Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сто дзён пасьля Плошчы: успаміны журналістаў. Л.Лунёва


Радыё Свабода У аўторак 27 чэрвеня Радыё Свабода прэзэнтуе ў Інтэрнэце новую кнігу сэрыі “Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе” пра падзеі ў Менску пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году “Плошча. 19.03-25.03.2006”. Кнігу завяршаюць нататкі журналістаў “Свабоды”, якія працавалі на Плошчы. У іх ліку – Любоў Лунёва.

Прычынай жорсткасьці быў страх

Калі 20 сакавіка на плошчы прагучала «Застаемся!!!», некалькі дзясяткаў чалавек сышлі, каб пераапрануцца, яшчэ некалькі пайшлі ў «Цэнтральны» ўнівэрсам. У каўбасны аддзел за паўгадзіны да закрыцьця крамы ўтварылася вялізная чарга. Каўбасы бралі палкамі й прасілі нарэзаць. Прадаўшчыцы ледзь пасьпявалі. Яны ўвесь час азіраліся, казалі, што іх пакарае начальства. Выйшла загадчыца й крыкнула, што аддзел не працуе. Людзі кінуліся ўніз. Там, на першым паверсе, у кафэтэрыі заставалася некалькі кавалкаў торта. Прадаўшчыцы сказалі, што бутэрбродаў рабіць ня будуць, бо хутка канец працы. Тады адзін мужчына гучна кажа: «Дзяўчаты, людзі на плошчы вырашылі стаяць усю ноч. Я не магу сам застацца, бо жонка ў шпіталі, а дома дзеці. Але я ж не змагу спакойна спаць. Гэта ж усё на плошчу!» Гандляркі нічога не адказалі. Яны, як па камандзе, пабеглі ў падсобку й адтуль хутка пачалі выносіць падносы з бутэрбродамі. Нехта набыў некалькі бутэлек зь мінэралкай. Ваду вылілі на вуліцы, а ў бутэлькі папрасілі наліць гарачую каву. Жанчына ў касе просіць выбіць дваццаць пяць бутэрбродаў. Высьвятляецца, што не хапае 600 рублёў. Адразу нехта з чаргі дадае неабходныя грошы. Людзі незнаёмыя, але абмяркоўваюць уголас, што яшчэ трэба набыць. Гандлярка запытвае: «Марожанае будзеце выбіваць?» Раптам — цішыня, і… усе зарагаталі.

Я паехала ў бюро, каб перадаць матэрыял і празь дзьве гадзіны вярнуцца. Ужо ведала, што пасьля 10-й вечара пачалі перакрываць вуліцы, прылеглыя да плошчы. Апоўначы даішнікі на плошчы Перамогі паставілі знак і не прапускалі машыны па праспэкце ў бок Кастрычніцкай. На вуліцы Я.Купалы было поўна спэцназаўцаў у дварах, уздоўж дарогі. Усіх, хто намагаўся трапіць на плошчу, затрымлівалі. Адну кампанію затрымалі нават на вуліцы Першамайскай, перад уваходам у парк Горкага. Спэцназаўцам паставілі задачу: ня даць новым людзям прыйсьці на плошчу, не дапусьціць туды цёплых рэчаў і тэрмасаў з гарачай вадой. Разьлічвалі, што ўдзельнікі акцыі замерзнуць і разыдуцца. Праз пару гадзінаў узьнікла праблема: людзей, якія адыходзілі ў прыбіральню ў начныя інтэрнэт-кавярні, затрымлівалі й адвозілі ў пастарункі. Каля трох дзясяткаў студэнтаў пабудавалі калёну й разам пайшлі з плошчы ў прыбіральню, маўляў, усіх нас не затрымаюць. Затрымалі. Падагналі два аўтобусы і ўсіх адвезьлі на Акрэсьціна.

Хлопец каля намёта кажа: «Лёзунг бальшавікоў цяпер неактуальны. Трэба захопліваць вакзалы, тэлецэнтры й біятуалеты!» Я падышла да дзяўчынкі ў кароткай куртачцы, джынсах, красоўках. Яна дрыжыць. — Халодна? — Трошкі… Але хутка ў мяне пачнецца другое дыханьне, і стане лягчэй. — Не баісься, што пад раніцу будзе разгон? — Ведаеце, я раней ніколі ня ўдзельнічала ў акцыях. Я тут нікога ня ведаю. Была са сваім хлопцам. Мы зь ім год сустракаемся. Ён у спартовай сэкцыі займаецца. Думала, надзейнае плячо… А ён спачатку ўгаворваў мяне пайсьці дадому, потым сказаў: «Ну, і стой тут, дурніца, калі хочаш, каб цябе спачатку зьбілі, а потым з вучобы выгналі». А я не шкадую, што засталася. Цікава, што ён цяпер адчувае? Казаў жа: «Сонейка, я заўсёды буду побач, нікому ня дам цябе пакрыўдзіць».

