Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нецьвярозым кіроўцам будзе пагражаць крымінальная адказнасьць


Радыё Свабода Тыя, хто водзіць у Беларусі машыну нецьвярозы, цяпер будзе несьці крымінальную адказнасьць, а вось за дробныя крадзяжы крымінальнай адказнасьці наадварот ня будзе. Індывідуальныя прадпрымальнікі будуць несьці крымінальную адказнасьць, калі без дазволу адкрыюць рахункі за мяжой. Гэта некаторыя са зьменаў у Крымінальны кодэкс, што пры канцы мінулага тыдня зацьвердзіла Палата прадстаўнікоў.

Зьмяненьні ў Крымінальны кодэкс прымаюцца па даручэньні прэзыдэнта, які запатрабаваў узмацніць барацьбу "з праявамі ценявой эканомікі ў малым бізнесе", адзначыў старшыня сталай камісіі па нацыянальнай бясьпецы Анатоль Белашэўскі.

(Белашэўскі: ) "Пашырыць кола спэцыяльных суб''ектаў незаконнага адкрыцьця рахункаў за межамі Рэспублікі Беларусь, невяртаньня з-за мяжы замежнай валюты, ілжэпрадпрымальніцтва, уключыўшы ў іх індывідуальных прадпрымальнікаў".

На думку Анатоля Белашэўскага, палажэньні Крымінальнага кодэксу прыводзяцца ў адпаведнасьць з патрабаваньнямі Інвэстыцыйнага кодэксу, згодна зь якім індывідуальныя прадпрымальнікі маюць права адкрываць валютныя рахункі толькі з дазволу Нацыянальнага банку. Вось што кажа старшыня Беларускага Саюза прадпрымальнікаў прафэсар Аляксандар Патупа.

(Патупа: ) "Што тычыцца індывідуальных прадпрымальнікаў, гэта дзіўная рэч. Зразумела, што калі б яны і адкрывалі рахункі, то толькі як фізычныя асобы. Але справа ў тым, што звычайным грамадзянам без усялякага прадпрымальніцтва таксама патрэбны дазвол. Усё астатняе -- гэта нелегальная дзейнасьць, калі за мяжоў паадкрываў рахункі. А яны адкрыць рахунак як прадпрымальнікі ўсё адно ня могуць. Таму гэта ўсё -- як пагроза кулаком".

Дагэтуль ў дзейным заканадаўстве крымінальная адказнасьць за такія злачынствы была прадугледжаная толькі для службовых асобаў прадпрыемстваў і арганізацыяў. Дарэчы, на мінулым тыдні ў швэйцарскіх банках былі выяўленыя рахункі кіраўнікоў "Нафтану".

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі прыняла ў другім чытаньні праект закона "Аб барацьбе з карупцыяй". Чыноўнікам забаронена мець рахункі ў замежных банках. Члены сем''яў службовых асобаў не маюць права атрымліваць маёмасьць і паслугі, запрашэньні ў турпаездкі. Службовыя асобы і члены іх сем''яў павінны штогод запаўняць дэклярацыю аб даходах і маёмасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG