Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Харэўскі: “З Васіля Быкава мог атрымацца скульптар, роўны Мікелянджэлё”


Міхась Скобла, Радыё Свабода Новая перадача сэрыі “Вольная студыя” (эфір 25 чэрвеня).

У сваёй кнізе “Доўгая дарога дадому” Васіль Быкаў прыгадваў, як лёгка давалася яму вучоба ў Віцебскай мастацкай вучэльні. І перапыніць яе давялося толькі з адной прычыны – не было сродкаў на жыцьцё ў Віцебску. Не атрымаўшы закончанай мастацкай адукацыі, Быкаў, тым ня менш, усё жыцьцё маляваў. Быкаў-мастак – тэма гутаркі з мастацтвазнаўцам Сяргеем Харэўскім.

(Скобла: ) “Сяргей, ты бачыў алейныя працы Быкава ў ягонай кватэры на вуліцы Танкавай (цяпер імя Максіма Танка). Ці быў пэндзаль гэтак жа падуладны Быкаву, як і пяро?”

(Харэўскі: ) “Так, безумоўна, ён валодаў мастакоўскімі прыёмамі, тэхналёгіяй алейнага жывапісу. Але перадусім яго эцюды – гэта рэчы вельмі інтымныя, намаляваныя для сябе, для сваіх блізкіх. Часам гэта – своеасаблівыя вузельчыкі на памяць, не прызначаныя для шырокай публікі”.

(Скобла: ) “Быкаў маляваў як рэалістычныя пэйзажы, так і супрэматычныя кампазыцыі. Адкуль быкаўскае захапленьне супрэматызмам у 1970-я гады?”

(Харэўскі: ) “Тут, я думаю, дзьве крыніцы. Па-першае, ён вучыўся ў Віцебскай мастацкай вучэльні, дзе ў свой час быў дырэктарам Казімер Малевіч. Быкаў пра гэты факт ня мог ня ведаць. Пра Малевіча вельмі шмат гаварылі, па даваенным Віцебску пра яго хадзіла шмат самых розных чутак. Ён быў вельмі калярытнай пэрсонай. Па-другое, Быкаў быў нон-канфармістам. А ў 1970-я гады творчасьць Казіміра Малевіча была пад забаронай, пра мастака немагчыма было прачытаць нават у спэцыяльных мастацтвазнаўчых даведніках. Таму, малюючы супрэматычныя рэчы, Быкаў, мне здаецца, аддаваў даніну памяці славутаму беларускаму мастаку, які пэўным чынам спрычыніўся і да яго мастакоўскага высьпяваньня. З другога боку, Быкаў такім чынам дэманстраваў свой прыхаваны нон-канфармізм”.



(Скобла: ) “Віцебск мастацкі – гэта насамперш Марк Шагал. Шагал прыгадваў у сваіх успамінах, як маляваў рэклямныя шыльды для гандляроў на віцебскім Пескаваціку. Пра тое ж самае згадвае і Васіль Быкаў. Аднойчы ён зь сябрам намаляваў шыльду для гандляра шапкамі. Але капелюшы на шыльдзе аказаліся залішне фасоністыя, і яна была забракаваная. Сяргей, а якім быў перадваенны Віцебск у сэнсе мастацкага жыцьця?”

(Харэўскі: ) “Гэта быў вельмі драматычны час для горада і для Віцебскай мастацкай вучэльні. У яе гісторыі, як у кроплі вады, адбілася ўся жахлівая культурная і палітычная атмасфэра савецкай краіны. Падчас прыезду Быкава ў Віцебск былі расстраляныя выкладчыкі мастацкай вучэльні браты Даркевічы – Хрыстафор і Пётра. Быў расстраляны выдатны беларускі мастак-графік Яўхім Мінін. Таямніча, па-зьверску, быў забіты старэйшы віцебскі мастак Ягуда Пэн. Напалоханыя мастакі разьбягаліся з гораду. Напрыклад, заснавальнік скульптурнага аддзяленьня Давыд Якірсан мусіў уцякаць у Расею. Быў зьнішчаны мастак Генадзь Змудзінскі. Палова выкладчыкаў была расстраляная, а палова – высланая. Хтосьці бясьсьледна зьнік, як выкладчыца скульптуры Ганна Бяляева. Да таго ж, многія выкладчыкі адхіляліся ад пасадаў толькі на той падставе, што атрымлівалі адукацыю яшчэ за царскім часам, як той жа Керзін. Вось у якой атмасфэры выпала вучыцца Быкаву.

І ўсё ж Віцебск яшчэ захоўваў сваю ўнікальную мастацкую атмасфэру. Дазволю сабе цытату з “Доўгай дарогі дадому”: “Віцебск тады, канешне, быў традыцыйна мастацкі горад. На вуліцы Гогаля, недалёка ад плошчы, быў музэй славутага Пэна, якога незадоўга перад тым загадкава забілі. У невялікім пакоі на драўлянай лесьвіцы віселі яго карціны, выкананыя ў стылі дабротнага рэалізму: шаўцы, старыя габрэі, коні, выявы старадаўняга Віцебску. Пра ягонага славутага вучня Марка Шагала, які тады жыў у Парыжы, у яго родным горадзе нічога не было вядома”.

(Скобла: ) “Быкаў згадаў выкладчыцу скульптуры Ганну Бяляеву. А ці вядомыя другія выкладчыкі, якія навучалі яго мастацтву?”

(Харэўскі: ) “Тагачасным загадчыкам скульптурнага аддзяленьня (а Быкаў вучыўся на скульптурным) быў Ганс Шульц, чалавек невысокай культуры, які ня меў грунтоўнай мастацкай адукацыі. Ён замяніў на пасадзе выдатнага скульптара Керзіна, які выхаваў не адно пакаленьне беларускіх мастакоў (Заіра Азгура, Андрэя Бембеля, Івана Ахрэмчыка). Чытаем у “Доўгай дарозе дадому”: “Дырэктарам вучэльні быў Іван Восіпавіч Ахрэмчык. Скульптуры вучыла нас Ганна Іванаўна Бяляева, паходжаньнем, здаецца, з Кіева, пасьля вайны нічога ня чуў пра яе. Мабыць, прапала… Помніцца вялікая, на ўсю сьцяну, палатніна, на якой – недамаляваныя абрысы Леніна й Сталіна на нейкім зьезьдзе. Тады гэтая тэма была неабходная. Скульптура ўвогуле давалася мне лёгка, але падабалася менш, чым жывапіс. Шмат ляпілі анатомію, фрагмэнты клясыкаў, мікелянджэлёўскага “Давіда”, насы, вушы, твар. Тое было няцяжка. Маёй курсавой работай стала фігура пагранічніка ў шынялі, зь вінтоўкай і біноклем ля вачэй. Выкладчыца пахваліла”.

Трэба сказаць, што тэма пагранічнікаў у тыя гады, калі адбывалася аб’яднаньне дзьвюх Беларусяў, была самай папулярнай і ці ня самай значнай у беларускім мастацтве. І ўсё ж адчуваецца, пад якім спудам і прэсінгам ідэалягічным адбывалася навучаньне ў Віцебскай мастацкай вучэльні. Я падазраю, што тая гнятлівая атмасфэра наклала свой адбітак на быкаўскі сьветапогляд. Віцебск, які меў фантастычны ўзьлёт, які быў азораны пляядай выдатных творцаў, быў зьнішчаны фактычна на вачах Быкава. Вось адкуль пазьнейшы быкаўскі пэсімізм. Убачанае і адчутае ім перад вайною адбілася пазьней на тых сюжэтах, якія мы цяпер ведаем і па апавяданьні “Жоўты пясочак”, і па кнізе “Сьцяна”. Яны былі падказаныя той вусьцішнай перадваеннай атмасфэрай Віцебску”.

(Скобла: ) “Неаднойчы Быкаў выказваў сваё захапленьне творчасьцю свайго земляка Марка Шагала. Ці прысутнічае шагалаўскі ўплыў у мастацкіх працах Быкава?”

(Харэўскі: ) “Непасрэдна такога ўплыву, найперш у фарматворчасьці, у мастацкіх прыёмах, бадай, мы ня знойдзем. Але вось шагалаўскія малюнкі на маргіналіях, альбо маргіналіі каля малюнкаў... Гэта вельмі характэрна для творчасьці Шагала. І тут падабенства відавочнае. Сугучныя з шагалаўскімі малюнкі зробленыя Быкавым падчас побыту ў Нямеччыне і Фінляндыі. Глядзіш на іх і міжволі згадваеш Шагала. Там малюнкі спачатку становяцца сюжэтамі допісаў. А часам, наадварот – да некаторых расьпісаных сюжэтаў дадаюцца малюнкі”.

(Скобла: ) “Удава пісьменьніка Ірына Міхайлаўна Быкава на форуме на нашым радыё 22 чэрвеня гаварыла, што маляваньне было для Быкава захапленьнем, ня больш. Паэт Тарас Шаўчэнка таксама ня часта браў у рукі пэндзаль. А сёньня яго працы – у самых прэстыжных музэях. Яны каштоўныя таму, што іх аўтар – геній у другой галіне творчасьці? Ці ня толькі?”

(Харэўскі: ) “Ну, Шаўчэнка быў усё ж прафэсійным мастаком, ён вучыўся ў Санкт-Пецярбурскай Акадэміі мастацтваў. Ягоны мастакоўскі даробак, бясспрэчна, мае самастойную каштоўнасьць. Можна згадаць і другія імёны. Напрыклад, для польскай культуры 19 – першай паловы 20 стагодзьдзя сумяшчаць літаратуру і выяўленчае мастацтва было звычайнай рэччу. Тут і Бруна Шульц, і славуты Віткацы. Мастацтва і літаратура былі для іх непарыўныя. Для Быкава ўсё ж выяўленчае мастацтва было дадаткам да асноўнай творчасьці. Я падазраю, што ён цягам усяго жыцьця перажываў, пакутаваў з тае прычыны, што ягонае мастакоўскае кшталтаваньне было так брутальна і нецікава спыненае. А Быкаў вельмі прагнуў мастацкай адукацыі. Хто ведае, каб ня прыкрыя акалічнасьці, каб не вайна, магчыма, з Быкава мог атрымацца скульптар, роўны згаданаму Мікелянджэлё?! І можа быць, мы сёньня цанілі б найперш скульптара Быкава, які пісаў, як і Мікелянджэлё, літаратурныя творы? Хто ведае…”



(Скобла: ) “Калі зьвярнуцца да гісторыі ўсясьветнага мастацтва, хто з творцаў не разлучаўся і зь пяром, і з пэндзлем?”

(Харэўскі: ) “Калі працягваць згадваць самых вяршынных творцаў, то гэта, натуральна, Мікелянджэлё, аўтар выдатных санэтаў. Натуральна, Леанарда да Вінчы, які пакінуў па сабе выдатныя байкі. Калі разгледзецца ў больш блізкім да нас часе, то гэта Эндзі Ўоргал – аўтар кніг і энцыкляпэдыі “Ад А да Я”. Можна згадаць Сальвадора Далі – мастака і аўтара “Дзёньніка аднаго генія”, які безьліч разоў перавыдаваўся. Сярод беларусаў самы клясычны прыклад – Язэп Драздовіч, у якога таксама і мастакоўская і літаратурная творчасьць былі непарыўныя. Геніяльны творца геніяльны ва ўсім. Па вайне нашы мастакі па розных прычынах сталі хаваць свае літаратурныя творы. Верагодна, каб Быкаў жыў у больш вольным грамадзтве, у якім не хавалі б геніяльнага Малевіча, не забаранялі б геніяльнага Шагала, то, можа быць, і ён ня быў бы такі скуты ў сэнсе мастацтва. Можа быць, тады ён свае мастакоўскія амбіцыі выявіў бы шырэй. Але, на жаль, гэтага не адбылося”.

(Скобла: ) “А якія ў Быкава былі адносіны з мастакамі, з тымі, хто аздабляў ягоныя кнігі?”

(Харэўскі: ) “Васіля Быкава выдавалі і аздаблялі шчодра. Прычым, аздаблялі самыя лепшыя нашы мастакі – Васіль Шаранговіч, Георгі Паплаўскі, Арлен Кашкурэвіч. Быкаў сам, будучы мастаком, вельмі раўніва ставіўся да афармленьня сваіх кніг. Мне расказваў Арлен Кашкурэвіч, што Ўладзімер Караткевіч часта спрачаўся з мастакамі, улазіў у творчы працэс, прапаноўваў свае варыянты, сваю візію вобразаў. А Быкаў ніколі не спрачаўся, але ніколі ня быў задаволены ілюстрацыямі. Ніколі! Хоць гэта не замінала яму сябраваць з мастакамі.

Быкаў выдатна ведаў айчыннае мастацтва. Я зь ім пра гэтыя тэмы неаднойчы гаварыў. Неаднойчы сустракаў пісьменьніка на розных выставах і вэрнісажах. Быкаў быў вялікім эрудытам у галіне мастацтва, вельмі цікавіўся гісторыяй беларускага мастацтва. Ён зьбіраў усё, што тычылася Шагала, Малевіча, ён мяне папросту ўражваў сваёй дасьведчанасьцю. І калі я пісаў для “Нашай Нівы” сэрыю артыкулаў “Сто твораў ХХ стагодзьдзя”, Быкаў іх уважліва чытаў і рабіў мне заўвагі. Напрыклад, калі я напісаў пра карціну Волкава “Вызваленьне Менску. 1944 год”, што першапачаткова мастак намаляваў іншых “вызваліцеляў”, і што ваякі на палатне спачатку былі ў зусім іншай форме, Быкаў пагадзіўся й пацьвердзіў гэты факт. Мяне гэта, памятаю, уразіла. Былі і другія заўвагі, якія пайшлі мне на карысьць, ён раіў, што трэба пачытаць, на што яшчэ зьвярнуць увагу”.

(Скобла: ) “Давай вернемся да малюнкаў Быкава і пагаворым пра ягоныя графічныя працы. У 2000 годзе (пісьменьнік тады жыў у Нямеччыне) у Менску выйшла кніга паэзіі Рыгора Барадуліна “Лісты ў Хельсінкі”, дзе былі апублікаваныя і 25 малюнкаў Быкава. Што можна пра іх сказаць?”



(Харэўскі: ) “Гэта розныя па сваім характары і паводле прызначэньня малюнкі. Зь іх можна было б зрабіць выдатны комікс, прысьвечаны побыту Быкава на чужыне. Трапляюцца малюнкі і вельмі прафэсійныя, якія сьведчаць пра цьвёрдасьць рукі, пра добрае валоданьне кампазыцыйнымі прыёмамі. Напрыклад, твор, падпісаны “Берагавыя камяні. Месца рыбаловаў”. Гэта, калі заўгодна, маленькі графічны шэдэўр Быкава-мастака. Ёсьць і малюнкі, якія дэманструюць нам зусім нечаканага Быкава. Не як мастака, а як дасьціпнага чалавека, дасьціпніка-гумарыста. Пад малюнкам праваслаўнага сабора ў Хельсынкі чытаем гэткі забаўны подпіс: “На Сёмуху ў саборы ажно два багамольцы”. Быкаў з суровага празаіка ваеннай тэматыкі, зь бязьлітаснага экзыстэнцыяліста, які не дае аніякага выхаду сваім героям, калі піша пра часы сталіншчыны, раптам у гэтых малюнках паказваецца нам нечаканым, дасьціпным, нават пяшчотным чалавекам”.

(Скобла: ) “На некаторых малюнках Быкаў паказвае сябе са сьпіны (“Сустрэча з антыкамуністам”, “Журналісты ўсюды дастануць”). Як ты лічыш, чаму?”

(Харэўскі: ) “Мне думаецца, што гэта працяг быкаўскага сьветабачаньня, ягоная звычка глядзець на ўсё нібыта збоку, у вочка фотаапарата ці праз манокль кінакамэры. Ён глядзіць на сьвет, у тым ліку і на сябе, як бы збоку. Як і ў сваіх літаратурных творах”.

(Скобла: ) “У прадмове да кнігі “Лісты ў Хэльсынкі” Васіль Быкаў пісаў: “Ростань абвастрае пачуцьці да каханай, сябра, радзімы і часам нараджае шэдэўры паэтычнай думкі…”. (Тут ён ухвальна гаворыць пра свайго сябра й суаўтара Рыгора Барадуліна.) І далей: “Натуральна, што тут празаік ня мог спаборнічаць звыклымі сродкамі і абраў ня надта традыцыйны спосаб дыялёгу – выяўленчы. Атрымалася ня дужа гарманічна і стылёва, а можа, нават дысгарманічна”. А мне фінляндзкія малюнкі якраз і падаліся гарманічнымі (“Збоч вуліцы камяні, як боханы”, “Ля ціхай затокі”, “Фінскія камяні”). Ад іх вее спакоем. Можа быць, на іх адбіўся сум Быкава па тым спакоі і ўладкаванасьці, якіх не хапала творцу на Радзіме?”

(Харэўскі: ) “Магчыма. І тут я прыпушчу крамольную думку: ён там быў шчасьлівы, шчасьлівейшы, чым тут. У гасьцях ты проста на ўсё глядзіш. А дома на ўсё глядзіш, як гаспадар. Напрыклад, прыяжджаеш у родную вёску і бачыш: тут трэба весьніцы паправіць, там плот пакасіўся... У Беларусі Быкава тычылася ўсё! А там ён мог проста адпачыць душою”.



(Скобла: ) “І ўсё ж Васіль Быкаў – найперш пісьменьнік. А як ён карыстаўся фарбамі ў сваіх літаратурных творах?”

(Харэўскі: ) “Наогул, ён вельмі ашчадна карыстаўся жывапісным бачаньнем. Больш фарбаў у ягоных раньніх творах. Вось апісаньне высакагорнага лугу з “Альпійскай баляды”: “Ярка-пунсовыя разьлівы альпійскага лугу. Буйныя, лапушыстыя, не таптаныя нагой чалавека мільёны кветак пераліваліся ўрачыстай чырваньню, ціха варушыліся на слабым ветрыку і імкнуліся далёка ўніз – аж пад самы цёмна-зялёны хваёвы масіў… Цень празрыстай сінявай смугою накрываў палову нешырокай даліны”. Але гэта раньні Быкаў. З пункту гледжаньня літаратуры гэта пустое месца. Гэта, я лічу, быкаўская настальгія па мастакоўскай дзейнасьці. Пакрысе бачаньне мастакоўскае сыходзіць з твораў Быкава”.

(Скобла: ) “Не пагаджуся з табою наконт апісаньняў прыроды ў мастацкіх творах. Гэта справа густу. Леў Талстой стараўся пісаць без эпітэтаў і мэтафараў. А празаічная творчасьць Уладзімера Караткевіча літаральна пранізаная паэзіяй. Але ня будзем адхіляцца ад тэмы… Малюнкі Быкава сабраныя і выстаўленыя на сайце Радыё Свабода. А дзе б ты вызначыў для іх месца ў будучыні?”

(Харэўскі: ) “Тут я дазволю сабе пафантазіяваць. На некаторых эцюдах Быкава мы бачым выявы дамоў, нейкіх куткоў, якія, відавочна, былі яму дарагія. Можа быць, гэта быкаўскае ўяўленьне пра нейкі ідэальны Беларускі Дом? Можа быць, у гэтых эцюдах падказка нам – пабудаваць у Менску паўнавартасны музэй Быкава. Музэй, дзе было б утульна ўсім быкаўскім гасьцям. І вось у гэтым Доме-музэі, зробленым фактычна паводле уяўленьняў Быкава, для быкаўскіх малюнкаў – самае прыдатнае месца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG