Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што гарадзенцы кажуць пра наркаманію?


Радыё Свабода, Віцебск Ці сутыкаліся вы з выпадкамі наркаманіі ў сваім горадзе, сярод сваіх сяброў і знаёмых? На вашую думку, што трэба рабіць, каб супрацьстаяць распаўсюджваньню наркотыкаў? Гэтыя пытаньні задаваў гарадзенцам наш карэспандэнт.

(Дзяўчына: ) “Я сутыкалася з гэтай праблемай, у мяне былі сябры --наркаманы, ім 19-20 гадоў. Раней мы зь імі сябравалі, але ім не падабаюцца людзі, зь якімі яны ня могуць займацца тым жа самым. Яны сваёй кампаніяй спрабуюць прыцягнуць нас да гэтага, прапануюць: паспрабуй, паспрабуй, але ніхто з нас ня хоча, і ім нецікава робіцца сустракацца з намі”.

(Другая дзяўчына: ) “Мне сутыкацца з такім не даводзілася, і знаёмых у мяне такіх няма. Я думаю, што занадта шмат цяпер стрэсаў — вось некаторыя і не вытрымліваюць. У мяне таксама ёсьць праблемы, але я сама ім даю рады. Я займаюся спортам, таму наркотыкамі не цікаўлюся”.

(Малады спадар: ) “Я не прыхільнік наркотыкаў, і такіх знаёмых у мяне няма. Я думаю, што папросту шмат якія забароненыя рэчы падабаюцца сваёй забароненасьцю”.

(Спадар: ) “Канкрэтна, востра я з гэтай праблемай не сутыкаўся. Думаю, трэба адпаведна выхоўваць моладзь. Бацькам неабходна найперш зьвяртаць увагу на выхаваньне сваіх дзяцей, папросту зьвяртаць увагу на гэтае пытаньне, кантраляваць іх”.

(Малады спадар: ) “У нашым доме дзьве траціны хлопцаў былі алькаголікамі й наркаманамі. Цяпер, напэўна, паловы зь іх ужо няма, чалавек пяць ад наркаманіі дакладна памерлі. Цяпер шмат чаго памянялася, а тады — гадоў восем-дзесяць таму, па-першае, немагчыма было ўладкавацца на працу, а па-другое, такое сяброўства было: адзін паспрабаваў, даў другому — і гэтак далей. Хто паліў, хто бэнзін нюхаў, хто калоўся…”

(Маладзён: ) “Не, я ніколі з гэтым не спатыкаўся і думаю, што не сутыкнуся. Я і на дыскатэкі хаджу, але ў мяне папросту няма знаёмых наркаманаў”.

(Сябра: ) “Я думаю, што тут пераважвае цікавасьць да новага: хочуць паспрабаваць, што гэта такое. Я сам да гэтага стаўлюся адмоўна, не спрабаваў і не зьбіраюся”.

(Спадар: ) “Я хачу сказаць, што Горадня — здаровы горад. Думаю, што такая зьява ў нас таксама, магчыма, існуе, але не распаўсюджаная так шырока, як у заходніх краінах альбо, скажам, як у той жа Расеі”.

(Маладая спадарыня: ) “Сярод маіх знаёмых такіх выпадкаў няма, а сярод моладзі гэта здараецца, я бачыла на вуліцы такіх, хто, мяркуючы па выглядзе, яўна быў пад уплывам наркотыкаў. Патрэбная прапаганда здаровага ладу жыцьця — як моднай зьявы сярод моладзі. Карацей кажучы: быць здаровым, ня піць, не паліць, займацца спортам — гэта модна. Гэта ўжо становіцца модным на Захадзе, і я лічу, што і ў нас трэба прапагандаваць, распаўсюджваць як моду”.
XS
SM
MD
LG