да пачатку суду, гэта значна дапаможа ў абароне Аляксандра Казуліна.

(Воўчак: ) “Ён будзе адчуваць сябе ў большай бясьпецы на волі, а выпусьціць яго могуць толькі калі да абароны Казуліна далучыцца міжнародная грамадзкасьць, у тым ліку арганізацыя “Міжнародная амністыя”.

Усе ранейшыя хадайніцтвы да сьледчых аб зьмене меры стрыманьня для Аляксандра Казуліна не былі задаволеныя, а лісты падтрымкі з боку грамадзкасьці заставаліся без адказу.

Аляксандар Казулін быў затрыманы 25 сакавіка пасьля гвалтоўнага спыненьня міліцыяй шэсьця мірных дэманстрантаў да турмы на вуліцы Акрэсьціна, дзе ў той час трымалі болей за 500 прыхільнікаў дэмакратычных пераменаў. Пры затрыманьні Аляксандар Казулін, як ён сьцьвярджае, быў моцна зьбіты. У менскай міліцыі кажуць, што падчас разгону дэманстрантаў пацярпела некалькі супрацоўнікаў АМАПу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG