Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва ўрочышчы Цагельня паміналі вязьняў, расстраляных НКВД


Севярын Квяткоўскі, Чэрвень Ад 1989 г. ва ўрочышчы Цагельня ля гораду Чэрвень (колішні Ігумен) ладзяцца памінальныя акцыі памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. 26 чэрвеня 1941 г. тут былі расстраляныя вязьні чэрвеньскай перасыльнай турмы. Сярод вязьняў, апроч беларусаў, былі палякі і літоўцы з далучаных да СССР у 1939-1940 гг. земляў.

Ноччу з 24 на 25 чэрвеня калёна зьняволеных рушыла зь Менску. Нямоглых пачалі расстрэльваць ужо ў самім горадзе. 26 чэрвеня ў НКВД зразумелі, што немцы нагоняць калёну, і пачалі расстрэл. Жыхар Чэрвеня Ўладзімер Дарагуж чуў кулямётныя чэргі. Вязьні ўцякалі, іхнымі трупамі быў засланы кілямэтр дарогі, а таксама прылеглыя лясы.

Цяпер на месцы расстрэлаў стаяць крыжы, усталяваныя беларусамі, палякамі і літоўцамі. Уладзімер Дарагуж у канцы 1980-х гг. раскрыў грамадзкасьці чэрвеньскую трагедыю сэрыяй нарысаў "Курапаты Чэрвеньшчыны".

(Дарагуж: ) "У маёй сям''і ніхто ад бальшавіцкіх рэпрэсій вельмі моцна не пакутаваў. Але я ўспрымаю сябе як нашчадка расстраляных, замучаных у канцлягерах. А вось наша адміністрацыя, нашыя ўлады адчуваюць сябе нашчадкамі тых, хто рабіў гэтыя рэпрэсіі, тых хто расстрэльваў, бальшавікоў-НКВДыстаў".

24 чэрвеня 2006 году ва ўрочышчы Цагельня маліліся і паміналі ахвяры. Прыехала вялікая дэлегацыя зь Літвы, былі прадстаўнікі беларускіх літоўцаў. Навуковая кіраўніца мэмарыялу Курапаты, былая палітзьняволеная Мая Кляшторная падкрэсьліла важнасьць стварэньня міжнароднай камісіі па ўшанаваньні ўрочышча Цагельня.

25 чэрвеня мерапрыемствы Ігуменскага шляху працягнуцца мэмарыяльным мітынгам КХП БНФ, на які прадстаўнікі партыі атрымалі дазвол уладаў.
XS
SM
MD
LG