Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Нас, удзельнікаў вайны 1941-45 гг., абурае зьнішчэньне бібліятэкі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Ведаем, што ў адной краіне кнігі палілі. Гэта варварства, дзікунства..."


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за аўторак, 27 чэрвеня0. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Галіна Аляксандраўна, Магілёў: ) “Заўсёды з інтарэсам слухаю званкі радыёслухачоў. Дзіўлюся таму, што адных цікавіць чые-небудзь імя, другім час ня так сказалі, камусьці Буш дарогу перайшоў, пра нейкія 15 сутак мужчына казаў, а пра беларускага дыктатара і яго каманду – ні слова, за выключэньнем двух-трох тэлефанаваньняў.

З кожным днём жыцьцё пагаршаецца. Мая нявестка ня можа атрымаць дапамогу на дзіця, кажуць, што няма грошаў. Бяспраўе, дзяцей няма чым карміць. Няўжо ўсе так добра жывуць, што няма што сказаць, акрамя таго, як даведацца нечае імя ці пра Буша нешта? Беларускі сувэрэнітэт, можна сказаць, у небясьпецы. “Газпром” сьпіс склаў нафтаперапрацоўчых мерапрыемстваў, таго і глядзі, транзытную трубу забярэ за танны газ. Не імёнамі трэба цікавіцца і іншай дробязьзю, а крычаць, абурацца з таго, што адбываецца за нашымі сьпінамі. Пакуль Лукашэнка таргуецца з Крамлём, з “Газпромам”, як бы яму больш выгадна прадаць незалежнасьць Беларусі – вось галоўная тэма, якая павінна сёньня турбаваць кожнага беларуса”.

“У Праскім акцэнце” абмяркоўвалася пытаньне аб падтрымцы апазыцыяй Лукашэнкі ў абароне незалежнасьці Рэспублікі Беларусь. На мой погляд, Лукашэнка нават у марах ня можа спадзявацца на падтрымку лідэрамі апазыцыі якой бы там ні было абароны. Перш чым спадзявацца на абарону ці прасіць яе, ён павінен зрабіць літаральна адзін крок, калі лічыць сябе прыстойным чалавекам. Гэта публічна з экранаў тэлебачаньня папрасіць прабачэньня за свае абразы ў адрас апазыцыі, пры чым у прысутнасьці на тэлебачаньні лідэраў-апазыцыянэраў. Другі крок – вызваліць усіх палітвязьняў, спыніць перасьлед іншадумцаў. Пасьля таго, як гэта ўсё будзе зроблена, апазыцыі, магчыма, трэба будзе вельмі сур’ёзна падумаць, ці ня будзе гэта памылкай пайсьці на нейкія кантакты, дыялёгі ці яшчэ нешта”.

(Спадарыня: ) “Толькі чалавек, які так і не палюбіў гэтай зямлі, можа сказаць, што ўся спадчына Быкава ня варта і адной аповесьці “Лёс чалавека”. Канечне, "Лёс" рэдкая зьява ў шэрагу франтавой прозы, ад прапаганды далёка, а да пацыфізму блізка. Быкаў аказаўся здольным умясьціць у сябе архетып чалавека тутэйшага, адсюль асобы лявінападобны гуманізм даў адзін па сутнасьці сюжэт – жывая душа жаліцца беламу сьвету на свае пакуты. І пакуль нясе чалавек свой крыж і дабывае хлеб у поце чала, застануцца творы яго актуальнымі”.

(Спадар: ) “Ведаеце, вельмі недарэчна чуць словы спадара Фядуты пра тое, што трэба ісьці на нейкі хаўрус з Лукашэнкам. Лукашэнка, я мяркую, – гэта адзіная пагроза незалежнасьці Беларусі, таму нельга ісьці ні на які зь ім хаўрус. Трэба бараніцца сваімі сродкамі, сваімі сіламі. І гэта будуць рабіць тыя людзі, якія заўсёды адстойвалі на Плошчы і паўсюль гэтую незалежнасьць”.

(Радзімоўскі Юры: ) “Паважаная “Свабода”! Вы пыталі пра адносіны да падзеяў, якія адбыліся ў сакавіку, калі моладзь у намётах супрацьстаяла рэжыму. Канечне, я стаўлюся да гэтых падзеяў вельмі ўважліва, вельмі дабрачынна. Я спачуваю і цалкам падтрымліваю гэтыя падзеі. Але справа ў тым, што наш электарат, люд, які жыве простым жыцьцём, проста не чытае незалежную прэсу. Яны да гэтых падзеяў паставіліся вельмі няўважліва, вельмі дрэнна, для іх гэта быў, як нейкі камень. Яны не прывыклі да гэтага. Тым больш падзеі ва Ўкраіне паказалі, што свабода слову там ёсьць, дэмакратыя там разьвіваецца. Але ім патрэбны кавалак каўбасы, ім патрэбнае спакойнае жыцьцё – і больш нічога. Яны ня думаюць пра тое, што далей, як далей.

Безумоўна, для Захаду патрэбна была карцінка, каб у далейшым плянаваць, як ставіцца да рэжыму, да Беларусі. Але вось я Мілінкевічу казаў, калі б ён пагадзіўся з Казуліным і зьняў бы сваю кандыдатуру, то цалкам магчыма, што на дадзены момант яго падтрымка электаратам была бы значна большая. Казулін жа прапаноўваў зьняць кандыдатуру на карысьць будучага, бо сапраўды ў гэтых умовах нельга правесьці выбары адкрыта, галосна, дэмакратычна. Мне Мілінкевіч сказаў, што яго прасілі не здымаць сваю кандыдатуру ні ў ніякім разе. Мілінкевіч, магчыма, мяне не зразумеў, падумаў, што я нейкі здраднік. Але я адданы Беларусі, цалкам адданы барацьбе за незалежнасьць, барацьбе сьвятой. І я ўпэўнены, што калі б 19-га сакавіка былі зьнятыя кандыдатуры Мілінкевіча і Казуліна, то цалкам магчыма, што электарат бы зразумеў, (бо жыцьцё ж пагаршаецца), што яны зрабілі гэта ня дзеля ўлады, а каб мы сапраўды зразумелі, што нам патрэбна іншае жыцьцё, жыцьцё больш адкрытага грамадзянства, жыцьцё больш адкрытай краіны, жыцьцё больш дэмакратычнае, сувэрэннае, каб у нас разьвіваліся грамадзянскія інстытуты”.

(Ларыса, пэнсіянэрка зь Менску: ) “Вялікае ўражаньне на мяне аказалі адказы Валянціна Тараса слухачам “Свабоды”. Адказы грунтоўныя і зразумелыя. У яго адказах адчуваецца прыродная чуткасьць, ён распазнае дабро і зло, праўду і хлусьню. Мне гэта вельмі зразумела, бо я як раз гэта ўсё перажыла ў дзяцінстве і пазьней.

На пытаньне, як немцы ўвайшлі ў Менск 22 чэрвеня і як яны сябе адчувалі, я бачыла з вакна сваёй хаты, якая стаяла на беразе Сьвіслачы, як раз насупраць пазьней пабудаванага Палацу спорту. Яны купаліся ў рацэ, гулялі на губных гармоніках і сьпявалі – гэта засталося ў памяці. Яны адчувалі сябе свабодна. Пазьней яны ўжо адчувалі супраціўленьне з боку партызанаў і падпольшчыкаў.

Зараз як раз чытаю выбраныя аповесьці і расказы Валянціна Тараса “Дань времени”. На першай старонцы ёсьць такія радкі, якія добра характарызуюць гэтага пісьменьніка:

Принёс крупицу правды данью, На большее не стало сил. Но, видно, нет мне оправдания, Что головой не заплатил".

(Спадар: ) “Нас, удзельнікаў вайны 1941-45 гг., абурае зьнішчэньне Бібліятэкі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Ведаем, што ў адной краіне кнігі палілі. Гэта варварства, дзікунства, якога яшчэ не было ў нашай рэспубліцы, калі не лічыць закрыцьцё Беларускага ліцэю імя Якуба Коласа. На вуліцу спачатку дзяцей, цяпер – беларускія кнігі. Удзел у рабаваньні нашай беларускай культуры, на жаль, прымае бібліятэка прэзыдэнта. Сорам!”

(Спадар: ) “Хачу задаць пытаньне Аляксандру Мілінкевічу. Калі ён прыедзе да нас на Случчыну? Мы хочам сустрэцца зь ім і ягоным асяродзьдзем, каб ён правёў з актывам сход, каб ісьці наперад да дэмакратыі. Гасподзь! Калі скончыцца гэтае бяспраўе Лукашэнкі? Калі скончаць зьдзекавацца з народу? Слава Ісусу, што ён дае нам столькі цярпеньня. Дзякуй, Гасподзь!”

(Васіль Цюхай, Беразіно:) “Вельмі ўважліва паслухаў “Праскі акцэнт”, і мне падалося, што абодва экспэрты ці прама, ці ўскосна, ці самасупярэчліва выказалі адну думку – трэба фармальна ўвайсьці ў склад Расеі. Магчыма, я нешта не дачуў, магчыма, выдаю ўласныя высновы за меркаваньні іншых людзей.

Сёньня мы маем фармальную незалежнасьць, але духоўнай незалежнасьці альбо незалежнасьці нацыі ў нас ужо няма ці хутка ня будзе, дзякуючы Лукашэнку, а зусім не Расеі. Апазыцыя можа прапанаваць Пуціну не саюзную дзяржаву, як Лукашэнка, але адзіную дзяржаву з назвай Расея, расейскім рублём, агульнай эканомікай і ўсім астатнім, і прэзыдэнтам Пуціным у якасьці прэзыдэнта. Расейскі рубель усё роўна мала што вырашае, бо людзі болей шануюць даляр. Да таго ж Расея не займаецца такімі вычварэньнямі, як аграгарадкі і калгасы. Як толькі беларускі селянін стане на ногі, у нас адразу зьявіцца гістарычны шанец. Але перадусім трэба выставіць шэраг умоваў: роўны статус беларускай і расейскай мовы, беларускамоўная адукацыя, адмена рэгістрацыі друкаваных СМІ, пераклад расейскіх тэлеканалаў на беларускую мову і ўнутраныя трансьляцыі “Свабоды”, так, як гэта робіцца ў самой Расеі.

Беларусы заўсёды памяталі, што яны беларусы, як пры савецкай уладзе, так і раней у складзе Расейскай Імпэрыі, так і сёньня памятаюць. Сёньняшняя інтэграцыя – гэта ня болей чым прыгожае слова, якім улада спрабуе прыкрасіць здраду Лукашэнкі сваёй краіне дзеля асабістай улады і спадзяваньня на расейскі прастол. Які бацька незалежнасьці, такая і незалежнасьць. Эканомікі ўзаемазьвязаныя, палітыка аднолькавая, абарона агульная. Можа, лепей ня хлусіць самім сабе, можа, лепей рызыкнуць і зрабіць так, як калісьці зрабіў Кутузаў, які аддаў Маскву Напалеону, каб сабрацца сіламі і прагнаць захопнікаў? Бываюць выпадкі, калі дзецям лепей жыць у людзях, чым за ўласным бацькам. Беларусы акурат у такой сытуацыі і апынуліся. Няхай Лукашэнка застанецца адзін. А праз колькі часу Беларусь выйдзе з Расеі і абвесьціць сапраўдную незалежнасьць.

У 20-м стагодзьдзі шматлікія краіны сталі незалежнымі, і ў 21-м гэты працэс працягваецца. Нядаўні прыклад – Чарнагорыя. Расея ня зможа праглынуць Беларусь, падавіцца. Чаму мы глядзім на падзеі праз прызму старэйшага брата? Можа быць, Беларусь праглыне Расею? Перамагае заўсёды той народ, у якога мацнейшая культура. Да таго ж, ня ўсе расейцы імпэрыялісты. І далучэньне да Расеі можа выклікаць хвалю антынацыяналізму ў Беларусі. У любым выпадку, клін клінам выбіваюць.

На плошчу выйшла мала людзей, бо гэта быў выхад супраць Расеі, у першую чаргу. Нас усяго 10 мільёнаў. Колькі б ні выйшла, мы ня зможам перамагчы 150, ці колькі там, мільёнаў расейцаў. Трэба нейкім чынам сутыкнуць Расею з Лукашэнкам. Апазыцыі трэба ўзяць Расею ў саюзьнікі супраць Лукашэнкі. У Расеі людзі жывуць часткова па закону, часткова па крымінальных панятках. Але ў Расеі шмат крымінальных аўтарытэтаў, а ў Беларусі толькі адзін – Лукашэнка. Прэзыдэнт сказаў, прэзыдэнт вырашыў, прэзыдэнт загадаў, прэзыдэнт даручыў. Без прэзыдэнта адбудзецца канец сьвету.

Я ня згодны са спадаром Булгакавым, што незалежнасьці нішто не пагражае. Пагражае Лукашэнка. Я ня згодны са спадаром Фядутам, што трэба падтрымаць Лукашэнку, зразумела чаму.

Бог карае адны народы іншымі за грахі. Значыцца, прычыну расейскай экспансіі трэба шукаць унутры Беларусі. І прычына гэтая – ня той чалавек ва ўладзе. Паўсюль ходзяць нечасьціўцы, калі нікчэмныя сыноў чалавечых узвысіліся. “Служыце цару бабілёнскаму, – сказаў прарок, – бо свой цар – грэшнік”.

Прапаную слухачам “Свабоды” і палітыкам паразважаць на гэтую тэму. Адразу скажу, што я, як і большасьць слухачоў “Свабоды”, лічу незалежнасьць найвялікшай каштоўнасьцю. Да таго ж я не палітык, каб нешта вырашаць. Таму я хацеў бы пачуць разважлівыя меркаваньні, а не эмацыйныя. Расея ўсё роўна ня выканае ўмовы кантракту. Таму пасьля Лукашэнкі мы абвесьцім сапраўдную незалежнасьць”.

(Анастас Семяновіч: ) “На пытаньне тыдня, які сьлед пакінула плошча Кастуся Каліноўскага, адказ кароткі: толькі пазытыўны. Калі едзеш у аўтобусе, моладзь толькі і абмяркоўвае гэтыя падзеі: плошчу Каліноўскага і галадоўку дзяцей у Салігорску. Будуць перамены ў канцы году альбо ў пачатку наступнага. Канец лукашыстам чакаць засталося няшмат.

А цяпер да вас пытаньне. Калі мае два сыны зьехалі ў Канаду і атрымалі там грамадзянства, ці магу я паехаць жыць да іх? Там, акрамя іх, жывуць мае ўнукі і ўнучкі. Мне і жонцы больш за 70 гадоў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG