Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці ёсьць катаваньні ў беларускіх турмах?


Любоў Лунёва, Менск Ва Ўсясьветны дзень барацьбы з катаваньнямі беларускія чыноўнікі з дэпартамэнту выкананьня пакараньняў кажуць, што сытуацыя ў пэнітэнцыярных установах добрая, а будзе яшчэ лепшая. Зь імі катэгарычна не пагаджаюцца людзі, якія з уласнага досьведу ведаюць умовы ўтрыманьня ў турмах і на так званай “хіміі”.

Кіраўнік Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Уладзімер Коўчур паведаміў “Свабодзе”, што сытуацыя ў беларускіх турмах паляпшаецца.

(Коўчур: ) “Становіцца лепш. Я вам скажу, што за апошнія пяць гадоў колькасьць асуджаных і падсьледчых паменшыла на 20 000 чалавек. Гэта на траціну. І ў Швэцыі і ў Англіі карцэры ёсьць. Разумееце, там жа не дзіцячы садок. І харчаваньне будзе лепшае. Зараз ідзе ўзгадненьне праекту пастановы Савету міністраў па харчаваньню.”

Беларусь пастаянна фігуруе у сьпісе краінаў, дзе ўжываюцца катаваньні. Паводле афіцыйнай статыстыкі, беларускія турмы перанаселеныя. Асуджаныя маюць кепскае харчаваньне. Узімку ў турмах пакутуюць ад холаду. У спэцкамэндатурах, куды накіроўваюць людзей адбываць пакараньне на так званай “хіміі”, не хапае месцаў. Людзі ня могуць уладкавацца на працу, каб мець грошы на харчаваньне й неабходныя рэчы.

Пракуратура час ад часу распачынае крымінальныя справы супраць міліцыянтаў, якія “выбіваюць” паказаньні ў падсьледных, але гэта не паляпшае статыстыкі зваротаў са скаргамі на зьбіцьцё.

Абраза гонару і годнасьці, зьдзекі зь людзей у часе сьледзтва таксама кваліфікуюцца як катаваньні. Тысячы людзей, якія адбылі пакараньне за ўдзел у вулічных акцыях падчас выбараў, былі абураныя ўмовамі ўтрыманьня. Палітычных вязьняў, якія адбываюць пакараньне на “хіміі”, цягам выбарчай кампаніі па сутнасьці трымалі ва ўмовах ізаляцыі.

Гаворыць Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) “У рэжыме пазбаўленьня волі ёсьць шпацыр, кормяць… Я адседзеў у пакоі без выхаду. Насупраць сядзелі афіцэры міліцыі, якія глядзелі на мяне паўтары месяцы. Для іх гэта, магчыма, таксама было катаваньнем, але яны за гэта атрымліваюць грошы. Яны мяняліся праз 12 гадзінаў, а я паўтары месяцы не мяняўся. Гэта таксама можна ў некаторай ступені назваць катаваньнем, бо вы ўявіце сабе, што папросту ня можаце выйсьці з пакою, які маленькі і нават няма месца, дзе хадзіць.”

Сёлета за ўдзел у “Чарнобыльскім шляху” Сяргей Калякін упершыню трапіў у турму на Акрэсьціна.

(Калякін: ) “Умовы, на жаль, павінны быць значна лепшымі, чым яны ёсьць. Там умовы канца ХІХ стагодзьдзя. Не клапоцяцца ў тым ліку аб грамадзянах, якія адбываюць пакараньні за тое ці іншае правапарушэньне. Пазбаўленьне волі з’яўляецца галоўным пакараньнем. Умовы астатнія, бытавыя ды іншыя, яны мусяць быць цывілізаванымі. Яны мусяць быць такімі, якія павінна забясьпечваць дзяржава, якая лічыць сябе цывілізаванай і заможнай.”

Камісія прадухіленьня катаваньняў ААН неаднаразова зьвяртала ўвагу беларускіх уладаў на тое, што ў краіне дагэтуль не адмененае сьмяротнае пакараньне. Сваякі забітых ня ведаюць, якім чынам зьдзяйсьняюць прысуд і дзе пахаваныя целы забітых. Апроч таго, сотні людзей накіравалі скаргі ў камітэт ААН пра зьбіцьцё і катаваньні затрыманых у часе разгону мірных апазыцыйных акцыяў.

Літаральна тры месяцы таму МЗС Украіны накіроўваў ноту пратэсту беларускім уладам з той нагоды, што спэцназаўцы зьдзекаваліся з грамадзянаў Украіны — плявалі ім у твары і запіхвалі ў рот украінскія сьцягі.
XS
SM
MD
LG