Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты СНД абмяркоўваюць у Менску пытаньні нелегальнай міграцыі


Радыё Свабода Сёньня ў Менску завяршаецца двухдзённая сустрэча экспэртаў краінаў СНД у пытаньнях незаконнай міграцыі. Шэраг удзельнікаў сустрэчы прапануюць падпісаць двухбаковыя пагадненьні аб прыёме і перадачы незаконных мігрантаў.

Сустрэчу ў Менску настойліва ініцыявала Ўкраіна. На першы погляд, гэта выглядае даволі нечакана, бо апошнім часам з Кіева часта даносяцца скептычныя выказваньні адносна магчымасьцяў і пэрспэктываў СНД.

Журналіст Раман Якаўлеўскі, які доўгі час вывучае праблему незаконнай міграцыі, тлумачыць захады з Кіева наступным чынам:

(Якаўлеўскі: ) "Украіна зьбіраецца ў Эўропу. І таму яна настойвае на падпісаньні двухбаковых пагадненьняў, перадусім зь Беларусьсю і Расеяй. Дарэчы, адрозна ад Беларусі, яна гатовая падпісваць іх на двухбаковым узроўні".

Пагадненьні, пра якія ідзе размова, тычацца рэадмісіі -- гэта значыць вяртаньня нелегалаў у тую краіну, зь якой яны прыехалі. Да сёньняшняга дня ў рамках СНД такіх дамоваў няма, бо спробы іх падрыхтоўкі блякавалі перадусім Беларусь і Расея. Афіцыйны Менск доўгі час настойваў на так званым пакетным пагадненьні -- адначасовым падпісаньні дакумэнтаў зь усімі сваімі суседзямі -- Латвіяй, Літвой, Польшчай, Расеяй ды Ўкраінай. Такі падыход тлумачыцца нежаданьнем Беларусі стаць своеасаблівым адстойнікам для нелегальных мігрантаў, якія праз беларускую дзяржаўную мяжу ўсялякімі спосабамі прасочваюцца далей на Захад. І яшчэ такая тактыка дазваляе беларускаму кіраўніцтву неаднаразова палохаць Эўразьвяз: маўляў, мы ня будзем перашкаджаць мігрантам і яны хлынуць празь Беларусь на Захад.

Старшыня міжнароднай камісіі Савета Рэспублікі Мікалай Чаргінец нядаўна на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску казаў, што ў гэтым пытаньні да Беларусі ў Эўропе прыслухоўваюцца:

(Чаргінец:) "Разумеючы, што без Беларусі нельга рашаць у поўнай меры пытаньні бясьпекі Эўропы, узаемадзеяньня паміж краінамі, супрацоўніцтва ў барацьбе з тэрарызмам, нелегальнымі мігрантамі ды ў рашэньні іншых глябальных праблемаў, якія стаяць сёньня перад эўрапейскімі краінамі".

Ад падпісаньня адпаведных пагадненьняў аб рэадімісіі ўсялякімі спосабамі адхіляецца, як мы ўжо казалі, акрамя Беларусі, і Расея. У кулюарах паседжаньня экспэртаў часта можна было пачуць: вырашэньне праблемы нелегальных мігрантаў перадусім залежыць ад Расеі, якой цяпер невыгодна падпісваць дакумэнты аб рэадмісіі. Палітоляг Аляксей Кароль так тлумачыць такую палітыку афіцыйнай Масквы:

(Кароль:) "Можа з той прычыны, што Расея -- тэрытарыяльна вялікая краіна і празь яе тэрыторыю праходзіць дастаткова вялікі паток мігрантаў. І Расея баіцца, што падпісаньне адпаведных пагадненьняў адмоўна адаб''ецца на ўсёй сацыяльнай інфраструктуры краіны. Так што зразумець такі падыход можна. Хаця, безумоўна, вырашаць гэтае пытаньне можна і іншым шляхам -- наводзячы парадак у краіне і на яе межах".
XS
SM
MD
LG