Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды” пра Плошчу: “Такога ў нас яшчэ не было”


Ганна Соўсь, Менск Мінула сто дзён з таго часу, як пасьля прэзыдэнцкіх выбараў людзі, пераважна моладзь, выступілі з адкрытым пратэстам на Кастрычніцкай плошчы Менску супраць дзеяньняў уладаў. Як гэтая акцыя паўплывала на сытуацыю ў Беларусі? Ці сталі людзі менш баяцца? Гэтыя пытаньні сёньня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску задавала людзям наша карэспандэнтка.

(Карэспандэнтка: ) “Мінула сто дзён, як тут, на Кастрычніцкай плошчы, паўсталі пратэсты супраць абвешчаных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Як вы мяркуеце, ці гэта паўплывала на сытуацыю ў краіне? Ці сталі людзі менш баяцца адкрыта выказваць свае думкі?”

(Спадарыня: ) “Я думаю, што сталі менш баяцца выказваць свае думкі. І газэты сталі выходзіць часьцей. Раней жа некаторыя былі закрытыя, а цяпер выходзяць”.

(Спадар: ) “На маю думку, гэта ніяк не паўплывала. Тут было мала людзей, і гэты быў нейкі спэктакль”.

(Спадарыня: ) “Шчыра кажучы, цяпер я ня бачу нейкага ўздыму, наадварот — нейкае зацішша. Лета, і гэта зразумела. Але, мне падавалася, што менавіта ў час пасьля выбараў сапраўды зьявілася вялікая актыўнасьць у параўнаньні зь мінулымі гадамі”.

(Спадарыня: ) “Нічога не зьмянілася. Свабода выбару і свабода слова засталася”.

(Спадарыня: ) “Безумоўна, нейкі страх выказаць сваю думку і волю прысутнічае. Хаця той, хто хоча выказаць свае думкі, то яго не спалохаць”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, што пратэсты нічога не зьмянілі, абсалютна. І яны ня могуць нічога зьмяніць”.

(Спадар: ) “У любым выпадку гэта павінна было паўплываць на народ, палепшыць стан дэмакратыі. Бяз гэтых выступаў народ ня змог бы ўсьвядоміць, што ён можа нешта зрабіць, на што ён здольны, што ён мае права на нейкія выступленьні”.

(Спадар: ) “Людзі гавораць, што думаюць, і ніхто нічога не баіцца”.

(Спадар: ) “Я думаю, што нічога гэта не зьмяніла. Трэба было прадэманстраваць пратэст і самім людзям, і кіраўніку дзяржавы”.

(Спадарыня: ) “На маю думку, усё засталося, як і раней. Людзі маглі выказваць свае думкі — як раней, так і цяпер”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, у каго якое меркаваньне было, той зь ім і застаўся”.

(Спадар: ) “Я ня ведаю, як казаць за ўсіх. Я глядзеў на гэта як на нейкую арыгінальную акцыю. Такога ў нас яшчэ не было. Мабыць, гэта зьдзівіла людзей, але нейкіх далёкасяжных высноваў яны, відаць, усё ж не зрабілі”.
XS
SM
MD
LG