Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што павінны былі прадэманстраваць беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 21 чэрвеня)

Удзельнікі: намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) падпалкоўнік запасу Ўладзімер Нісьцюк і галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты “Белорусские новости” Кірыла Пазьняк.

(Валер Карбалевіч: ) “З 2001 году ў Беларусі кожны год адбываюцца вучэньні. Але цяперашнія камандна-штабныя вучэньні “Шчыт Саюзу-2006” беспрэцэдэнтныя і маштабам, і ўдзелам у іх расейскага войска. На беларускіх аэрадромах зьявіліся самалёты дальняй авіяцыі, якія могуць несьці крылатыя ракеты. Акрамя таго, яны адбываюцца падчас плянаваных самітаў ЭўрАзЭС, АДКБ, ёсьць інфармацыя, што іх зьбіраецца наведаць Пуцін. Усё гэта надае вучэньням асаблівае палітычнае гучаньне. Якая прычына іх правядзеньня ў такім маштабе? Ці над Беларусьсю навісла рэальная пагроза вайны? Ці тут дзейнічаюць нейкія іншыя чыньнікі?”

(Уладзімер Нісьцюк: ) “Калі кіраўніцтва Расеі пачынала праграму стварэньня саюзнай дзяржавы, ставілася некалькі задачаў. Масква хацела ператварыць Беларусь у частку палітычнага, эканамічнага і вайсковага блёку пад эгідай саюзнай дзяржавы. Цяпер у эканамічных стасунках руху наперад няма. Палітычна таксама Беларусь захоўвае незалежнасьць, дзякуючы ўладным амбіцыям Лукашэнкі й настрою беларускага грамадзтва. Таму наперад інтэграцыя рухалася толькі ў трэцяй частцы, у вайсковым саюзе.

Створаная адзіная вайсковая групоўка. Гэта рэальны вайсковы блёк, хоць яго ніхто так не называе, бо ў ім неўраўнаважаныя сілы. Расейскія ўзброеныя сілы значна пераўзыходзяць беларускія. Гэтыя вучэньні ёсьць спробай Расеі падштурхнуць Беларусь да інтэграцыі ў палітычнай і эканамічнай сфэрах. Таму вялікі мэдыйны шум і іншае. У Расеі ёсьць пэўныя праблемы з Эўропай. Таму Масква імкнецца прадэманстраваць цягліцы, паказаць, што тут ёсьць сумесная вайсковая групоўка. Хоць зразумела — гэта, хутчэй, расейская групоўка з дадаткам беларускіх войск. (І няхай прабачыць мяне мой аднакашнік па Менскай сувораўскай вучэльні, цяперашні міністар абароны Леанід Мальцаў.)

Зразумела, ніякай пагрозы Беларусі няма. Ніхто не імкнецца да ўзброенага нападу на нас. Таму гэтыя манэўры ёсьць палітычнай акцыяй, у якой больш зацікаўленая Расея. І гэта спроба ціску на Лукашэнку, каб ён саступіў Маскве”.

(Кірыла Пазьняк: ) “Так, палітычны чыньнік у гэтай падзеі пераважае над вайсковым. Хоць для вайскоўцаў вучэньні заўсёды вельмі важныя, бо яны падтрымліваюць баяздольнасьць. У вучэньнях бярэ ўдзел беларуска-расейская групоўка. 20 чэрвеня генэральны сакратар Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы спадар Бардзюжа выказаў занепакоенасьць апошнімі манэўрамі НАТО. Я б яшчэ зьвярнуў увагу на сцэнар гэтых вучэньняў. Гэта своеасаблівая палітычная мэтафара паводле дачыненьняў у трохкутніку Беларусь—Расея—Захад. Нейкая Бугія ўчыняе агрэсію супраць Дзьвініі, якой дапамагае Дняпровія. То бок Захад нападае на Беларусь, і яе бароніць Расея. Такім чынам, Расея дэманструе Захаду, што яна не ўпусьціць Беларусь зь сфэры свайго ўплыву. Гэта пацьвярджае і назва вучэньняў: “Шчыт Саюзу-2006”.

Таксама гэта ёсьць дэманстрацыяй посьпехаў у вайсковым супрацоўніцтве, якое найбольш распрацаванае ў беларуска-расейскай інтэграцыі. Але я не пагадзіўся б са спадаром Нісьцюком, што Беларусь аднабакова залежная ў вайсковым пляне ад Расеі. Тут ёсьць і адваротны працэс. Расея таксама залежыць ад Беларусі. Беларусь — гэта заходні фарпост Расеі”.

(Карбалевіч: ) “Спадар Нісьцюк, вы казалі пра інтарэсы Расеі, пра задачы, мэты, якія ставіць Масква падчас гэтых вучэньняў. А якія задачы і мэты ў Беларусі? Вядома, што расейскія сілавікі найбольш лабіююць у крамлёўскіх кабінэтах ідэю інтэграцыі зь Беларусьсю. Цяпер, калі беларуска-расейскія дачыненьні пераходзяць у крызісную стадыю, ці не падаецца вам, што гэтыя вучэньні павінны выратаваць ідэю інтэграцыі?”

(Нісьцюк: ) “Я згодзен з такой высновай. Я таксама згодзен са спадаром Пазьняком, што адна з задачаў — прадэманстраваць ролю беларускага войска ў саюзе дзьвюх краінаў, паказаць вагу Беларусі ў палітыцы Расеі. Беларусь, безумоўна, залежыць ад Расеі. Тэхніка, зброя беларускага войска — расейскія. Але цяпер мы моцна зьвязаныя. І расейскае войска на гэтым магчымым тэатры ваенных дзеяньняў залежыць ад беларускага. Асабліва моцная залежнасьць у сфэры супрацьпаветранай абароны”.

(Карбалевіч: ) “Адсюль вынікае і такі мэсыдж: “І таму нас ня трэба моцна душыць газам”.

(Нісьцюк: ) “Так, мы вам яшчэ патрэбныя”.

(Пазьняк: ) “Посьпехі супрацоўніцтва ў вайсковай сфэры могуць быць козырам Лукашэнкі ў перамовах з Расеяй і на эканамічныя тэмы. Урэшце, захад, ён можа прад’явіць Маскве пазоў за вайсковыя аб’екты. Так ужо было неаднаразова. Таксама гэтымі вучэньнямі Лукашэнка ўмацоўвае свае пазыцыі ў вайсковым лобі Расеі. І ёсьць яшчэ прапагандысцкі мэсыдж для насельніцтва: моцная дзяржава тая, якая мае моцную армію”.

(Карбалевіч: ) “Вось давайце пагаворым наконт апошняга чыньніку. Вучэньні — гэта яшчэ й піяр-акцыя, палітычнае пасланьне ўласнаму народу. Якое гэтае пасланьне?”

(Нісьцюк: ) “Любое вучэньне ёсьць адначасова і палітычнай, прапагандысцкай акцыяй. Калі я служыў у савецкім войску, вучэньні мелі й значнае палітычнае значэньне, яны павінны былі прадэманстраваць, што войска гатовае абараніць дзяржаву і грамадзтва. Цяпер усе вучэньні ў Беларусі маюць палітычны сэнс. Нават калі вучэньні невялікія, у іх удзельнічае галоўнакамандуючы ў сваім традыцыйным касьцюме. Народу дасылаецца пасланьне, што ў нас моцная армія, якая можа нас абараніць. А яшчэ такі мэсыдж: улада мае моцную апору ў войску.

Можна было б пагадзіцца, што так і павінна быць у дзяржаве, каб выхоўваць патрыётаў, даводзіць людзям іхную абароненасьць. Але нават шмат вайскоўцаў пагаджаецца з тым, што такі моцны піяр цяпер ня надта патрэбны. Таму што на яго ідзе шмат сродкаў, асабліва калі няма рэальнай небясьпекі, ворагаў”.

(Карбалевіч: ) “У гэтым сэнсе прызыў у войска рэзэрвістаў, так званых партызанаў, які мае сэнс — вайсковы, палітычны, прапагандысцкі?”

(Нісьцюк: ) “Думаю, больш прапагандысцкі. Прызыў вайскоўцаў запасу называецца мабілізацыяй. Калі брацца за справу сур’ёзна, то трэба ствараць пэўную сыстэму. І тады на вучэньні прызываць з запасу больш маштабна. А цяпер прызвалі некалькі соцень на тыдзень-два, каб яны пастралялі на палігоне. Вялікага сэнсу ў гэтым няма”.

(Пазьняк: ) “Акрамя таго, што ўжо сказана, я б адзначыў яшчэ два мэсыджы. Па-першае, паказаць беларускаму народу, што ў дачыненьнях з Расеяй усё добра. Таму што людзі пачалі бянтэжыцца ад заяваў “Газпрому”. Па-другое, гэта эксплюатацыя старой тэмы, што вакол ворагі, а Беларусь — крэпасьць у аблозе”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, правядзеньне беларуска-расейскіх камандна-штабных вучэньняў “Шчыт Саюзу-2006” — акцыя і палітычная і вайсковая. Гэта дэманстрацыя сілы Захаду, сродак выратаваньня беларуска-расейскай інтэграцыі, палітычны піяр для электарату”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG