Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Смалявіцкім раёне ўсталююць памятны знак на месцы расстрэлу габрэяў


Радыё Свабода Сёньня ў вёсцы Апуток Смалявіцкага раёну ўрачыста адкрыюць памятны знак на месцы масавага пахаваньня ахвяраў Галакосту. Учора такія знакі былі ўсталяваныя ў Дзятлаве і вёсцы Наваельня. Месцы пахаваньня растраляных габрэяў знайшлі і дасьледавалі сябры Камісіі ўшанаваньня памяці ахвяраў Галакосту ў Беларусі. Наша карэспандэнтка Любоў Лунёва пагутарыла з кіраўнікамі габрэйскіх суполак Беларусі.

Адкрыцьцё мемарыяльнага знаку ахвярам Галакосту ў вёсцы Апуток Смалявіцкага раёну адбудзецца а 12 гадзіне. Знак будзе ўсталяваны на месцы пахаваньня 80 расстраляных габрэяў у часе Другой усясьветнай вайны. Акрамя сяброў габрэйскіх суполак там будуць амбасадары Ізраілю, Нямеччыны і Вялікай Брытаніі.

Учора сустаршыня Камісіі ўшанаваньня памяці ахвяраў Галакосту Юры Дорн разам з прадстаўнікамі габрэйскіх суполак усталявалі памятныя знакі ў вёсцы Наваельня і ў Дзятлаве. На цэрэмонію па ўласнай ініцыятыве прыйшлі мясцовыя жыхары і школьны настаўнік разам з вучнямі.

Юры Дорн лічыць, што сёньня, калі ў крамах можна набыць літаратуру, відэа- і аўдыёматэрыялы антысэміцкага зьместу, ушанаваньне памяці растраляных грамадзянаў Беларусі ў часе вайны толькі за тое, што яны былі габрэямі, мае вельмі важнае выхаваўчае значэньне. У Беларусі паводле афіцыйных зьвестак загінула 810 000 габрэяў.

(Дорн:) “Гэта важна дзеля выхаваньня талерантнасьці, верацярпімасьці ў падрастаючага пакаленьня грамадзянаў Беларусі. Вось, вам, просты прыклад: у Наваельні дырэктар ільнозаводу зрабіў добраўпарадкаваў тэрыторыю каля помніка. Мы яго нават не прасілі аб гэтым. А ён узяў і зрабіў…”

Фінансавая дапамога на дасьледчую працу і ўсталяваньне мемарыялльных знакаў на месцы пахаваньняў габрэяў прыйшла з фонду Саймана Марка Лазаруса зь Вялікай Брытаніі. Раней за грошы гэтага фонду мемарыяльныя знакі ўсталявалі ў Ракаве і Вішнёве на Міншчыне, Параф’янаве на Віцебшчыне. Старшыня аб’яднанаьня габрэйскіх суполак Леанід Левін усе выходныя правёў пад Гарадзеяй. Там ёсьць помнік расстраляным габрэям: частка спаленай хаты, а ад яе дарога з 1 147 камянёў да магілы, якую рылі самі габрэі. З помніка зьніклі шчыльдачкі. Леанід Левін прывёз новыя, каб адрэстаўраваць помнік.

(Левін:) “Гетта… Многія не разумеюць, адмаўляюць, нейкае глупства кажуць, бо часам гетта існавала пяць дзён, потым усіх расстрэльвалі, часам – месяц-два-тры і ўсіх расстрэльвалі, часам – год, калі гэта буйное гетта… Але гэта ж былі людзі, дарэчы, нашы людзі. А там няма нічога.”

Сябры габрэйскіх суполак шмат чаго робяць дзеля таго, каб грамадзяне Беларусі лепш ведалі гісторыю і культуру сваёй краіны, якая была зьвязаная з культурай габрэйскага народу.

У Менскім габрэйскім доме на вуліцы Веры Харужай сёньня адкрыцьцё фотавыставы, прысьвечанай помнікам архітэктуры, якімі зьяўляюцца сынагогі, пабудаваныя да ХХ стагодзьдзя. Наведнікі могуць убачыць будынкі, якіх няма больш за сотню гадоў. У свой час мастакі захавалі іх у сваіх акварэлях.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG