Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБЛОГі беларускага Інтэрнэту


Радыё Свабода Сеціва ў аБЛОГу бярэ Зьміцер Падбярэскі

Вітаю! Вось на што я зьвярнуў сёньня ўвагу, паблукаўшы ў беларускім Сеціве.

У блогу brsm.livejournal.com карыстальнік belnetmon жартаўліва паведамляе: “Такую карціну я сёньня назіраў па Менску. Міліцыянты падыходзяць да бабулек, якія ў мэтро прадаюць лятарэі і заўсёды пачувалі сябе вельмі свабодна. А тут міліцыя пераправярала ўсе дакумэнты, усе паперы! Як высьветлілася, маецца падазрэньне, што каля 50% усіх лятарэйных грошай ідуць на вызваленьне Казуліна з турмы, а бабулькі, якія такім барбарскім чынам забіраюць у простых людзей апошнія грошы, — памагатыя так званай "беларускай апазыцыі"!

На палітычна ськіраваным сайце 3.lishni.org маецца такі вось допіс Народнай маланкі: “Вельмі сумна на душы, што “Свабода” мусоліць фядутаўскую правакацыю і не выдзяляе дастаткова ўвагі сапраўдным рэчам і асобам. Лепш запрасілі б кіраўнікоў камітэту зьняволеных народаў, каб тыя падзяліліся сваім досьледам. Няхай бы адкрылі праграму, дзе б расказвалі пра міжнародныя арганізацыі, як яны могуць узьдзейнічаць на палітыку ці як падаваць дакумэнты у міжнародныя арганізацыі. Я усё ж такі дабяруся да гэтай “Свабоды”. Мала не пакажацца”.

У ЖЖ праекце Агафона сёньня зьявілася такое паведамленьне: “Раджагопал Рохіт, 29-гадовы мэнэджэр адной з турыстычных фірм Дэлі, праславіўся на увесь сьвет тым, што пяць гадоў прапрацаваў за кампутарам, не ўключаючы манітор”. У камэнтары карыстальнік eu3eu адзначае: “Уключаеш камп, загружаецца ДОС. Чакаеш сканчэньня загрузкі, пакуль лямпачка вінчэсьцера перастане міргаць. Уключаеш матрычны прынтэр, пішаш “copy con > prn”, цісьнеш Enter — і пагнаў друкаваць, як на машынцы. А калі нешта дрэнна працуе — цісьнеш PrintScreen і бачыш, што там за тэкст на экране”.

Форум сайту studenty.by . Тут абмяркоўваецца магчымасьць паехаць аўтастопам у Амстэрдам. Mara тлумачыць: “Кошт — недзе 25 эўра. Немцы маглі б i бясплатна, aле кaлi б віза нямецкая была. У запрашэньні будзе просьба даць бясплатную візу, aле гэта малаверагодна. Даты: 25 ліпеня — 10 жніўня”. Лета — гэта ня толькі падарожжы, але й час у тым ліку і для новых знаёмстваў. На форуме партаду mybrest.net ВАСЯлиса прызнаецца: “Я вось мадам з кучай комплексаў, вельмі скаваная. Так што знаёміцца я не зьбіралася і не зьбіраюся. А калі нехта задумае да мяне падыйсьці, дык крычу дзікім голасам “Па-а-а-а-а-а-ажар” і потым зьбягаю”.

На сайце газэты “Бобруйскій курьер” www.bk.of.by можна прачытаць такі вось філялягічны анэкдот: “Прафэсар філялёгіі: — Прывядзіце прыклад пытаньня, каб адказ гучаў як адмова і адначасова як згода. Студэнт: — Гэта проста! “Гарэлку піць будзеце?” — “Ах, пакіньце!”

Дасылайце нам свае ідэі для “Начной аблогі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG