Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці паўплывалі сакавіцкія пратэсты на сытуацыю ў Беларусі?


Альгерд Невяроўскі, Менск Сто дзён таму моладзь выступіла з адкрытым пратэстам на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, аспрэчваючы характар правядзеньня і афіцыйныя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў. Ці паўплываў гэты пратэст на сытуацыю ў Беларусі? Ці сталі людзі менш баяцца выказваць адкрыта свае думкі? Гэтыя пытаньні людзям на менскіх вуліцах задаваў наш карэспандэнт.

(Спадар: ) “Ня ведаю, баяцца ў нас людзі выказваць свае думкі ці не. Бо калі 5 % і выкажа сваю думку, то астатнія 95, якія атрымліваюць 200 даляраў, на гэта не адрэагуюць”.

(Спадар: ) “Сталі больш вольнымі. Прынамсі, ходзяць са значкамі “За свабоду” і не саромеюцца. Гэта радуе”.

(Спадар: ) “ Я думаю, што не. Ніякага страху няма: што сярод сярэдняга пакаленьня, што сярод моладзі. Тая палітыка, што праводзіцца ў нашай краіне, цалкам задавальняе патрэбы і моладзі, і дарослых. Хочаш – працуй, сацыяльнае забесьпячэньне нармальнае, свабода слова – калі ласка, гавары. Няма нейкага ўціску. Я вось і бізнэсам займаюся, і ніякіх праблемаў няма”.

(Карэспандэнт: ) “Мінула сто дзён, як моладзь выступіла з адкрытым пратэстам на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Як гэта паўплывала на становішча ў краіне? Ці сталі людзе менш баяцца адкрыта выказваць свае думкі?”

(Хлопец: ) “Менш баяцца ня сталі. Ніяк не паўплывала гэтая адна акцыя пратэсту”.

(Хлопец: ) “ Мне здаецца, што так. Людзі сталі больш упэўненыя ў сваіх сілах”.

(Дзяўчына: ) “ Я таксама так лічу”.

(Хлопец: ) “ Не, ня сталі. Што зьмянілася? Нічога”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, што людзі па-ранейшаму баяцца. У мяне ўражаньне, што адна катэгорыя гаворыць не сваімі фразамі, а прыдуманымі, якія не ідуць ні ад сэрца, ні ад душы. Нейкая паказуха. А вось духоўнага ў нас мала. Людзі баяцца”.

(Спадарыня: ) “Мне здаецца, што ў нашай краіне вельмі многія баяцца адкрыта выказваць сваю думку”.

(Хлопец: ) “ Не перасталі баяцца. Дыктатура”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG