Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск і "Газпром" вызначылі ацэншчыка беларускіх прадпрыемстваў


Радыё Свабода Паводле зьвестак расейскай газэты “Коммерсант”, Беларусь і “Газпром” нарэшце дамовіліся пра кандыдатуру аўдытарскай кампаніі, якая будзе ацэньваць кошт беларускіх вытворчых актываў, якія хоча атрымаць расейская газавая манаполія. Гэтым ацэншчыкам абраны адзін з буйных крэдытораў “Газпрома”, галянскі банк ABN Amro.

Нагадаем, што на працягу некалькіх гадоў адным з прадметаў спрэчак паміж Менскам і “Газпромам” быў кошт “Белтрансгазу”, над якім “Газпром” імкнуўся усталяваць свой кантроль – Беларусь была гатовая прадаць кантрольны пакет акцыяў “Белтрансгазу”, заходзячы з цаны 5 мільярдаў даляраў, “Газпром” заяўляў, што цана беларускай газатранспартнай сеткі не перавышае 600 мільёнаў даляраў.

Днямі намесьнік кіраўніка “Газпрома” Аляксандар Разанаў афіцыйна заявіў, што цана на газ для Беларусі ў наступным годзе складзе 200 даляраў за тысячу кубамэтраў , зараз яна складае прыблізна 47 даляраў за тысячу кубамэтраў. Аднак, паводле Разанава, “Газпром” гатовы зьнізіць цану за кошт набыцьця беларускіх вытворчых актываў. Намесьнік старшыні “Газпрома” назваў некаторыя з гэтых прадпрыемстваў – “Белтрансгаз”, “Белтопгаз”, Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод. Менавіта гэтыя прадпрыемствы і будзе ацэньваць галянскі банк ABN Amro. Калі беларускі і расейскі бакі пагодзяцца з ацэнкай і актывы будуць прададзены “Газпрому”, рост цаны на газ можа быць адтэрмінаваны. “Коммерсант”, спасылаючыся на экспэртаў, піша, што агульны кошт беларускіх прадпрыемстваў, на якія прэтэндуе “Газпром”, можа скласьці 10 мільярдаў даляраў.

Днямі міністэрства энэргетыкі Расеі накіравала ліст дэпутатам Дзярждумы, у якім абгрунтоўваецца неабходнасьць падвышэньня цаны на газ для Беларусі . У дакумэнце тлумачыцца, што Беларусь закупляе газ па ўнутрырасейскіх цэнах, а перапрадае сваім прадпрыемствам па цэнах значна, часам удвая большым. У лісьце міністэрства энэргетыкі Расеі гаворыцца, што разрыў паміж цэнамі на газ для Беларусі і для заходнеэўрапэйскіх краінаў за тры апошнія гады павялічыўся з трох разоў да пяці-шасьці. Паводле міністэрства, цяперашняя цана газа для Беларусі толькі часткова кампэнсуе выдаткі на здабычу, падрыхтоўку і транспарціроўку газа. У лісьце гаворыцца, што базавая цана газу, які будзе пастаўляцца ў Беларусь, плянуецца лічыць паводле формулы цаны, аналягічнай той, якая ўжываецца для паставак ва Ўкраіну, а гэта 180-200 даляраў за тысячу кубамэтраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG