Лінкі ўнівэрсальнага доступу

50 гадоў таму жыхары Познані выступілі супраць камуністычнай дыктатуры (архіўныя фота)


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Познані пачаліся ўрачыстыя мерапрыемствы з нагоды 50-й гадавіны “познаньскай рэвалюцыі” – калі дзесяткі тысячаў жыхароў горада выступілі супраць жабрацкіх заробкаў і камуністычнай дыктатуры. На разгон дэманстрацыяў улады кінулі танкі і вайсковыя самалёты.

У чэрвені 1956 году, рабочыя мэталюргічнага заводу імя Сталіна выступілі супраць махлярстваў пры налічэньні заробкаў, дрэнных варункаў працы і нераэльных патрабаваньняў росту яе эфэктыўнасьці. Улады на пачатку пагадзіліся з патрабаваньнямі рабочых, але потым, 27 чэрвеня, адмовіліся выконваць частку з іх. У адказ тысячы людзей выйшлі на вуліцы ўжо і з палітычнымі лёзунгамі: “Камуністы – прэч!”, “Патрабуем выбараў пад кантролем ААН!”. Гісторык Павала Сасэнка.

(Сасэнка: ) “Рабочыя хацелі размаўляць з уладамі, але ўлады з рабочымі – не. Супраць іх кінулі танкі і самалёты, пачаліся драматычныя баі".

Удзельнікі страйку падпалілі будынак ваяводзкага камітэту ПАРП, вызвалілі палітзьняволеных, захапілі пэўную колькасьць зброі. Улады накіравалі на здушэньне паўстаньня войска з танкамі і авіяцыяй. Палілася кроў. У чэрвені 56-га польская рэдакцыя Радыё Свабодўная Эўропа перадавала.

(Архіўны запіс 1956 году - камэнтатар: ) “У выніку рабочых дэманстрацыяў, крывава здушаных рэжымам, ёсьць шмат ахвяраў – 38 чалавек забітыя, а каля 270 параненыя”.

Цяпер гісторыкі падаюць яшчэ большыя лічбы – 60 забітых, сотні параненых, каля тысячы арыштаваных і катаваных пазьней у вязьніцах. Тагачасны прэм’ер- міністар ПНР Юзэф Цыранкевіч назваў пратэсты працоўных "правакацыяй рэакцыйных сілаў".

(Архіўны запіс - Цыранкевіч: ) “Крывавыя падзеі ў Познані, аднак, не стрымаюць партыю і ўрад ад таго, каб рабіць усё магчымае для дэмакратызацыі нашага жыцьця”.

У Польшчы ўпэўненыя, што менавіта падзеі 1956 году ў Познані былі падмуркам для пазьнейшых пратэстаў, стварэньня апазыцыі і, урэшце, падзеньня камуністычнага рэжыму.

(Клепас: ) “Няма сумневу, што гэта было тое біблійнае зерне, зь якога вырасла “Салідарнасьць” і польская дэмакратыя”, - кажа Богдан Клерас, адзін зь лідэраў “Салідарнасьці”.

Сёлета гадавіна “познаньскага чэрвеня” адзначаецца надзвычай урачыста - з удзелам вышэйшых дзяржаўных уладаў - каб пра мужнасьць рабочых з Познані памятала перадусім моладзь, нягледзячы на дзесяцігодзьдзі камуністычнай забароны на ўспамін аб гэтых падзеях. Але, здаецца, памятае: пра “познаньскі чэрвень” песьні пішуць нават польскія рэпэры.





Надпіс на будынку ЦК: "Гэта кватэра здаецца" (архіўнае фота):









"Першы крык за свабоду" (сучасны плякат):









Пляц Сталіна ў Познані, 1956 год (архіўнае фота):







Штурм турмы ў Познані, 1956 (архіўнае фота):







Захоплены танк у Познані, 1956 год (архіўнае фота):







Помнік паўстаньню ў Познані. Наш час.

XS
SM
MD
LG