Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве стварылі гарадзкую рэгіянальную ініцыятыву


Радыё Свабода, Магілёў Напрыканцы тыдня ў Магілёве прайшоў сход мясцовых лідэраў дэмакратычных партый і грамадзкіх аб''яднаньняў. Удзельнікі сходу, якія прадстаўлялі шэсьць дэмакратычных партый і дзесяць грамадзкіх аб''яднаньняў, прагаласавалі за праект пагадненьня пра стварэньне Магілёўскай гарадзкой рэгіянальнай ініцыятывы грамадзка–палітычных сілаў і зацьвердзілі склад адпаведнай рэдакцыйнай камісіі.Новая грамадзкая кааліцыя плянуе каардынаваць дзейнасьць дэмакратычных сілаў на выбарах ў мясцовыя Саветы.

У сходзе бралі ўдзел прадстаўнікі пяці вядучых партый кааліцыі “Пяцёрка плюс”, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Грамада ды большасьці мясцовых грамадзкіх аб''яднаньняў. Арганізатары сходу, лідэры тамтэйшых філій незарэгістраванай партыі Свабоды і прагрэсу і Аб''яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Сілкоў і Сяргей Стральцоў заявілі, што магілёўская ініцыятыва ствараецца як рэгіянальная ініцыятыва, якая мусіць паспрыяць посьпеху на выбарах у мясцовыя Саветы.

Удзельнікі сходу казалі, што на прэзыдэнцкіх выбарах яны падзяліліся на прыхільнікаў Мілінкевіча і Казуліна, а цяпер будуць весьці эфэктыўную выбарчую кампанію ў тых акругах, дзе будуць вылучацца іхныя кандыдаты, апярэджваючы ўлады, прапаноўваць свае шляхі вырашэньня праблем. Наша ініцыятыва, адзначыў ва ўступным слове Аляксандар Сілкоў, працягвае традыцыі папярэдняга аб''яднаньня магілёўскіх дэмакратычных сілаў – “Магілёўскай альтэрнатывы”.

Паводле праекта кааліцыйнага пагадненьня, удзельнікамі ініцыятывы могуць стаць усе палітычныя партыі, прафсаюзы, грамадзкія аб''яднаньні, якія падзяляюць прынцыпы дэмакратыі, прававой і незалежнай беларускай дзяржавы і інтэграцыі ў эўрапейскую супольнасьць. Рэгіянальная кааліцыя ствараецца дзеля каардынацыі сумесных дзеяньняў яе ўдзельнікаў, абмену досьведам, вядзеньня эфэктыўнай выбарчай кампаніі і пошуку хаўрусьнікаў, найперш – моладзі.

Па папярэдняй дамоўленасьці ў склад рэгіянальнай ініцыятывы ўвайшлі мясцовыя філіі партый кааліцыі “Пяцёрка плюс”, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада”, моладзевыя арганізацыі, якія дзейнічаюць пад эгідай гэтых партый. Апроч таго – яшчэ некалькі грамадзкіх аб''яднаньняў, якія будуць мець права дарадчага голасу. Канчатковы тэкст пагадненьня і рэглямэнт кааліцыі будзе зацьверджаны напрыканцы чэрвеня. Удзельнікі сходу пагадзіліся, што ініцыятыва ствараецца як рэгіянальная кааліцыя і ня ёсьць формай руху “За свабоду”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG