Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Салідарнасць": сытуацыя ў Салігорску напаляецца


Радыё Свабода Агляд недзяржаўнай прэсы за 26 чэрвеня.

Газэта “Белорусы и рынок” сёньня вяртаецца да тэмы расейска-беларускіх камандна-штабных вучэньняў “Шчыт Айчыны”, якія адбываліся ў Беларусі 17-24 чэрвеня. Паводле газэты, гэтыя вучэньня ня толькі разьмінка для абслугі складанай тэхнікі, але й красамоўны сыгнал асобным суседзям Беларусі й Расеі. І найперш Польшчы, Чэхіі й Вугоршчыне, на тэрыторыі якіх у найбліжэйшай пэрспэктыве ЗША плянуюць разьмесьціць базы супрацьракет сістэмы нацыянальнай абароны. Разгортваньне гэтых базаў абгрунтоўваецца амэрыканцамі неабходнасьцю абараніцца ад ракетнай пагрозы з боку краінаў-ізгоеў, напрыклад, з боку таго ж Ірану. Аднак расейцы ўспрымаюць гэта як пагрозу ўласнай бясьпецы.

Беларускія ўлады разьлічвалі на тое, што дзякуючы агульным ідэйным інтарэсам яны здолеюць дамовіцца з Кітаем наконт выгаднай цаны на калійныя ўгнаеньні. Але гэтага не атрымалася: кітайцы паглядзелі на праблему толькі з эканамічнага пункту гледжаньня. Пра гэта піша інтэрнэт-выданьне “Салідарнасць”, якое падрабязна асьвятляе сытуацыю на “Беларуськаліі”. Тым часам абстаноўка ў Салігорску накаляецца, бюджэтнікі ня могуць атрымаць заробкі і грошы на адпачынак. У рэдакцыю “Салідарнасці” трапіў дакумэнт Менаблвыканкаму, згодна зь якім неабходна тэрмінова вырашыць пытаньне з афармленьнем крэдыту “Беларусбанка” для пагашэньня завінавачанасьцяў у сацыяльнай сфэры Салігорску. Апрача таго ў дакумэнце сказана пра забесьпячэньне аховы правапарадку й недапушчэньне спробаў дэстабілізацыі грамадзкай абстаноўкі ў горадзе. Начальніку ўпраўленьня ідэалягічнай працы Менаблвыканкаму Тацяне Дзедух даручана распрацаваць з кіраўніцтвам тэлекампаніяў БТ і СТВ асьвятленьне тэмы “Беларуськалію” ў эфіры.

А газэта “Жодинские вести” паведамляе пра сьмерць 15-гадовага падлетка – ён загінуў, нырныўшы ў раку ў недазволеным месцы. Купальны сэзон распачаўся сёлета позна, людзі і перш за ўсё дзеці імкнуцца на пляж, і ратаўнікі з трывогай чакаюць новых інцыдэнтаў. У горадзе ёсьць адзін больш-менш прыстойна абсталяваны пляж і толькі яго можна парэкамэндаваць у якасьці месца адпачынку ля вады. Бацькі не павінны адпускаць дзяцей некуды яшчэ, папярэджвае газэта.
XS
SM
MD
LG