Халодна. Журналісты падскокваюць на месцы. У іх ёсьць магчымасьць адыходзіць у кавярню, але большасьць зь іх стаіць. Спэцназаўцы ў мэтро і ў будынку Палацу Рэспублікі грэюцца па чарзе. Кадэбэшнікі — у Палацы прафсаюзаў.

Ад трэцяй гадзіны пачалі тэлефанаваць на мабільны. У асноўным жанчыны. Ва ўсіх амаль аднолькавая гісторыя: бацька нёс на плошчу цёплыя рэчы й тэрмас. Яго затрымалі, а ў сына ці дачкі ад холаду разладаваўся тэлефон. Адно пытаньне: «Дзе іх шукаць?»

Праяжджаюць машыны, сыгналяць, паказваюць знак «вікторыі». Іх вітаюць з плошчы. Даішнікі па рацыі перадаюць нумары машынаў наступнаму посту. Кіроўцаў спыняюць каля «Макдоналдсу» й штрафуюць. Знак салідарнасьці зь мітынгоўцамі каштуе 31 тысячу рублёў. Кіроўцы едуць назад і паказваюць ужо не «вікторыю», а сярэдні палец — даішнікам.

А 6-й раніцы пытаюся ў спэцназаўца: «Будзеце разганяць?» А ён: «Сам нічога не разумею. Мы ў шоку. Ніякай каманды…» Спэцназаўцы раніцай — стомленыя й злыя. Некалькіх студэнтаў, якія з плошчы пайшлі на заняткі, зьбілі ў падземным пераходзе й завезьлі ў пастарунак. Тых, у каго на тварах засталіся сьляды пабояў, па дарозе выкінулі з аўтобуса.

А 10-й раніцы дзясяткі затрыманых развозяць у суды. Аўтобусы падганяюць да чорнага ўваходу. Затрыманых паасобку вядуць у кабінэты судзьдзяў. Спэцназаўцы, якія затрымлівалі, — гэта яшчэ й сьведкі. Усе пратаколы напісаныя аднолькава. Толькі прозьвішчы розныя. Маці затрыманай студэнткі ў судзе кажа капітану міліцыі: «Вы разумееце, што цягам тыдня ў горадзе затрымалі сотні дробных хуліганаў, якія «нецэнзурна лаяліся, на заўвагі супрацоўнікаў міліцыі не рэагавалі». Што гэта такое?!» Той у адказ: «Ну, эпідэмія, можа, такая».

А 6-й вечара на плошчы выключылі сьвятло. Некалькі чалавек бегаюць на каньках. Адзін — зь бел-чырвона-белым сьцягам. Яго відаць здалёк. У намётавым лягеры — сьвятло ад тэлекамэраў. Шмат замежных журналістаў. Побач са мной стаяць спэцназаўцы. Чую, як па рацыі запытваюць: «Што там за сьвятло? Што гэтыя даўны робяць?» Адказ: «Інтэрвію даюць». «Ну, і што яны кажуць?» Адказ: «Адкуль я ведаю. Яны ж размаўляюць па-ангельску й па-нямецку. Прыдуркі...»

Раніцай пачынаюцца суды. Тэлефануюць бацькі, дзеці, жонкі, браты… Шукаюць сваіх. Бацькі дзяжураць у судах. Самі складаюць сьпісы. На Акрэсьціна — разьюшаныя маці. Кажуць, што заблякуюць усе выхады й ня выпусьцяць дахаты начальніка, пакуль не атрымаюць сьпісаў арыштаваных. Камэры перанаселеныя. Людзі назіраюць сцэну: прыходзіць бомж, просіцца ў турму, бо яму сядзець яшчэ некалькі сутак. Выходзіць міліцыянт і крычыць: «Ану, пайшоў адсюль! Потым прыйдзеш, дасядзіш. Няма месцаў. Усё, ты — вольны».

Раптам адна жанчына, паказваючы рукой на здымачную групу: «Скажыце, калі ласка, вы з ОНТ?» У адказ: «Так!» «Ах, вы, падонкі! Чаго сюды прыперліся, уроды брахлівыя?!!» Жанчыны пачынаюць кідаць у групу сьнежкі. Тыя — наўцёкі.

Позна ўвечары новых затрыманых на Акрэсьціна не прынялі. Іх павезьлі ў Жодзіна і ў ізалятар Менскага раёну. Людзі на плошчы казалі: «Што далей?» і згадвалі Чылі. Прыйшлі да высновы, што ў нас на стадыёне занадта халодна.

Адну дзяўчынку, якая несла на плошчу блінцы зь мясам, прымусілі іх зьесьці ў пакоі міліцыі, што на станцыі мэтро. У людзей, якія выходзілі з мэтро, міліцыянты правяраюць торбы. Дастаю дыктафон: «Скажыце, што вы хацелі знайсьці ў маім заплечніку? Што шукаеце ў іншых? На якой падставе робіце дагляд?» Тыя, убачыўшы дыктафон, адбеглі на некалькі мэтраў. Падышла жанчына сталага ўзросту: «Ведаеце, я згадваю, як была маленькай дзяўчынкай і насіла з мамай партызанам ежу. Як мы баяліся паліцаяў на дарогах! Добра, калі проста ўсё адбіралі й не затрымлівалі. А колькі затрымалі?! А колькі потым расстралялі?!»

Уначы з 23-га на 24-га пасьля разгону намётавага лягеру на плошчы засталіся журналісты, спэцназаўцы й сабака, які быў там ад пачатку акцыі. Яго частавалі каўбасамі... Некаторых апазыцыянэраў ён ужо ведаў, і калі тыя падыходзілі, матляў хвастом. Цяпер сабака хадзіў самотны, разгублены й зрэдку брахаў…

25 сакавіка людзі пайшлі калёнай на Акрэсьціна. Як звычайна, калёна павялічвалася коштам тых, хто далучаўся з тралейбусаў і з крамаў. Дзьве жанчыны выйшлі з гандлёвага цэнтру «На Нямізе», убачылі калёну. Адна: «Вы — апазыцыя? Куды шэсьце? На Акрэсьціна?» Кажа сяброўцы: «Іра, давай пойдзем зь імі. Я казала табе, што майго суседа забралі? Я цяпер ягонага ката кармлю. Сусед мой абсалютна прыстойны чалавек... Далі яму суткі. Участковы наш кажа: за тое, што Лукашэнку ня любіць. А хто яго любіць?! Дык што цяпер, усіх саджаць?! Пастаім там. Хай убачаць, колькі людзей іх падтрымліваюць». Сяброўка, Ірына, адмовілася, сказала, што запрошаная ў госьці, а жанчына далучылася да калёны. Яна ня ведала, што ісьці давядзецца нядоўга.

Машыны сыгналілі на знак салідарнасьці. Раптам спынілася машына, адтуль кіроўца крыкнуў мне: «Люба, наперадзе пад мастом Паўлічэнка й цэлая армія салдатаў! Там нікога не прапусьцяць!» Я перайшла дарогу і ўбачыла сотні салдатаў са шчытамі, у масках. Наперадзе — Паўлічэнка й некалькі камандзіраў. Падышла з фотакарэспандэнтам Максімам Капранам бліжэй, каб ён мог зрабіць здымкі. Салдаты білі дубінкамі па шчытах. Раптам Паўлічэнка: «Падрыхтавацца да бою!» Адзін дэманстрант падышоў да ланцугу салдатаў і лёг на асфальт. Ён спадзяваўся, што гэта іх спыніць. Яны пачалі зьбіваць яго нагамі й дубінкамі. Яго біў кожны, каму ён трапіўся на шляху.

Салдаты ішлі ўсё хутчэй і хутчэй. Кожнага, хто не ўтрымаўся на нагах, зьбівалі шэсьць чалавек. Білі дубінкамі й нагамі. Кроў, крыкі. На асфальце засталіся непрытомныя людзі. Раптам — выбух. Я ўбачыла салдата зь вінтоўкай. Жах на тварах журналістаў.

Салдатам далі каманду, і яны пабеглі. Хутка дагналі натоўп і пачалі зьбіваць усіх дубінкамі. Выбух, яшчэ выбух. Дым, жудасныя крыкі. Побач са мной жанчына крычала: «Не страляйце!!! Не страляйце!!! Не забівайце!!! Там маё дзіця!!! Ён яшчэ малы!!!» Хвілінаў пятнаццаць усе, у тым ліку журналісты, былі пэўныя, што гэта — сапраўдны расстрэл дэманстрацыі.

Я спытала ў аднаго з камандзіраў, што гэта за выбухі? Ён спакойна адказаў: «Шумавая бомба. Нічога страшнага. Толькі моцны гук. Нешта кшталту пэтарды». Нягледзячы на выбухі й зьбіцьцё, людзі скандавалі: «Свабода! Свабода!». Дзяўчат і жанчын білі дубінкамі па галовах, па нырках. Больш за ўсё мяне ўразіла, што дробненькая дзяўчына, якую зьбіваў салдат, разьвярнулася й пачала біць яго маленькімі далонямі па шлеме. Ён моцна ўдарыў яе, кінуў на асфальт і пабег за кульгавым старым, які адыходзіў убок.

Жорсткасьць выклікала адваротную рэакцыю: людзі не разьбегліся. Яны скандавалі: «Ганьба! Фашысты! Лукашысты!» Салдаты адышлі на зыходную пазыцыю. Людзі кінуліся на дапамогу параненым. Алесь Цішук атрымаў некалькі ўдараў па галаве. Спачатку — дубінкай, потым — нагамі. З галавы цякла кроў. Было відаць, што ў яго страсеньне мозгу. Ён нікога не пазнаваў, махаў рукамі. Людзі яму казалі: «Мы свае. Яны адступілі». Але празь некалькі хвілінаў салдаты кінуліся затрымліваць людзей. Я бачыла, як чатырох чалавек, якія былі бліжэй да мосту, першымі атрымалі ўдары й цяпер ляжалі на асфальце, салдаты ўзялі за рукі, за ногі й кінулі ў аўтазак. Пасьля падбеглі да Алеся Цішука. Я схапіла салдата за руку: «Яго нельга кранаць. У яго чэрапна-мазгавая траўма. Скажы камандзіру, каб выклікаў сюды «хуткую». І толькі тады я ўбачыла, як салдат трасецца. Страх. Вось, што было прычынай жорсткасьці. Можна толькі здагадвацца, што салдатам тэрміновай службы вайсковай часткі №3416 казалі пра апазыцыянэраў. Відаць, салдаты былі ўпэўненыя, што на іх ідзе полк дывэрсантаў. У кожнага ў кішэнях, як мінімум, дзьве гранаты.

Я адчула, як нехта цягне мяне за заплечнік. Не магу разьвярнуцца, бо нехта ўчапіўся з усёй моцы. Рэзка павярнулася і ўбачыла хлопца гадоў васямнаццаці. Такі ж, як у салдата, перапалоханы погляд. Ён мне кажа: «Схавайце мяне. Дапамажыце». У той жа момант некалькі салдатаў схапілі яго й дзяўчынку, што была разам зь ім, і пацягнулі іх у аўтобус. Дзяўчынка закрычала. Я падбегла да іх і тонам настаўніцы матэматыкі зьвярнулася да салдатаў: «Паслухайце, вы ж ужо дарослыя. Супакойцеся! Вазьміце сябе ў рукі. Ужо амаль усё скончылася». А яны мне ў адказ, як школьнікі: «А чаго яны? Яны першыя пачалі».

Пад’ехалі «хуткія». Людзей павезьлі ў шпіталі. Куды адвезьлі тых чатырох, якіх непрытомнымі кінулі ў аўтазак, дагэтуль невядома. Невядомыя й іхныя прозьвішчы. На наступны дзень чую ў 100-м аўтобусе, мужчына кажа: «Гэта ж трэба! Апазыцыянэраў гэтых усіх пара да сьцяны ставіць. Пабралі з сабой бутэлькі, дымавыя шашкі — і давай кідаць у салдацікаў. Тыя ж ім ня могуць адказаць. Сілы ж няроўныя. Салдацікі цяпер у шпіталі параненыя. А апазыцыянэрам што зробіцца? У іх грошы амэрыканскія, зброя. Вось яны й нахабнічаюць».

Любоў Лунёва, Радыё Свабода
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG