Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наркаман ад прыняцьця першай дозы рэдка жыве больш за 10-12 гадоў


Ігар Карней, Менск 26 чэрвеня — міжнародны Дзень барацьбы з наркатычнымі сродкамі і іхным незаконным абаротам. Паводле Міністэрства аховы здароўя Беларусі, на чэрвень 2006 году ў афіцыйных лекавых установах стаіць на ўліку больш за 6 тысяч наркаманаў. Аднак усясьветная практыка сьведчыць: каб адлюстраваць больш-менш рэальную карціну, афіцыйную колькасьць хворых трэба памножыць на дзесяць.

Агульная колькасьць дыспансэрных нарказалежных у Беларусі дасягае 6180 чалавек. Яшчэ тры з паловай тысячы праходзяць назіраньне ў групе прафіляктыкі як асобы, якія ўжываюць наркотыкі час ад часу. Такім чынам, толькі легалізаваная група складае каля 10 тысяч, тады як галоўны нарколяг Міністэрства аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Максімчук лічыць, што аб’ектыўна гаворку можна весьці пра паўсотні тысяч хворых на наркаманію.

(Максімчук: ) “Дасьледаваньні сьведчаць на рост спажываньня ў Беларусі як наркатычных сродкаў, так і псыхаактыўных рэчываў, асабліва ў моладзевым асяродку. Уласна наркаманія — цяжкое псыхічнае захворваньне, якое зрэдку пачынаецца выпадкова, але часьцей — пад зьнешнім уплывам, што ў любым выпадку прыводзіць да фармаваньня непераадольнай цягі да ўсё новых і большых дозаў. Варта адзначыць, што, акрамя наркотыкаў, да выпрацоўкі залежнасьці вядуць псыхатропныя рэчывы, якія аказваюць такое ж моцнае ўзьдзеяньне на цэнтральную нэрвовую сыстэму, як і наркотыкі”.

Як адзначыў спадар Максімчук, асноўнымі наркотыкамі ў асяродку беларускіх наркаманаў ёсьць опій кустарнай вытворчасьці з макавай саломкі й гераін. Прычым, апошнім часам рэзка павялічылася доля менавіта гераіну. Гэтаксама адзначаецца рост спажываньня марыхуаны і “экстазі”. Раз-пораз міліцыя выкрывае цэлыя лябараторыі, дзе на самым сучасным абсталяваньні вырабляюць ужо фасаваныя дозы.

Як удакладняюць у МУС, наркаманія крочыць побач са злычынствам. Летась за незаконны абарот наркотыкаў па краіне асуджана 5489 чалавек. Аднак галоўны лекар Гарадзкога наркалягічнага дыспансэру Сяргей Малочка такую актыўнасьць лічыць не заўсёды абгрунтаванай, паколькі наркаманаў, перадусім, трэба лячыць, а не хаваць па турмах.

(Малочка: ) “Гэтая група зусім неахвотна ідзе на кантакт з мэдыкамі. Адна з прычынаў — сумесны загад міністэрстваў унутраных спраў і аховы здароўя, згодна зь якім гэтыя ведамствы мусяць абменьвацца інфармацыяй па колькасьці наркаманаў, якія стаяць на ўліку. Небясьпека легалізацыі праз мэдычныя ўстановы ў значнай ступені адпужвае нашых кліентаў. Не бяруся казаць, наколькі правільна робіць МУС, але цягам апошніх трох гадоў толькі ў Менску асуджана каля 2 тысяч наркаспажыўцоў. Ніводная турма яшчэ ніколі й нікога ня вылечыла. Праўда, работнікі органаў унутраных спраў указваюць якраз нам на нізкую эфэктыўнасьць працы”.

Два дзясяткі стацыянарных месцаў для рэабілітацыі наркаманаў ёсьць ў Гарадзкім наркалягічным дыспансэры і столькі ж у псыхіятрычным шпіталі ў Навінках пад Менскам. Лекаваньне наркаманаў у камэрцыйных цэнтрах пакуль што можа служыць слабай альтэрнатывай для незаможных сем’яў. Так, дырэктар профільнага прадпрыемства “Парацэльс” Ірына Меншыкава расказала: месяц знаходжаньня ў клініцы (ад 9-й раніцы да 9-й вечара) каштуе 850 даляраў. Аналягічныя працэдуры стацыянарна, у загарадным цэнтры, абыдуцца ўжо ў 1500 даляраў на месяц. Поўны цыкль рэабілітацыі складае найменей шэсьць месяцаў.

Першага ВІЧ-інфікаванага наркамана ў Беларусі выявілі ў 1995 годзе. Але ўжо праз год адбыўся масавы выбух у Сьветлагорску, які пачаў адлічваць статыстыку наркаманаў, памерлых ад СНІДу. Штогоду ў Беларусі ад наркатычнага перадазаваньня памірае ці заканчвае самагубствам 110 чалавек, сярэдні век якіх — 20 гадоў. Паводле адмыслоўцаў, сярэдняе жыцьцё наркамана — 10—12 гадоў ад моманту прыёму першай наркатычнай дозы.
XS
SM
MD
LG