Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плошча: альтэрнатыўныя інфармацыйныя тэхналёгіі


Валер Каліноўскі Апазыцыя пад час мінулых прэзыдэнцкіх выбараў і акцыяў пратэсту, што адбываліся пасьля іх на менскіх вуліцах, ня мела доступу да агульнанацыянальных СМІ, да таго ж перад выбарамі рэзка ўлады скарацілі і магчымасьці незалежнага друку. Даводзілася разьлічваць на іншыя крыніцы. Якім чынам выкарыстоўваліся альтэрнатыўныя інфармацыйныя тэхналёгіі пад час падзеяў у Менску 100 дзён таму?

(Валер Каліноўскі разам з іншымі карэспандэнтамі Свабоды кожны дзень і кожную ноч перадаваў рэпартажы ў жывы эфір)

"Перадусім мабільныя тэлефоны, якіх у мяне было 4, на іх стала нехта тэлефанаваў, распавядаў пра падзеі, гэта былі знаёмыя, а, часам, і незнаёмыя людзі, прыходзілі таксама sms-паведамленьні, зноў жа і ад маіх знаёмых, і ад незнаёмых. Адзін з маіх тэлефонаў меў доступ у інтэрнэт праз сыстэму GPRS. Таму час ад часу я мог паглядзець асноўныя інфармацыйныя сайты. На форумы і блогі, зразумела, часу не хапала. Ну і кантакты з людзьмі на месцы падзеяў, - гэта для журналіста самая надзейная крыніца інфармацыі.

Што да ўдзельнікаў акцыяў пратэсту, дык перавага, відаць, і тут была на баку мабільных тэлефонаў, sms-рассылак, якія ўдала выявілі сябе як інструмэнт мабілізацыйнай кампаніі. Нават улады выкарысталі іх для таго, каб запалохаць людзей, рассылалі, напрыклад, паведамленьне, што на плошчы праліецца кроў.

Некаторыя ўдзельнікі акцыяў пратэсту таксама мелі доступ у інтэрнэт праз мабільнікі і ноўт-букі. Можна было таксама схадзіць у бліжэйшую кругласутачную інтэрнэт-кавярню, але гэта для ўдзельнікаў акцый пратэсту было зьвязана з рызыкай арышту. Для большасьці ж пратэстоўцаў усе навіны агучваліся праз дынамікі на самой плошчы.

Выкарыстоўваліся таксама і магчымасьці друкаванай прадукцыі, паколькі цяпер немагчыма ўзяць пад кантроль усе друкарні, ксэраксы. Таму было даволі шмат улётак, інфармацыйных бюлетэняў, раздруковак публікацый з інтэрнэту, якія раздаваліся і ўдзельнікам акцыяў і звычайным мінакам.

На другі –трэці дзень пратэсту зьявіліся нават зграбныя каляровыя паштоўкі са здымкамі з Кастрычніцкай плошчы,- як мне патлумачылі, гэткім чынам прыватны бізнэс далучыўся да агульнай кампаніі. Відэа і аўдыёматэрыялы памнажаліся таксама на CD.

Апрача таго, людзі слухалі незалежнае радыё, у прыватнасьці, радыё Свабода, якое час ад часу нават трансьлявалася на Кастрычніцкай плошчы праз спадарожнік. Я бачыў таксама людзей, якія хадзілі з радыёпрымачамі за пазухай і таксама слухалі Свабоду.

Я працаваў і на Майдане Незалежнасьці ў Кіеве. Там магчымасьці для ўдзельнікаў пратэстаў былі нашмат шырэйшыя: яны мелі незалежнае тэлебачаньне, якое праз спадарожнік трансьлявалася нават на вуліцах Кіеву на вялікіх перасоўных ўстаноўках. Незалежнае радыё гучала з гарадзкіх дынамікаў на Храшчаціку. Кожную гадзіну прыватныя інфармацыйныя агенцтвы выдавалі інфармацыйныя бюлетэні, які раздаваліся на вуліцах. Вельмі апэратыўна зьяўляліся спэцвыпускі прыватных газэт. А зводку апошніх навін УНІАН можна было ў любы час праслухаць праз свой мабільны тэлефон. Не кажу ўжо пра вельмі разнастайны інтэрнэт, якім карысталася на той час каля 10 адсоткаў насельніцтва Ўкраіны.
XS
SM
MD
LG