Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм''еры Беларусі і Расеі абмяркуюць газавыя дачыненьні


Радыё Свабода Сёньня ў Маскве мае адбыцца паседжаньне Савету Міністраў так званай саюзнай дзяржавы, у якім плянуецца ўдзел прэм’ер-міністраў Беларусі і Расеі Сяргея Сідорскага і Міхаіла Фрадкова. Сярод тэмаў паседжаньня будзе і пытаньне паставак расейскага газу ў Беларусь.

Паводле зьвестак Пастаяннага камітэту Саюзнай дзяржавы, у парадку дня сёньняшняга паседжаньня саюзнага ўраду каля двух дзясяткаў пытаньняў. Пераважна яны тычацца супрацоўніцтва ў сфэры саюзных праграм. Бакі маюць намер прааналізаваць рэализацыю ідэі сумеснага супэркампутара, абмеркаваць працэс пераадоленьня наступстваў чарнобыльскай аварыі і ініцыятывы па збліжэньні заканадаўства Беларусі і Расеі ў сацыяльна-працоўнай сфэры. А ці будуць абмяркоўвацца газавыя ўзаемадачыненьні Масквы й Менску? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да маскоўскага прадстаўніка Пастаяннага камітэту Івана Макушка:

(Макушок: ) “Пытаньне наконт газу ў нас ня ўнесена ў парадак дня. Але прэм’еры дамовіліся, што яны будуць гаварыць пра газ. У рамках гэтай сустрэчы – у іх будзе двухбаковая сустрэча – яны будуць гаварыць пра газ таксама”.

Разгляд газавага пытаньня ініцыяваў беларускі бок. 21 чэрвеня падчас прыезду ў Менск дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы Паўла Барадзіна прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі запатрабаваў абавязковага разгляду гэтага пытаньня на паседжаньні саюзнага ўраду. Паводле спадара Сідорскага, газавыя дачыненьні з Расеяй трэба абмяркоўваць у “адкрытым рэжыме”.

Нагадаю, “Газпром” абвясьціў, што ў 2007 годзе ён будзе пастаўляць Беларусі газ на новых умовах. Расейская кампанія зьбіраецца павялічыць кошт паліва для беларускіх спажыўцоў у чатыры разы – прыблізна да 200 даляраў за адну тысячу кубамэтраў газу. Пра падтрымку цэнавай ініцыятывы “Газпрома” днямі афіцыйна паведаміла і Міністэрства прамысловасьці й энэргетыкі Расеі. Аднак беларускі прэм’ер, як вынікае зь яго тлумачэньня, усё яшчэ ня верыць у цьвёрдасьць намераў расейскіх структураў. Ён спадзяецца, што расейскі ўрад мае іншую пазыцыю.

Між тым, на думку экспэртаў, гэта ілюзіі. Як лічыць, напрыклад, загадчык аддзелу Беларусі маскоўскага Інстытуту краінаў СНД Аляксандар Фадзееў, насамрэч не расейскі ўрад, а якраз “Газпром” зьяўляецца рэальным партнэрам Беларусі на перамовах па газавых дачыненьнях :

(Фадзееў: ) “Газпром” выступае за тое, каб Беларусь вызначыла групу прадпрыемстваў, якія цікавыя “Газпрому”. Тады згодная Беларусь саступіць нейкія пакеты акцый “Газпрому” ці не? Альбо Беларусь лічыць, што гэта будзе крытычна ў дачыненьні да эканамічнага сувэрэнітэту рэспублікі?

Паводле спадара Фадзеева, якраз у гэтым накірунку будуць разьвівацца далейшыя газавыя стасункі Масквы й Менску. Што тычыцца сёньняшняга паседжаньня саюзнага ўраду, то, як лічыць расейскі экспэрт, ніякіх рашэньняў па газавым пытаньні чакаць ад яго нельга.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG