Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня – Міжнародны дзень у падтрымку ахвяраў катаваньняў


Юрась Бушлякоў, Прага Сёньня ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень у падтрымку ахвяраў катаваньняў. Генэральны сакратар ААН Кофі Анан заклікаў успомніць у гэты дзень усіх тых, хто зазнаў страшныя катаваньні, і зноў заявіць аб недапушчальнасьці катаваньняў.

26 чэрвеня як Дзень у падтрымку ахвяраў катаваньняў быў устаноўлены Генэральнай Асамблеяй ААН. Менавіта 26 чэрвеня ў 1987 годзе ўвайшла ў дзеяньне Канвэнцыя супраць катаваньняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных і зьневажальных для годнасьці чалавека відаў абыходжаньня і пакараньня. Згодна з гэтай канвэнцыяй, “катаваньне азначае ўсякае дзеяньне, якім нейкай асобе наўмысна прычыняюцца моцны боль або пакуты, фізычныя ці маральныя, каб атрымаць ад яе або ад трэцяй асобы зьвесткі ці прызнаньні, пакараць яе за дзеяньне, якое ўчыніла яна або трэцяя асоба або ва ўчыненьні якога яна падазраецца... калі такія боль або пакуты прычыняюцца дзяржаўнай службовай асобаю або іншай асобаю, што выступае ў афіцыйнай якасьці...”

Пасьля падзеяў 11 верасьня 2001-га як у ЗША, так і ў іншых краінах сьвету сталі гучаць галасы аб тым, што жорсткія мэтады пры допытах падазраваных ва ўчыненьні цяжкіх злачынстваў неабходныя і не азначаюць катаваньня. Ці выпадае ў цяперашняй сытуацыі перагледзець вызначэньне, што трэба лічыць катаваньнем? На гэтае пытаньне ў інтэрвію нашаму радыё адказала Дорыт Ры Івэрсэн, супрацоўніца базаванага ў Даніі Цэнтру рэабілітацыі ахвяраў катаваньняў.

(Івэрсэн: ) “Канвэнцыя ААН супраць катаваньняў была прынятая ў 1984-м і ўвайшла ў дзеяньне ў 1987-м – гэта быў час, калі краіны ўзгаднілі цьвёрдае вызначэньне, што такое катаваньне. На сёньня 141 краіна ратыфікавала канвэнцыю. Гэтыя краіны пагадзіліся на тым, што мы маем цьвёрдую дэфініцыю і павінны прытрымлівацца яе. У Канвэнцыі сказана, што катаваньне нічым ня можа быць апраўдана. І калі мы пачынаем адступацца ад гэтай дэфініцыі – мы выбіраем ненадзейную дарогу без канца”.

Сёньня больш як у 100 краінах сьвету праходзяць рознага роду акцыі пратэсту супраць практыкі ўжываньня катаваньняў і жорсткіх пакараньняў пры ажыцьцяўленьні правасудзьдзя і забесьпячэньні правапарадку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG