Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фінькевіч стане трэцім "палітхімікам" не па месцы прапіскі


Радыё Свабода Актывіст незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Артур Фінькевіч будзе адбываць пакараньне абмежаваньнем свабоды ў Магілёве. 29 чэрвеня да 12-й гадзіны ночы ён мусіць прыехаць у магілёўскую спэцкамэндатуру. Хлопца пакаралі абмежаваньнем волі на два гады за графіці палітычнага зьместу. Артур чацьвёрты, хто цяпер адбывае пакараньніе на гэтак званай “хіміі” за апазыцыйную дзейнасьць. Мікола Статкевіч і Павал Севярынец пакараныя за арганізацыю вулічных дэманстрацый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму, Андрэй Клімаў – за арганізацыю леташняй апазыцыйнай акцыі 25 сакавіка пад лёзунгамі адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле службовай інструкцыі Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў людзей на “хімію” маюць накіроўваць у межах вобласьці, дзе яны прапісаныя. Але менчукі Мікола Статкевіч і Андрэй Клімаў адбываюць пакараньне на Берасьцейшчыне і Гомельшчыне. Выключэньне зрабілі і для Артура Фінькевіча.

Артур Фінькевіч будзе адбываць пакараньне на “хіміі” не два гады, а год і пяць месяцаў. Суд залічыў яму ў тэрмін адбыцця пакараньня час, калі Артура да суду трымалі пад вартай сьледчага ізалятара. Паводле службовай інструкцыі, адміністрацыя спэцкамэндатуры не абавязана шукаць працу людзям, якіх накіравалі адбываць пакараньне. Але, усе асуджаныя абавязаны працаваць.

Артур да адпраўкі на “хімію” займаецца арганізацыйнымі справамі “Маладога фронту”. Ён часова узначаліў незарэгістраваную арганізацыю пакуль няма Зьмітра Дашкевіча. Артур Фінькевіч адмовіўся з’ехаць у эміграцыю. Ён паведаміў “Свабодзе”, што зрабіў свой выбар.

(Фінькевіч:) “Я, у прынцыпе, задаволены, што еду ў Магілёў. Там не хапала людзей, якія б маглі займацца арганізацыйнай працай у “Маладым фронце”, напрыклад. Я павінен сам шукаць працу… Яня ведаю, можа, у якой-небудзь недзяржаўнай газэце якім-небудзь кур’ерам… Там ёсьць мясаперапрацоўчы завод. Мог бы там працаваць па сваёй спецыяльнасьці. Я мясьнік пасьля ПТВ. Перакананы, што ня буду там год і пяць месяцаў, а рэальна пяць месяцаў, бо амністыя на мяне, як і на іншых павінна распаўсюджваца. Пра ўмоўна-датэрміновае вызваленьне я нават і ня мару.”

Артур Фінькевіч пасьля заканчэньня ПТВ вучыўся ў недзяржаўным ВНУ, але яго выключылі з вучобы. Летась Артур адбыў некалькі арыштаў запар. Гэта лічыцца пропускамі заняткаў без важкіх прычынаў. Нягледзячы на тое, што асуджаных студэнтаў, якія вучацца ў беларускіх ВНУ, адпускаюць на сэсію, Артур ня хоча вучыцца ў Беларусі. Хлопец спадзяецца, што яму дапамогуць уладкавацца дыстанцыйна вучыцца ва Ўкраіне.

(Фінькевіч:) “Падаў дакумэнты ў кіеўскую акадэмію на паліталёгію".

Маці Артура Марына Фінькевіч вельмі непакоіцца за свайго сына.

(Марына Фінькевіч:) “Адпраўляюць спэцыяльна далёка… 200 кілямэтраў гэта занадта. Ён яшчэ зусім дзіця. Я не ўяўляю сабе, як ён уладкуецца на працу. Як жыць будзем? Будзем даваць грошы. Я, напэўна, за гэтыя паўгады столькі перажыла, што гэта папросту жах.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG