Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Зялкоўскі: няпраўда, што беларусы хочуць дэмакратыі менш, чым украінцы


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Варшаве адбылася канфэрэнцыя, прысьвечаная ўсходняй палітыцы Польшчы, у якой браў удзел дыплямат, былы дарадца а потым charge d''Affaires амбасады Польшчы ў Беларусі, затым амбасадар Польшчы ва Ўкраіне Марак Зялкоўскі. Наш карэспандэнт папрасіў спадара Зялкоўскага параўнаць сытуацыю ў Беларусі і Ўкраіне на падставе досьведу працы ў гэтых краінах.

(Карэспандэнт: ) "У часе апошніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі замежныя экспэрты нярэдка паўтаралі, што беларусы – гэта не ўкраінцы, яны, маўляў, яшчэ не гатовыя да падзеі маштабу “аранжавай рэвалюцыі”. Амбасадар Марак Зялкоўскі даволі доўга працаваў і ў Беларусі, і ва Ўкраіне. Наколькі, на Вашую думку, такія меркаваньні маюць падставу?"

(Зялкоўскі: ) “На маю думку, трэба вельмі асьцярожна казаць аб тым, як нярэдка робяць некаторыя мэдыі, што беларусы менш гатовыя да пераменаў, дэмакратыі, чым украінцы. Гэта няпраўда. Я, працуючы ў Беларусі, пабачыў, што беларускае грамадзтва таксама гатовае, таксама чакае на дэмакратыю і цэніць эўрапейскія, дэмакратычныя каштоўнасьці, як і ўкраінскае”.

(Карэспандэнт: ) "Амбасадар Зялкоўскі шмат разоў сустракаўся з прадстаўнікамі палітычных элітаў, як беларускіх так і ўкраінскіх, у тым ліку і тых, якія акружалі і акружаюць кіраўнікоў гэтых краінаў. Ці можна сказаць, што ўкраінскія чыноўнікі часоў Леаніда Кучмы былі больш празаходнімі, чым акружэньне Аляксандра Лукашэнкі?"

(Зялкоўскі: ) “У часе працы ў Беларусі я меў уражаньне, што акружэньне Лукашэнкі, беларускія чыноўнікі маюць антыэўрапейскія настроі, праграму. Можа, гэта банальная ацэнка, але гэта сапраўды так. У сваю чаргу пэўная папулярнасьць Леаніда Кучмы, ягоныя кантакты на захадзе, добрыя дачыненьні з Польшчай сьведчылі аб тым, што ягонае акружэньне і ён сам сапраўды цанілі эўрапейскі накірунак у палітыцы, умелі знайсьці шляхі дыялёгу з Захадам. У сваю чаргу Лукашэнка адкідае кантакты з заходнімі краінамі, Эўразьвязам, як нявартыя ўвагі для Беларусі”.

(Карэспандэнт: ) "Марак Зялкоўскі быў амбасадарам Польшчы ва Ўкраіне ў часе аранжавай рэвалюцыі і бачыў усё на ўласныя вочы. На ўсходзе некаторыя абвінавачваюць Захад, які нібыта, у тым ліку праз Варшаву, дапамог зьдзейсьніць ва Ўкраіне рэвалюцыю. Як Вы ставіцеся да такой тэзы?"

(Зялкоўскі: ) “Можна казаць усё што заўгодна, але я шмат гадоў быў ва Ўкраіне яшчэ перад рэвалюцыяй. Бачыў, што там робіць улада і чаго чакаюць украінцы. Казаць, што гэта адбылося ў выніку нейкай геапалітычнай гульні – памылка. Нельга забывацца, што на сытуацыю ў любой краіне маюць вялізны ўплыў грамадзкія рухі, такія як калісьці ў Польшчы “Салідарнасьць”. Яны зьмяняюць хаду гісторыі, палітычную сыстэму ў краіне, а ня толькі палітыкі, палітычныя эліты”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG