Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Народная Воля": "Ці ёсьць у турме прафсаюзы"


Радыё Свабода Агляд недзяржаўных мэдыяў 27 чэрвеня

"Народная Воля" ў аўторак некалькі публікацыяў прысьвячае крымінальным тэмам. Чаму былому старшыню Белтэлерадыёкампаніі Ягору Рыбакову "скасьцілі" два гады, а былому дырэктару МТЗ Міхаілу Лявонаву за аналягічнае злачынства "матаць тэрмін на ўсю катушку"? - газэта ставіць рытарычнае пытаньне.

"Ці ёсьць ў турме прафсаюзы?" За хабарніцтва ў 60 тысяч даляраў асуджаныя былыя высокапастаўленыя чыноўнікі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Аляксандар Сьцяпук і Міхаіл Кудака - яны атрымалі адпаведна 8 і тры з паловай гады пазбаўленьня волі.

Пракуратура Беларусі завяла крымінальную справу на дырэктара Дэпартамэнту Міністэрства эканомікі Анатоля Пупко, якому інкрымінуецца атрыманьне хабару ў памеры 1 тысячы даляраў. У кулюарах кажуць, што ён стаў ахвярай вайны за кантроль над забаўляльным комплексам "Папараць-кветка", якім апякуецца сьпявак Аляксандар Ціхановіч, піша "Народная Воля".

Тэма дня сьвежага нумару "Белгазеты" - "Сямёра прэзыдэнтаў у адным дыямэнце". "Саміт ЭўрАзЭС ня спраўдзіў надзеяў ні адной з краінаў-удзельніц. Ні па адным ключавым пытаньні разьвіцьця ЭўрАзЭС прагрэсу пакуль не назіраецца, паколькі Расея не сьпяшаецца выдаваць авансы былым саюзным рэспублікам толькі за іхнюю ляяльнасьць да былой мэтраполіі, таму "Вынікаў не разгледзець".

"Малочныя рэкі пацякуць зь Беларусі на Кубу", паведамляе Інтэрнэт-выданьне "Салідарнасьць". Беларусь гатовая экспартаваць туды сухое і згушчанае малако, сыры, масла і бураковы цукар. Праўда, кубінскі бок папярэдзіў, што перавага будзе аддавацца толькі якасным і экалягічна чыстым прадуктам, кубінцы спачатку будуць інспэктаваць фэрмы і пашы, перапрацоўчыя заводы і лябараторыі, і толькі пасьля падпішуць кантракты. Праўда, застаецца загадкай: навошта краіне, дзе багата расьце цукровы трысьнёг, спатрэбіўся яшчэ і беларускі бураковы цукар?

"Витебский курьер". З вальеру каля вёскі Дзевіна Аршанскага раёну невядомыя злачынцы скралі трох аленяў, зарэзалі на мяса. Страты гаспадаркі "Цяплічная" - больш за 6 мільёнаў рублёў. А ў аршанскага калекцыянэра скралі 14 дэкаратыўных галубоў рэдкіх парод.

У самым цэнтры Воршы зьявіўся лось, прашпацыраваў каля гарадзкога рынку і пайшоў купацца на Днепр. Выратавальнікі, міліцыянты, інспэкцыя аховы прыроды доўга вырашалі, што зь ім рабіць. У выніку стрэлам са шпрыцам ўсыпілі. А вось з вывазам сахатага ў лясьніцтва ўзьнікла праблема -- важыў ён больш за 3 цэнтнэры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG