Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У перадачы: Васіль Быкаў, Ала Сямёнава, Тацьцяна Маркавец


Радыё Свабода Аўтары: Валянціна Аксак, Міхась Скобла, Іна Студзінская.

КНІГА І АЎТАР

Творы Васіля Быкава выдаюцца ва ўсім сьвеце. За апошнія тры гады пасьля сьмерці пісьменьніка ў расейскіх выдавецтвах выйшла больш за паўтара дзясятка кніг Быкава. Сёлета Быкаў выходзіў у Нямеччыне, у Польшчы, у Чэхіі, ва Ўкраіне. У Беларусі творы Быкава выдаюцца цяпер толькі ў недзяржаўных выдавецтвах. Кіраўнікі дзяржаўных лічаць, што сёньня творы Быкава будуць незапатрабаваныя. З працягам тэмы — Іна Студзінская.

Адразу ж пасьля адыходу Васіля Быкава выдавецтва "Кніга" перавыдала "Доўгую дарогу дадому". У 2004 годзе выйшла быкаўскае "Выбранага" ў сэрыі "Беларускі кнігазбор". У сэрыі "Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе" двойчы, у 2004-м і 2005-м гадах, выдавалася кніга радыёпубліцыстыкі "Быкаў на Свабодзе". А грамадзкая ініцыятыва "Воля народу" пачала выпускаць Збор твораў Быкава ў 14-ці тамах, выйшла ўжо шэсьць тамоў.

Дзяржаўныя выдавецтвы Быкава ігнаруюць. Яшчэ пры жыцьці народнага пісьменьніка выдавецтва "Мастацкая літаратура" заплянавала выдаць васьмітомавік. Быў распрацаваны выдавецкі плян-праспэкт, два таму былі падрыхтаваныя да друку. Але нечакана, пасьля зняважлівых выказваньняў на адрас Быкава кіраўніка дзяржавы, стаўленьне ў чыноўнікаў ад літаратуры да ўсясьветна прызнанага клясыка памянялася. Паслухаем дырэктара выдавецтва "Мастацкая літаратура" Вячаслава Мачульскага.

(Мачульскі: ) "Быкаў сапраўды стаяў у пэрспэктыўным пляне, але не ў гадавым, а па вывучэньні попыту. У сувязі з тым, што заказаў не было, у рэальны плян Быкаў уключаны ня быў".

Няхай гэта выказваньне застанецца на сумленьні спадара Мачульскага.

Выданьні, якія ўваходзяць у дзяржаўную "Рэспубліканскую выдавецкую ўстанову "Літаратура і мастацтва", цягам апошніх гадоў ні радка Васіля Быкава не апублікавалі. Ні часопісы "Полымя" і "Маладосьць", ні штотыднёвік "Літаратура і мастацтва", ні "Нёман" у перакладах па-расейку. Хаця раней, калі выданьні належалі Саюзу пісьменьнікаў, штогод яны друкавалі творы Васіля Ўладзімеравіча. Зараз актыўна, з нумару ў нумар, новыя творы, мэмуары, лісты Быкава друкуе часопіс "Дзеяслоў".

Сёлета на ўзроўні Ўраду прынята рашэньне выдаць у "Мастацкай літаратуры" Поўны збор твораў Івана Шамякіна. Што да Быкава, то наўрад ці выдавецтва на гэта пойдзе. Гаворыць дырэктар выдавецтва Вячаслаў Мачульскі.

(Мачульскі: ) "Для таго, каб выдавецтва ўзялося за такую працу, трэба, каб было волевыяўленьне нашчадкаў аўтара. На сёньняшні дзень у мяне няма ні заявы Васіля Быкава, ні ягоных нашчадкаў. А гэта аўтарскае права. Проста так прыдумаць і выдаць я ня маю права бяз аўтарскай дамовы".

Затое ў суседняй Расеі Быкава выдаюць часта. Толькі маскоўскія выдавецтвы за апошнія 3 гады выдалі больш за 15 кніг. Распавядае літаратар і выдавец Уладзімер Сіўчыкаў.

(Сіўчыкаў: ) "Да мяне зьвярталіся мае расейскія калегі-выдаўцы. І я ім дапамагаў, працаваў над двума важкімі тамамі Быкава. У 2004 годзе ў выдавецтве "Марцін" выйшаў грунтоўны том "Выбранага". А ў так званым "высакалобым" выдавецтве "Вагрыюс" летась выйшла кніга з чатырма аповесьцямі Быкава: "Кар''ер", "Аблава", "Пакахай мяне, салдацік" і "Аўганец".

Гутару з Ірынай Міхайлаўнай Быкавай, да якой зьвяртаюцца і выдаўцы, і тэатралы, і кіношнікі з усяго сьвету:

(Быкава: ) "У Расеі шмат кніг выйшла. І ня толькі кніг. У Піцеры радыёспэктаклі рабілі і робяць, падаюць заяўкі здымаць фільмы. Украіна добра ставіцца, там выйшла кніга, у Францыі таксама, з Нарвэгіі даслалі запыт. Званілі мне з Бэрліну, там у гэтыя дні фільм "Сотнікаў" паказвалі і нямецкія кіназнаўцы выказваліся".

Што кнігі Быкава чытаюць, набываюць, сьведчыць літаратар і выдавец Уладзімер Сіўчыкаў.

(Сіўчыкaў: ) "Магу засьведчыць, што ў Маскве на Беларускім вакзале той жа "Аўганец" прадаецца. Сам бачыў, як на кніжным кірмашы, на выставе вэтэраны падыходзілі, набывалі "Выбранае" Быкава. Людзі з задавальненьнем бралі і казалі: "Так, ведаем, бо ніхто пра вайну не напісаў лепш за яго?". Быкаў — гэта наш сьцяг, наш нацыянальны гонар. Ня можа ў нармальных людзей да яго нейкая прахалода паявіцца".

АЛА СЯМЁНАВА: “ВЕЛЬМІ ВАЖНА, ШТО ВЫХОДЗЯЦЬ НЕДЗЯРЖАЎНЫЯ ВЫДАНЬНІ”

Крытык Ала Сямёнава вось ужо сорак гадоў заўважна прысутнічае ў беларускай літаратуры. Яе крытычныя ацэнкі дакладныя, яна заўсёды ўмела зірнуць на той ці іншы твор з гледзішча вечнасьці. І мала калі памылялася. Многія творцы, чый дэбют быў заўважаны яе патрабавальным вокам, паступова пераходзяць у разрад клясыкаў. Сёньня пісьменьніца пасьпяхова працуе і ў іншых жанрах, піша эсэ і кнігу мэмуараў “Туманы памяці”. З Алай Сямёнавай сустрэўся Міхась Скобла.

(Скобла: ) “Спадарыня Ала, як бы вы схарактарызавалі сёньняшні стан літаратуры — у параўнаньні з ранейшымі часамі?”

(Сямёнава: ) “У нас усё ж існуюць незалежныя недзяржаўныя выданьні. І гэта вельмі важна. Выходзяць кнігі, хай сабе й невялікімі накладамі. Але людзі друкуюць тое, што яны хочуць друкаваць, ніхто ім не перашкаджае. Але літаратурны працэс у нас сёньня адсутнічае. Бо літпрацэс – гэта ўзаемаабмен думкамі. А ў нас што? У тыднёвіку “Літаратура і мастацтва” крытык N піша, што публікуе свой артыкул “у парадку палемікі”. Але ўсе ведаюць, што ніякай палемікі ня будзе! Крытыкі сапраўднай таксама ў нас няма. Ёсьць некалькі чалавек, такіх арбітраў элеганцыі, як некалі было пры Нэроне, якія пішуць пра літаратуру. Вазьміце газэту “Советская Белоруссия” ці той жа “ЛіМ” — пішуць некалькі чалавек, і пераважна гэта практыкаваньні пачаткоўцаў”.

(Скобла: ) “На адкрыцьці новай Нацыянальнай бібліятэкі прысутнічала мноства чыноўнікаў, але не было ніводнага пісьменьніка. Чаму літаратараў не запрасілі на цырымонію?”

(Сямёнава: ) “Нас не запрашаюць ня толькі на адкрыцьцё бібліятэкі. Сёньня большасьць вядомых, усімі шанаваных пісьменьнікаў не друкуюцца ў дзяржаўных выданьнях. Адбываюцца нейкія Дні пісьменства, Сьвяты паэзіі, на якіх я ня бачу ні Рыгора Барадуліна, ні Ніла Гілевіча, ні Ўладзімера Някляева, ні Леаніда Дранько-Майсюка... Па-сутнасьці — нікога”.

(Скобла: ) “Пісьменьнікі аказаліся лішнімі для ўлады людзьмі?”

(Сямёнава: ) “Атрымліваецца, што так. І ня толькі тыя, што ў апазыцыі да ўлады. Адзін літаратар з новастворанага праўладнага Саюзу пісьменьнікаў прызнаўся мне, што яго вельмі расчаравала штогадовае пасланьне прызыдэнта. Там не было ні слова пра культуру, ні слова пра літаратуру”.

(Скобла: ) “Вы ў свой час пісалі Пра Міхася Стральцова, Уладзімера Караткевіча, Янку Брыля, Рыгора Барадуліна, Натальлю Арсеньневу, Васіля Быкава… Калі б вы ўкладалі кампактны аднатомавік Быкава, які ўсё ж многа напісаў, што б вы ў яго ўключылі?”

(Сямёнава: ) “Уключыла б “Мёртвым не баліць”, “Сотнікава”, “Жураўліны крык”, публіцыстыку апошняга часу — вельмі яркую, па-грамадзянску насычаную, па-мастацку выснаваную”.

(Скобла: ) “Як вы лічыце, Быкаў сёньня прачытаны, асэнсаваны?”

(Сямёнава: ) “Думаю, што Быкаў належыць да тых пісьменьнікаў, якія будуць прачытвацца кожным новым пакаленьнем па-свойму. Яму заўсёды рабілі закід: чаму толькі вайна, толькі ваенная тэматыка? Але справа ў тым, што з дапамогай ваеннай тэмы пісьменьнік вырашаў агульнафілязофскія праблемы. Вайна — гэта менавіта той момант, калі ня можа быць кампрамісу: альбо так, альбо не! Неяк падчас спрэчкі адзін вядомы літаратуразнавец даводзіў мне, што ў Рыбака з “Сотнікава” яшчэ заставаўся шанец. А мне здаецца, што калі ён выбівае табурэтку з-пад ног Сотнікава, то ў яго ўжо няма ніякага шанцу, ён ужо страціў сваю чалавечую годнасьць”.

(Скобла: ) “Адзін малады літаратар гаварыў: “Добра было Льву Талстому — у яго была свая Ясная Паляна. Добра Янку Брылю — у яго ёсьць сваё Крынічнае”. Гэта значыць — месца, дзе можна пазбыцца мітусьні, засяродзіцца. У вас ёсьць такое месца?”

(Сямёнава: ) “Я ўмею знаходзіць такія месцы. Вельмі люблю бібліятэкі. Нярэдка заходзіла ў старую Нацыянальную, у новай яшчэ не была. Калі не атрымліваецца выехаць у лес ці некуды за горад, іду ў парк. У Менску пакуль ёсьць выдатныя паркі. І там, дзе я жыву (раён вуліцы Сердзіча), ёсьць вельмі добры, зацішны парк. Ён вельмі прыгожы, ляндшафтна-пэйзажны. Там зацішна і ўтульна, асабліва ад шасьці да васьмі гадзінаў раніцы. Калі ёсьць тэрміновая праца, то я магу нешта накідаць проста на лаўцы. І так пісаць мне неаднойчы даводзілася. Адзінае, што мне патрэбна, — момант адстароненьня. Пабыць трохі сам-насам. І мне здаецца, што творчы чалавек можа заўсёды знайсьці і такі момант, і такое месца”.

(Скобла: ) “Цікавы факт: у Акіяніі жывуць птушкі, якія ўпрыгожваюць свае гнёзды рознакаляровымі каменьчыкамі. Мала таго, яны дафарбоўваюць каменьчыкі сокам са сваіх дзюбкаў. Ці не азначае гэта, што мастацтва — інстынкт, закладзены ў нас прыродай?”

(Сямёнава: ) “Безумоўна! Андрэ Мальро калісьці казаў: “Мастацтва — гэта анты-лёс”. Я магу дадаць, што мастацтва — гэта і лёс”.

АЛА СЯМЁНАВА. З будучай кнігі “ТУМАНЫ ПАМЯЦІ”

* * * Лета. Час адпачынкаў, вандровак. Згадваю даўняе. Карпаты. Гуцульшчына. Казачна прыгожыя будынкі — драўлянае разьбярства. На мастку каля вадаспаду хлапчук прадае вішні. “Цёцінька, купуйтэ ягоды, а то я всі з’ім”.

Кактэбель. Дом Валошына, легенды вакол яго. Моладзь побач з тым самым Домам, на нябярэжнай, сьмела (на той час) выводзіць: “Сегодня ходишь в бороде. А завтра — где? В Энкавэде?” У Жабінай затоцы адзін намёт за другім. І надпісы: “Мой дом — твой дом. Заходзь”.

Цяпер у Крыма іншы клопат. Мае суайчыньнікі, якія маюць грошы, едуць больш у Турцыю. Іронія лёсу. Калісьці сьпявалі: “Не нужен нам берег турецкий и Африка нам не нужна”.

* * * Вакацыі. Знаёмая просіць параіць яе сыну, што глядзець па тэлебачаньні. Добрасумленна праглядаю праграмы — ажно 43! Спрабую нешта глядзець…

Такое ўражаньне — не было Элады, не было дзьвюх тысячаў гадоў хрысьціянства… Не існавалі на зямлі ні Гамэр, ні Шэксьпір, ні Гётэ… Не гучала ніводнай музычнай фразы Баха, недзе зьнік Шапэн, а Моцарт прыдатны толькі для пазыўных мабільнікаў.

Няўжо тэхнічны цуд — тэлебачаньне — прызначаны для інфузорый? Я разгубілася. Хіба параіць глядзець навіны на Euro News?

* * * Нельга было і ўявіць, што буду пра іх — я! — згадваць у мінулым часе.

Алесь Пісьмянкоў… Сьветлы, ясны, высакародна-дабразычлівы, таленавіты. Аўтары ахвотна ішлі да яго ў тыднёвік “Літаратура і мастацтва”. А якія пёры ён сабраў, прыйшоўшы ў “Вожык”! Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Анатоль Кудравец…

Алесь Асташонак… Чалавек эўрапейскага прыцэлу. Адначасова вытанчана-далікатны і падкрэсьлена грубаваты. Выдатна ведаў мовы. Вельмі блізка прымаў да сэрца драму Міхася Стральцова. Яго ўласны лёс ці ня выдаўся яшчэ больш горкім?

Анатоль Сыс… Нядаўні інфантэрыбль Саюзу пісьменьнікаў. З былой суполкі “Тутэйшыя”. У Доме літаратара сказаў мне: “Чытаў цябе ўсю ноч”. На “ты” — не ад зьнявагі, ня ўзважваючы храналягічныя разьбежкі, проста — ад дабразычлівай прыязнасьці моманту. Увогуле помніцца ён не па сваіх эскападах. Нейкім іншым. На пахаваньні Жэні Янішчыц — аддалены, увесь у сабе, недзе там, дзе “церні німбамі прарасьлі”.

“Улюбёнцы багоў паміраюць маладымі.” А колькі, дарэчы, жыў аўтар выслоўя — Плаўт?

* * *

Сады Эдэму… Сады Акадэміі… Сады Сяміраміды… Сады, квецень, аазісы… А пустэльня — гэта пустэльня. Хіба што “горад Сонца” з утопіі. Дык то ж утопія.

А ў нас так лёгка сякуць і пілуюць дрэвы! Парадкуюць. Тым часам нават у казцы не вырастае за ноч сад ці хоць бы дрэва. Палац — калі ласка.

