Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сто дзён пасьля Плошчы: успаміны журналістаў. І.Карней


Радыё Свабода У аўторак 27 чэрвеня Радыё Свабода прэзэнтуе ў Інтэрнэце новую кнігу сэрыі “Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе” пра падзеі ў Менску пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году “Плошча. 19.03-25.03.2006”. Кнігу завяршаюць нататкі журналістаў “Свабоды”, якія працавалі на Плошчы. У іх ліку – Ігар Карней.

Як сутыкаюцца позіркі

Для ўсіх, улучна з журналістамі, хто тымі днямі хацеў патрапіць на Кастрычніцкую плошчу, яна пачыналася ўжо за сотню мэтраў, а то й пад зямлёй. Перад плошчай трэба было прайсьці «праверку». Кожнага разу, калі я выходзіў з мэтро, у падземным пераходзе міліцыянты выяўлялі неабыякавасьць да маёй невялікай паходнай сумкі — зазіралі — ці не нясу пратэстоўцам харчы. Гэтая працэдура была абавязковая для ўсіх. Цікава было назіраць за бабулькамі, якія ўсё ж праточваліся на плошчу, і ўжо там з запазухі даставалі пакункі з салам, хлебам, каўбасой, а то й місы зь яшчэ цёплымі катлетамі ды бульбяной кашай. Было ўражаньне, што міліцыянты хацелі замарыць жыхароў намётавага лягеру голадам, а бабулькі — уратаваць іх. Бабулькі перамаглі, можа таксама й таму, што спэцназаўцы саромеліся кідаць у «варанкі» сямідзесяцігадовых жанчын, як гэта яны рабілі з маладзейшымі.

«Гаўрошам» плошчы быў пяцігадовы Адасік. Ля ўнівэрсаму «Цэнтральны» бацькі напакоўвалі яму кішэні печывам, цукеркамі, і малы бег праз увесь пляц да намётавага лягеру, там «выгружаўся» й зноў вяртаўся да бацькоў. На маіх вачах хлопчык за гадзіну зрабіў некалькі ходак. Прабягаючы каля міліцыянтаў, ён заўзята выкрыкваў: «Жыве Беларусь!» Неўзабаве досьвед малога выкарысталі й дарослыя жанчыны. Нібыта бяз справы шпацыруючы па пляцы, яны падыходзілі да лягеру й, асьцярожна дастаўшы з кішэняў ці пачак цыгарэтаў, ці шакаляд, незаўважна перадавалі іх хлопцам з ачапленьня.

Каля намётаў усе тыя дні віравала жыцьцё. Людзі цягнуліся сюды, як да вогнішча ў сьцюдзёныя дні. Яны бачылі ў плошчы агеньчык надзеі на перамены. Пра гэта й вяліся размовы. А часам правакаваліся вострыя спрэчкі. 23 сакавіка лягер апынуўся нібыта ў падвойным коле абароны. Раптам на плошчу выйшаў вялікі натоўп вэтэранаў. Папярэдне праінструктаваныя ў Доме афіцэраў, што месьціцца тут непадалёку, сталага веку людзі ў паліто ўзору 1950-х ці ў нагавіцах колеру хакі пачыналі з правакацыйных размоваў пра сучасную моладзь, а завяршалі лаянкай. Да іх далучаліся й маладыя прыхільнікі Лукашэнкі з БРСМ.

На плошчы адбываліся й сапраўдныя драмы. Яшчэ раніцай 21 сакавіка сваёй актыўнасьцю зьвярнула на сябе ўвагу дзяўчынка гадоў 15-ці. У ейных руках быў, бадай, самы вялікі бел-чырвона-белы сьцяг, яна пастаянна нагадвала ўдзельнікам жывога ланцугу ачапленьня быць пільнымі й не пускаць на тэрыторыю лягеру «чужынцаў», распачынала скандаваць патрыятычныя лёзунгі. А ўжо наступнай раніцай заплаканую дзяўчынку цягнула праз увесь пляц маці. Адбіваць дачку ў роднай маці не выпадала, таму заставалася толькі спачуваць: дзеці зьбягаюць ад сямейнага дыктату, вельмі падобнага на дзяржаўны.

Ня ўсё проста было і ў самім лягеры. Некаторыя ягоныя жыхары не чакалі, калі па іх прыйдуць бацькі, самі аналізавалі, што адбываецца на плошчы, і нават пераглядалі свае пазыцыі. Гэтак 23 сакавіка група моладзі самахоць пакінула лягер. Такім чынам яны выказалі сваё стаўленьне да пасіўнасьці апазыцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта — А.Мілінкевіча і А.Казуліна. Моладзь тлумачыла: зь першых кантактаў з гэтымі палітыкамі стала зразумела, што тыя не гатовыя да радыкальных крокаў і не ўяўляюць, куды й як скіраваць энэргiю пратэсту. Адсутнасьць рэальных прапановаў з боку дэмакратычных лідэраў агаломшыла некаторых жыхароў намётавага лягеру, і яны абвінавацілі палітыкаў у «мяккацеласьці». Пераважна гэта былі менчукі. А вось тыя, хто прыехалі з рэгіёнаў краіны, заставаліся на плошчы да апошняга.

Увесь час даводзілася назіраць, як сутыкаюцца позіркі, вочы ў вочы, раўналеткаў — маладых людзей зь лягеру й апранутых у скураныя курткі супрацоўнікаў спэцслужбаў. Яны стаялі за некалькі крокаў адны ад адных. У пратэстоўцаў — з надзеяй, шырока расплюшчаныя вочы, у іхных апанэнтаў — прышчураныя, цынічна-пагардлівыя. Гэтыя позіркі холадна сутыкаліся й хутка разыходзіліся. Без надзеі на замірэньне ці хоць бы паразуменьне.

Ігар Карней, Радыё Свабода
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG