Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пяць гадоў за несанкцыянаваны вываз дзіцяці ў Італію


Радыё Свабода На пяць гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму і канфіскацыю маёмасьці асудзілі былога дырэктара Мсьціслаўскай школы-інтэрнату для сіротаў Леаніда Багатырова. Пастановаю Мсьціслаўскага раённага суду яму забаронена працаваць ў сфэры адукацыі.

Суд, які цягнуўся ад 30 траўня, вызначыў, што ў кастрычніку 2001 году 11-гадовая выхаванка школы-інтэрнату была выпраўленая на лячэньне ў Італію без афіцыйнага афармленьня дакумэнтаў. Як паведамілі ў раённым судзе, яна дагэтуль знаходзіцца ў Італіі.

Як удалося высьветліць, былая выхаванка школы-інтэрнату не зьбіраецца вяртацца на радзіму. Ёй ужо 17 гадоў, і яна сама выбірае краіну пражываньня. Кажуць, што італьянская сям’я ў 2001 годзе нібыта хацела яе ўдачарыць. У інтэрнаце дзяўчынка не вылучалася моцным здароўем, шмат хварэла.

Між іншым, за дырэктарствам Леаніда Багатырова італьянскімі сем’ямі ўсыноўленыя дзесяць гадаванцаў інтэрнату. Быў выпадак, калі сам гадаванец адмовіўся ад усынаўленьня. Наагул жа італьянскія дабрачынныя арганізацыі працяглы час апякуюцца мсьціслаўскай навучальнай установай — дапамагаюць у рамонце памяшканьняў, пастаўляюць гуманітарныя грузы.

Што да асобы былога дырэктара, дык ён ужо тры гады на пэнсіі. Апошнія перадпэнсійныя гады працаваў у сыстэме адукацыі. Знаёмцы характарызуюць яго як чалавека сьціплага і гаспадарлівага, некаторыя зьвяртаюць увагу на ягоную дэмакратычнасьць. Пакуль ішло сьледзтва, былы дырэктар школы-інтэрнату знаходзіўся пад хатнім арыштам.
XS
SM
MD
LG