Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Ужо больш за 60 год, як скончылася вайна, а беларусы ўсё зямлянкі і акопы рыюць.."


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за панядзелак, 26 чэрвеня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Ларыса, пэнсіянэрка зь Менску:) “Мы адчуваем, што яшчэ не настаў той час, калі людзі могуць свабодна выказаць свой погляд на тую ці іншую падзею, таму што людзі яшчэ не навучыліся слухаць адзін аднаго. Гэта адчуваецца на самым высокім узроўні. Гэта датычыцца і простага люду, які жыве ў спрадвечным клопаце аб хлебе надзённым і адкрыта сьмяецца з тых марных спробаў нешта ім растлумачыць, асабліва людзі старэйшага ўзросту, я маю на ўвазе пэнсіянэраў. А маладыя людзі напалоханыя тымі дзеяньнямі ўлады, як яны абыходзяцца з тымі, хто асьмельваецца выйсьці на плошчу і сказаць сьмела сваё слова. Гэтыя маладыя іх падтрымліваюць, але стаяць у баку. Свабода слову будзе тады, калі можна будзе выказацца ня толькі на Радыё Свабода, а і на беларускім дзяржаўным радыё; калі будзе ў жыцьці ня толькі маналёг, але і дыялёг, і будзем разумець адзін аднаго. Але гэта адбудзецца яшчэ праз гады”.

(Спадар:) “У мяне пытаньне. Паважаная “Свабода”, 23 чэрвеня вэнгерскі народ адзначаў нацыянальнае сьвята – пяцідзесяцігодзьдзе паўстаньня вэнгерскага народу супраць савецкага засільля. Нават Буш з далёкай Амэрыкі прыляцеў на гэтае сьвяткаваньне. А ці павіншавалі хаця б тэлеграмамі Вэнгерскую Рэспубліку прэзыдэнты іншых краінаў, якія прыехалі ў Менск на сваю размову пра дэмакратызацыю ў сваёй краіне? Паведаміце, калі ласка”.

(Галіна Аляксандраўна, Магілёў) “Як і ў 1994-м годзе, галасавала б за Зянона Пазьняка, калі б у наборы былі б тыя самыя кандыдаты. Чалавек адкрыты, сумленны, прамы, разьбіраецца ў эканоміцы, палітыцы; жадае, каб Рэспубліка Беларусь была свабоднай, каб народ жыў годна”.

(Спадар:) “Я чуў, што шмат хто хоча хуткіх пераменаў. Дык вось што трэба зрабіць. Трэба вярнуць Шушкевіча да ўлады зь яго камандай, загадзя надрукаваўшы харчовыя карткі і купоны. Жадаю посьпехаў!”

(Спадар:) “Наконт пытаньня тыдня, ці сталі беларусы за сто дзён больш свабоднымі. Адказваю на гэтае пытаньне, што яны як былі дурнымі, п’янымі, быдлам, такімі яны і засталіся. І, мусіць, застануцца такімі назаўсёды. У іх сындром страху ў генах – псыхічнае захворваньне. Так што вылечыць гэты народ дурны па ходу ніхто і ня можа, а сам ён ня хоча”.

(Тамара, Менск:) “Ці не зашмат увагі вы ўдзяляеце сёньня культуры, паэтам, пісьменьнікам? Сёньня ёсьць тэмы больш актуальныя – гэта расейска-беларускія ваенныя вучэньні. Няўжо нельга запрасіць палітолягаў, падыскутаваць на гэтую вельмі важную тэму? Мне здаецца, гэта больш цікава для большасьці слухачоў”.

(Календа Віктар, Мачулішчы:) “Я ўжо вам неаднойчы тэлефанаваў. Сытуацыя ня вельмі добрая на беларускай мытні. Я папрасіў немца даслаць мне ўзоры для пробаў на прамысловым абсталяваньні ў нас у Беларусі на водным прадпрыемстве. Мне даслаў немец выкарыстаныя узоры, а таксама тыя, якія ён вырабіў яшчэ паўгады таму. Ён даслаў мне іх бясплатна, але на беларускай мытні іх арыштавалі, і зараз яны ляжаць на Чыгуначнай, 22. Галоўны інспэктар Сувала Алег Іванавіч патрабуе, каб я сказаў яму кошт гэтай пасылкі. Мне немец сказаў, што яна нічога не каштуе, фактычна “нуль”. Як мне быць, я ня ведаю. Гэта бяспраўе на мяжы!

Яшчэ адзін знаёмы сказаў, што яму даслалі бясплатна тэлефоны зь Фінляндыі, чалавеку, які ня можа набыць сабе мабільны тэлефон, няма грошаў. Дык яго прымусілі плаціць пошліну на мытні. Гэта проста бяспраўе! Багатыя людзі дапамагаюць пражыць неяк, высылаюць вам бясплатна тэлефон, а вы павінны заплаціць за яго на мытні. Гэта ж прававое бязьмежжа! Няўжо ня ведае Лукашэнка і яго асяродзьдзе, што тут робіцца на мытні? Суцэльнае бяспраўе!”

(Віктар Бутто, Менск:) “Я лічу, што за сто дзён колькасьць грамадзянаў Беларусі, якія выказалі пратэст беззаконьню ўладзе, значна скарацілася, што зьяўляецца нармальнай зьявай, бо на баку гарадзкой і рэспубліканскай улады ў Менску адкрыта выступае ўлада з Расеі, якія пад рукой маюць яшчэ большую зброю і шмат іншага для расправы над мірнымі пратэстуючымі грамадзянамі. Каб грамадзянін Беларусі змог пазбавіцца ад страху перад уладай, то для гэтага неабходна значна большая і істотная абарона з боку НАТО і “вялікай васьмёркі”.

(Галіна Аляксандраўна, Магілёў:) “На мой погляд, за сто дзён пасьля Кастрычніцкай Плошчы беларусы ні трохі не зьмяніліся. Магчыма, 20-30 адсоткаў чагосьці ці кагосьці баяцца, а 70 адсоткаў наўпрост ня хочуць ні мяняцца, ні баяцца. Практычна два пакаленьні вырасьлі з абмежаванымі жаданьнямі: паесьці, папаліць, пагуляць, выпіць. Заходзяць у наш двор маладыя людзі ад 20 да 40 год, сядзяць за столікам і п’юць. Падыходжу да іх, пытаю: “Радыё Свабода слухаеце?” – “Якую “Свабоду”? Ня ведаем ніякай “Свабоды”. А беларускае тэлебачаньне і радыё робіць сваю справу. Вось такімі яны іх і зрабілі. Ні галадоўкі, ні Плошчы – нічога ня ведаюць, нічога ня бачаць. Так што працаваць трэба ў дварах. У рэшце рэшт друкаваць улёткі, расклейваць на платах, слупах, кідаць у паштовыя скрыні, на пад’ездныя дзьверы клеіць. Іншага спосабу пераканаць людзей я ня бачу, на жаль”.

(Спадар:) “17 год ня быў у Беларусі, жыву ў Прыбалтыцы. Прыехаў – не магу пазнаць землякоў. Тут ужо не беларусы, а нейкая нацыянальнасьць з Паволжа з мысьленьнем 60-70-х гадоў. Пра якую незалежнасьць, дэмакратыю і духоўнасьць можна казаць з гэтымі заняпалымі, сьпіўшыміся, абрусеўшымі людзьмі? Там дзе ў чалавека знаходзіцца Бог, у гэтых людзей знаходзіцца Лукашэнка і шклянка. Беларус ніколі ня будзе стаяць, пакуль ня стане на калені перад Богам. Шукайце Бога і свабоду, беларусы!”

(Яцкевіч Аляксандра Анатольевіч, Віцебск:) “Я пісаў верш, прысьвечаны Васілю Быкаву. І, як мне здаецца, лепшы ніхто не напісаў. Верш гэты ўзьнік, калі было сказана па радыё, што Васіля Быкава ўжо няма. Я быў на яго пахаваньні. Хацеў бы, каб гэты верш дзе-небудзь прагучаў, але да сёньняшняга дня ён нідзе не гучаў. Мне здаецца, што гэта ня самае горшае, што прысьвечанае нашаму вялікаму пісьменьніку”.

(Ніна Аляксееўна, Менск:) “Паважанае Радыё Свабода! Дзе б ні была я, бягу дадому, каб пачуць голас нашага роднага Васіля Быкава. Дзякуй вам за “Доўгую дарогу дадому”, слухаю і плачу. Дзякуй”.

(Спадар:) “Што за народ гэтыя беларусы? Гэта не народ, а статак нейкіх глушакоў. Ужо больш за 60 год, як скончылася вайна, а беларусы ўсё зямлянкі і акопы рыюць. Што з чалавекам можа зрабіць радыяцыя. Ня толькі немцаў, але ўжо і амэрыканцаў баяцца. Не амэрыканцы вас вывозілі ў Сыбір і расстрэльвалі. А то, з аднаго боку помнім, а з другога забываем”.

(Уладзімер:) “Наконт пытаньня тыдня, як паўплывалі сакавіцкія падзеі на Кастрычніцкай плошчы на сытуацыю ў рэспубліцы. Па-першае, тыя падзеі аднавілі надзею ў сэрцах тых людзей, якія спадзяваліся на перамены, тое, што нават у гэтых умовах можна нешта зрабіць. Па-другое, паколькі працягу гэтых падзеяў не адбылося, то можна лічыць, што імпульс, які быў нададзены грамадзтву, якое патрабавала пераменаў, быў, можна сказаць, нескарыстаны. Гэта адмоўны момант. І, па-трэцяе, гэтыя падзеі большасьць насельніцтва не закранулі, яно паставілася альбо абыякава, альбо варожа, бо пакуль што насельніцтва нашай краіны ня здольнае на перамены і на актыўныя дзеяньні дзеля пераменаў, на жаль”.

(Спадар:) “Вось нядаўна прайшла інфармацыя, што амэрыканцы хочуць разьмясьціць сваю зброю на тэрыторыі Чэхаславакіі, Польшчы і г.д., быццам бы ад пагрозы зь Ірану. Толькі амэрыканцы могуць прыдумаць такое дзіцячае тлумачэньне! Кіраўнікі гэтых дзяржаваў ня могуць зразумець, што калі на іх тэрыторыя будзе разьмешчаная гэтая зброя, то расейская спэцыяльная зброя будзе накіраваная на іх. І з твару зямлі будуць зьнішчаныя гэтыя дзяржавы! Дарэмна яны гуляюць з агнём!

Наконт падзеяў на Кастрычніцкай плошчы. Я лічу, што гэта правакацыя непрыгожая, подлая, нейкіх дзяцей за некалькі даляраў прыкупілі... Дзеля чаго яны там стаялі? Каб даць пакіраваць Мілінкевічу?”

(Анастас Семяновіч:) “Вельмі шаноўныя гаспадыні і гаспадары Радыё Свабода! Заява Аляксандра Фядуты зводзіцца да ідэі, што апазыцыі трэба нейкім чынам падтрымаць, разьдзяліць клопат улады ў новых умовах, якія ўзьнікнуць у выпадку, калі кошты на газ вырастуць у чатыры разы. Шмат разоў казаў, што ўлады Беларусі прывядуць краіну да разьбітага карыта. Што вы, Фядута, канкрэтна прапаноўваеце? Акрамя дэмагогіі – нічога. Вельмі правільную пазыцыю занялі нашы дэмакраты – адхіленьне ад улады незаконнага галоўнага начальніка Беларусі. У нас было цэлых 12 гадоў, каб прадпрыемствы перайшлі на новыя тэхналёгіі. У гэтай вобласьці практычна нічога не рабілася ўладай, акрамя хлусьні. У выніку падвышэньня коштаў на газ будзе разбураны сацыяльны кантракт, які яднае галоўнага начальніка з народам. Калі папулісцкія абяцанкі далейшага росту жыцьця народу ня спраўдзяцца, тады яго карты будуць усе біты. Думаю, што на гэты раз у “Званках на Свабоду” вы перадасьцё мае думкі”.

“Пытаньне Аляксандру Фядуту. Вы кажаце, што ў 91-м годзе народ выйшаў на вуліцу бараніць кілбасу. Я з вамі абсалютна ня згодны. Ён бараніў родную Беларусь. І калі быў путч у Маскве, нас на плошчы 19, 20, 21 было дзясяткі тысячаў, і на плошчы мы знаходзіліся суткамі. Пасьля пайшлі па хатах, калі путч праваліўся. А вы колькі разоў былі на мітынгах за гэты час?”
XS
SM
MD
LG