Зьбяры ўсё найноўшае будаўнічае начыньне, згані цэлую армію будаўнікоў — дрэва ня вырасьце ні за ноч, ні за месяц, ні за год. Патрэбна — жыцьцё. Natura nihil aptius. Няма нічога больш упарадкаванага за прыроду.

* * * Апускаю ў скрынку ў будынку Галоўпаштамту ліст. У далёкае — паводле сёньняшняй палітычнай геаграфіі — замежжа. Зь Менску ў Беласток. Юнак і дзяўчына (яна трымае ў руках канвэрт) пытаюцца: адкуль пойдзе хутчэй — з гэтай скрыні ці з той, што на ганку? Пытаюцца па-беларуску. Зразумела, адказваю ім на той самай мове. Яны вядуць гаворку яшчэ пра нешта і глядзяць на мяне, як на чалавека, прыналежнага да таго ж ордэну, што і яны. З даверам. І я гляджу на іх. З даверам і надзеяй…

ВЭРНІСАЖ

Тацьцяна Маркавец: “Сапраўдны вобраз Беларусі — гэта гАды”

Тацьцяна Маркавец — унікальная мастачка. Яна дасканала валодае ці ня ўсімі тэхнікамі традыцыйнага народнага мастацтва — пляце забаўныя фігуркі з саломы і лепіць іх зь гліны, тчэ пасы, посьцілкі і габэлены. Сёньня яна распавядае нашай карэспандэнтцы Валянціне Аксак пра сваё захапленьне мастацтвам выцінкі.

(Валянціна Аксак: ) “Таня, што такое ўсё-ткі выцінанка: гэта мастацтва, народны промысел, ці нешта яшчэ?”

(Тацьцяна Маркавец: ) “Для мяне — гэта проста адна з магчымасьцяў выказваньня сябе, сваіх думак, сваіх вобразаў і пэўных уражаньняў”.

(Аксак: ) “Вядома, што выцінанка ўзьнікла не ў Беларусі, здаецца, яна прыйшла ў наш край з Кітаю, як патрэба аздобіць сваё жытло. У бедных сялянскіх хацінах трэба было павесіць нешта на вокны, і гаспадыні бралі старую газэту ці абгортачную паперу, выразалі нейкія ўзоры і вешалі на вакно. Як з такога чыста ўжытковага прызначэньня выцінанка ператварылася ў мастацтва, якое стала патрэбай вашай душы?”

(Маркавец: ) “Я б сказала, што ў Кітаі нарадзілася папера, сам працэс вытворчасьці яе. А вобразы, традыцыі і культура, звычайна, нараджаюцца там, дзе нараджаецца народ і дзе жыве гэты народ. Сутнасьць выцінанкі значна глыбей, чым сам матэрыял. Гэта кантраст паміж матэрыяй і пустатой. І калі шляхам складаньня таго ці іншага матэрыялу выразаўся сымэтрычна нейкі арнамэнт, ствараўся нейкі вобраз, то адсюль пайшло ўсё тое, калі пустата і матэрыя ствараюць нейкі рытм, які нясе ў сабе пэўную энэргетыку, нейкую задумку”.

(Аксак: ) “А калі вы захапіліся гэтым мастацтвам?”

(Маркавец: ) “Я ў дзяцінстве мела некалькі кніжак, якія аздобіў Вячаслаў Дубінка, таксама пра ягоную творчасьць шмат чула ад свайго бацькі…”

(Аксак: ) “Вы згадалі прозьвішча Вячаслава Дубінкі, аднаго з пачынальнікаў у сучаснай Беларусі гэтага віду мастацтва. Выцінанкамі захапляўся ўжо, на жаль, нябожчык, адзін са стваральнікаў школы беларускае рэстаўрацыі Валеры Сьлюнчанка. А наколькі пашырае сёньня ў Беларусі гэтае мастацтва?”

(Маркавец: ) “Калі я ім захапілася і ўбачыла, што ў мяне атрымліваюцца нейкія сур’ёзныя больш-менш рэчы, я тады зразумела, што ў мяне няма канкурэнцыі вялікай. Было толькі некалькі калегаў: Вячаслаў Дубінка, Сакалоў-Кубай, Алесь Лось, Аўчыньнікаў — іх зьлічыць можна было на пальцах адной рукі. На сёньняшні дзень ужо вельмі шмат і аўтараў, і нават шмат мэтодык вырабу выцінанак, шмат мэтодык выкладаньня, таму што амаль у кожнай школе ў праграме закладзены гэты від народнай творчасьці, шмат гурткоў і студый працуе”.

(Аксак: ) “Адным з такіх гурткоў у Менску кіруеце вы…”

(Маркавец: ) “Проста мне выпаў лёс весьці такую студыю. Дарэчы, даволі складана выкладаць выцінанку. Гэтая складанасьць мяне ўразіла і захапіла”.

(Аксак: ) “Таня, аднойчы вы сваім відам мастацтва стварылі вялікі скандал у Палацы мастацтва на выставе суполкі “Пагоня”, калі выставілі свае выцінанкі на тэму сучаснасьці…”

(Маркавец: ) “Рамкі гэтага мастацтва для мяне абмяжоўваюцца паперай, нажніцамі і сыметрыяй. Аркуш паперы складаю напалам, потым яшчэ раз напалам, потым яшчэ і нажніцамі раблю самае простае — два разы разану. Разгарнула — атрымаліся нейкія краты. Потым выйшла цэлая сэрыя гэтых кратаў, былі краты залатыя, былі краты з газэты — ці то газэты на чорным фоне, ці то чорныя краты, а ззаду газэта. Я ня ведала, як назваць гэтыя працы. Тут патрапіўся Алесь Разанаў, і ён сказаў: “Гэта вокны друку”. “Вокны друку” — назвала я іх і здала ў Палац мастацтва. Пакуль рабілася экспазыцыя, выйшаў нейкі чарговы дэкрэт прэзыдэнта аб цэнзуры ў сродках масавай інфармацыі. Час супаў. Але мастакі, якія рабілі экспазыцыю, не паздымалі ўсе тыя працы, якія цэнзары не прапусьцілі. Прыйшлі людзі на адкрыцьцё, глядзелі гэтыя творы… Скандал той быў добраю рэклямай…”

(Аксак: ) “Тэма кратаў, здаецца, больш не прысутнічае ў вашай творчасьці, а ёсьць такія клясычныя народныя матывы. І здаецца, самы любімы ваш вобраз — гэта дрэва. Чаму?”

(Маркавец: ) “Дрэва жыцьця ёсьць ва ўсіх філязофіях, ва ўсіх культурах, ва ўсіх мясцовасьцях. Гэта сапраўдны сымбаль жыцьця, гэта сувязь неба і зямлі, і таму гэта вечнае. А тое, што праз стагодзьдзі адшліфованае, гэта нездарма”.

(Аксак: ) “А вы не баіцеся, што ў сваіх творах вы нічога новага не адкрыеце гэткім чынам, калі гэта вечнае, калі гэта ва ўсіх народаў?”

(Маркавец: ) “Я пра гэта не хвалююся, у мяне заўжды шмат ідэяў, і адзін з будучых праектаў я магу агучыць. Аднойчы перад Калядамі я напісала шмат паштовак, лістоў, і пайшла на паштамт, каб іх паслаць. Там мне прадалі кіпу марак, і на ўсіх іх былі толькі гАды. У мяне быў шок. Людзі, якія на іншым канцы сьвету, атрымаюць гэтую марку зь Беларусі, што яны адчуюць? Гледзячы на гэты сымбаль, я некалькі тыдняў выношвала вобраз новых твораў. З часам я зразумела, што вобраз гАда — гэта сапраўдны сымбаль Беларусі. Што вось мы такія ж двухязычныя, такія ж вёрткія, такія ж мудрыя, такія ж талерантныя, памяркоўныя, але ў той жа час Яду маем, калі што. І я задумала зрабіць такі праект — “Сымбаль Беларусі”. Вобраз зьмяі, вужа — таксама вельмі архаічны. Гэта ўсё настолькі старое, шмат старэйшае, чым усе мы, але старое — яно не заўжды састарэлае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG