Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – агляд беларускага сеціва 26 чэрвеня


Юлія Шарова, Менск У беларускім сеціве блукае Юлія Шарова.

Навіна, якая сёньня прыцягвае пільную ўвагу наведвальнікаў форумаў TUT.by (forums.tut.by/showflat.php?Board=articles&Number=2328336&page=&view=&sb=5&o=&fpart=1&vc=1) – гэта заява сакратара савету бясьпекі Віктара Шэймана пра гатовасьць беларускага кіраўніцтва замарозіць рахункі Джорджа Буша й Кандалізы Райз. Рэакцыя на гэтую заяву ў тутбаеўцаў такая: “Найлепшы жарт году! КВЗ адпачывае!” “Выходжу я неяк зь “Беларусбанка”, а туды Джордж Буш уваходзіць… выяўляецца, ён туды сваю пэнсію пералічвае… і як ён цяпер будзе бяз пэнсіі, калі ягоны рахунак замарозяць?! Небарака!” “Цікава, а ў чым Кандаліза грошы ашчаджае? Напэўна ў рублях, па іх працэнты вышэйшыя”. “А давайце заблякуем рахункі Біла Гейтса й ангельскай каралевы”. “На заводзе “Атлянт” ужо рыхтуецца да выпуску халадзільная ўстаноўка для замарожваньня рахункаў”.

На сайце “Трэці шлях” нехта пад нікам Бізнэсоўца публікуе сёньня артыкул “Эканамічны цуд”. Вось некалькі цытатаў адтуль: “Бацька падбіраў атачэньне, як штатная какетка сябровак, гэта дазваляла яму выглядаць на іхным фоне сапраўдным прыгажуном… Анатоль зь Пятром былі неразлучнымі сябрамі. Яны патаемна ненавідзелі Бацьку ды лічылі яго пестуном. Змыецца на Кубу, а мы – адказвай… Пётар даклаў яму стан эканомікі. “А як курс даляра?” “У Амэрыцы абвальваецца, а ў нас стабільны, як заўсёды… але мы маем справу з фэномэнам, а, як вядома, выбітыня асобы мысьляць неардынарна”.

А на сайце www.studenty.by абмяркоўваюць навіну пра чарговую забарону “Адборышча” – адборачнага туру фэсту беларускай музыкі “Басовішча”. “Адборышча” пазбавілі ўжо дзьвюх пляцовак у Менску, да самога “Басовішча” застаецца меней за месяц. “Зараз думаеш, як ехаць на само Басовiшча... Каб нашым памежнiкам не надумалася адправiць мяне зноў на Радзiму, калi даведаюцца куды я еду”, – камэнтуе нехта Крайт.

Беларускія наведнікі папулярнага сайту віртуальных дзёньнікаў livejournal.com у летнюю сьпёку падпадаюць пад вясновыя настроі. Учора ЖЖ-карыстальнік harachka у суполцы minsk_by запрашаў беларускамоўных паненак у лазьню. Запрашэньне адміністратары суполкі выдалілі, harachka не супакойваецца. Сёньня (community.livejournal.com/minsk_by/1866691.html) ён прэзэнтаваў праект “Знаёмімся па-беларуску”. Цытую: “Галоўнае, што трэба рабіць – цягам 365 дзён знаеміцца з дзяўчынай на дзень, канешне ж, выкарыстоўваючы толькі беларускую мову! Важная ўмова – дзяўчына сапраўды павінна падабацца, і быць насамрэч клёвай!”

Камэнтары гасьцей старонкі: “Спадар Гарачка неадступна ды ўпарта спрабуе пазнаёміцца хоць зь некім. Выкажам захапленьне мужнасьцю ягонай – пасьля камэнтароў да постынга пра лазьню ня шмат хто адважыўся б паспрабаваць яшчэ раз”. “Кожны дзень новая дзяўчына? Пік-ап – гэта ўсё-ткі даволі непрыгожа”. “Дапамажыце чалавеку – падарыце пару касэтаў з фільмамі! Няхай парадуецца!”

Вясновая тэма каханьня не адпускае гарачым летам і гомельскага літаратара Сяргея Балахонава. У сваім ЖЖ (balachon.livejournal.com/152086.html) ён зьмясьціў пераклад на беларускую мову песьні “Amoure” гурту RAMMSTEIN. Вось што ў яго атрымалася:

Каханьне – гэта дзікі зьвер, Цябе ўпільнуе, вер, ня вер. Гнёзды ўе ў разьбітых сэрцах З пацалункамі пры сьвечцы. Сьсе няшчадна з тваіх вуснаў, Б''е па рэбрах бес распусны. Белым сьнегам пне на дол. Спачатку жар, Там лёд, Урэшце толькі боль.

Amour, Amour... Кожны кажа чур, я зьверху. Amour, Amour... Урэшце руйнуеш хціўцам Ты ўсю ўцеху.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі была Юлія Шарова. Да сустрэчы ў оф-лайне.
XS
SM
MD
LG